ЯРМО́ЛІН Васіль Дзмітрыевіч (? — паміж 1481 і 1485),

дойлід, скульптар. Паводле паходжання беларус. Працаваў пераважна ў Маскве. Быў купцом і падрадчыкам, узначальваў арцель маскоўскіх майстроў-будаўнікоў. З 1462 рэканструяваў каменныя сцены Крамля ад Баравіцкай брамы да Свібловай вежы; над Фролаўскай (цяпер Спаская) брамай надбудаваў царкву Афанасія, аздобіў іх каменнымі паліхромнымі рэльефамі з выявамі св. Георгія Перамаганосца (першае вядомае скульпт. ўвасабленне герба Масквы, захаваўся фрагмент) і Дзмітрыя Салунскага (не захаваўся). Аднавіў царкву Вазнясенскага манастыра ў Крамлі (паміж 1467 і 1469), будынкі 12 ст. ў г. Уладзімір. Рэстаўрыраваў Георгіеўскі сабор (12 ст.) у г. Юр’еў-Польскі. На Беларусі, мяркуюць, пабудаваў Троіцкую («Белую») царкву ў в. Чарэя Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Верагодны сааўтар т. зв. Ярмолінскага летапісу (канец 15 ст.), дзе прыведзены звесткі пра яго буд. дзейнасць, і ілюстратар Радзівілаўскага летапісу.

Літ.:

Раманаў Р. Няхай адкрываецца скрытае // Мастацтва. 2001. № 7.

Р.​Л.​Раманаў.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)