НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.

Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш. Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.​А.​Чаплыгін, савецкія С.​А.​Хрысціяновіч, А.​А.​Дарадніцын, Л.​І.​Сядоў, ням. Л.​Прандтль, Т.​Маер, англ. Дж.​І.​Тэйлар і інш.

На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.

Літ.:

Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;

Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.

Л.​Я.​Мінько.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРО́ (лац. Argentum),

срэбра, Ag, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 47, ат. м. 107,8682; адносіцца да высакародных металаў. Прыроднае С. складаецца з 2 стабільных ізатопаў; ​107Ag (51,35%) і ​109Ag. Самы пашыраны з высакародных металаў; у зямной кары 7∙10​−6% па масе. Трапляецца ў свабодным стане (Серабро самароднае) і ў выглядзе мінералаў (гл. Сярэбраныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці.

Бліскучы метал белага колеру, мяккі і пластычны, tпл 961,93 °C, 2167 °C, шчыльн. 10491 кг/м³. Мае найб. з усіх металаў цепла- і электраправоднасць, высокую адбівальную здольнасць (С., асаджанае ў вакууме на шкло, адбівае 95% бачнага святла). Хімічна мала актыўнае. У паветры не акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ў прысутнасці кіслароду ўзаемадзейнічае з серавадародам з утварэннем чорнага сульфіду Ag2S (вырабы з С. ў паветры цямнеюць). Раствараецца ў азотнай (утвараецца серабра нітрат AgNO3) і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах. З галагенамі ўтварае серабра галагеніды. Пры награванні ўзаемадзейнічае з халькагенамі, фосфарам, мыш’яком і вугляродам. Вядомы шматлікія комплексныя злучэнні С., у якіх каардынацыйны лік С. роўны 2, 3 і 4, напр., комплексныя цыяніды шчолачных металаў M​I(Ag(CN)2]. З інш. металамі ўтварае сплавы і шматлікія штэрметаліды. Атрымліваюць пераважна як пабочны прадукт пры перапрацоўцы свінцовых, цынкавых і медных руд. Выкарыстоўваюць у асн. для вырабу фота- і кінаматэрыялаў (30—40% усяго С., якое вырабляецца), сярэбрана-цынкавых акумулятараў для касм. і абароннай тэхнікі, люстраў (гл. Серабрэнне), як каталізатар у арган. сінтэзе; сплавы для вырабу прыпояў, кантактаў, элементаў рале і інш. у электратэхніцы і электроніцы, манет, ювелірных вырабаў, сталовага і хім. посуду, пламбіравання і пратэзавання ў стаматалогіі; калоідны раствор С. як бактэрыцыдны прэпарат (каларгол, пратаргол).

Літ.:

Малышев В.М., Румянцев Д.В. Серебро. 2 изд. М., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

спектры, якія ўзнікаюць пры выпрамяненні і паглынанні фатонаў свабоднымі ці слаба ўзаемадзейнымі атамамі (атамнымі газамі, парай невял. шчыльнасці). Лінейчастыя, складаюцца з асобных спектральных ліній, кожная з якіх адпавядае пераходу электрона паміж двума адпаведнымі ўзроўнямі энергіі атама.

Спектральныя лініі характарызуюцца пэўнымі значэннямі частаты ваганняў святла ν, хвалевага ліку ν/c і даўжыні хвалі λ=c/ν, дзе c — скорасць святла ў вакууме. Для найбольш простых атамных спектраў, якімі з’яўляюцца спектры атама вадароду і вадародападобных іонаў, месцазнаходжанне спектральных ліній вызначаецца па формуле: 1 λ = ν c = Eni − Enk hc = RZ2 ( 1 n2k − 1 n2i ) , дзе En — энергія ўзроўню, h — Планка пастаянная, R — Рыдберга пастаянная, Z — атамны нумар, n — галоўны квантавы лік. Спектральныя лініі аб’ядноўваюцца ў спектральныя серыі, адна з якіх (пры nk=2, ni=3, 4, 5) наз. серыяй Бальмера; адкрыццё яе ў 1885 дало пачатак выяўленню заканамернасцяў у атамных спектрах. Спектры атамаў шчолачных металаў, якія маюць адзін знешні электрон, падобны да спектра атама вадароду, але зрушаны ў бок меншых частот, колькасць спектральных серый павялічана, заканамернасці ў спектрах апісваюцца больш складанымі формуламі. Атамы, у якіх дабудоўваюцца dw- і f-абалонкі (гл. ў арт. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), маюць найб. складаныя спектры (многа соцень і тысяч ліній).

Тэорыя атамных спектраў заснавана на характарыстыцы электронаў у атаме квантавымі лікамі n і 1 і дазваляе вызначыць магчымыя ўзроўні энергіі. Вывучаны спектры вял. колькасці нейтральных і іанізаваных атамаў, расшчапленне спектральных ліній атамаў у магнітным (Зеемана з’ява) і ў электрычным (Штарка з’ява) палях. З дапамогай атамных спектраў вызначаецца састаў рэчыва (спектральны аналіз).

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскоп я. М., 1962;

Фриш С.Э. Оптические спектры атомов М.; Л., 1963;

Собельман И.И. Введение в теорию атомных спектров. М., 1977.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. valentia сіла),

здольнасць атама хім. элемента ўтвараць пэўную колькасць хімічных сувязяў з інш. атамамі. Паняцце «валентнасць» увёў англ. хімік Э.Франкленд (1853). Велічыня валентнасці атама хім. элемента вызначаецца колькасцю атамаў вадароду (прынята лічыць аднавалентным), якія ён далучае пры ўтварэнні гідрыдаў (злучэнні з вадародам). Напр., атам хлору далучае 1 атам вадароду (хлорысты вадарод HCl), атам кіслароду — 2 атамы (вада H2O), таму валентнасць хлору і кіслароду ў гэтых злучэннях адпаведна 1 і 2. Паняцце «валентнасць» атрымала развіццё ў квантава-хім. тэорыі хім. сувязі. Паводле гэтай тэорыі велічыня валентнеасці атама (спін-валентнасць) вызначаецца колькасцю электронных пар, якія фарміруюцца пры ўтварэнні хім. сувязяў паміж дадзеным і інш. атамамі за кошт абагульнення іх электронаў з няспаранымі спінамі. Электроны атама, якія могуць удзельнічаць у фарміраванні агульных электронных пар, наз. валентнымі (электроны вонкавых электронных слаёў). У атамах элементаў з недабудаваным перадапошнім слоем (напр., у атамаў жалеза Fe, марганцу Mn, вальфраму W) валентнымі могуць быць і некаторыя электроны гэтага слоя. Многія элементы маюць пераменную валентнасць (напр., у серавадародзе H2S, аксідах SO2 і SO3 валентнасць серы адпаведна 2, 4, 6).

Валентнасць вызначаецца толькі колькасцю кавалентных сувязяў. Для злучэнняў з іоннай сувяззю выкарыстоўваецца паняцце акіслення ступень, якая колькасна роўная валентнасці, але дадаткова характарызуецца дадатным ці адмоўным знакам. У комплексных злучэннях і іонных крышталях каардынацыйны лік атамаў (іонаў) перавышае велічыню спін-валентнасці, таму карыстаюцца паняццем каардынацыйнай валентнасці, якая колькасна роўная суме спін-валентнасці і колькасці атамаў (іонаў), дадаткова звязаных з валентнанасычаным атамам. Напр., у комплексным злучэнні гексафтораалюмінат (III) натрыю Na3[AlF6] спін-валентнасць атама алюмінію 3, ступень акіслення +3, але пры ўтварэнні злучэння з AlF3 і NaF атам валентнанасычанага Al дадаткова хімічна звязваецца з 3 іонамі F​−, таму каардынацыйная валентнасць алюмінію ў гэтым злучэнні 6. Гл. таксама Комплексныя злучэнні, Малекула, Крышталі.

Літ.:

Чаркин О.П. Проблемы теории валентности, химической связи, молекулярной структуры. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),

уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл. Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл. Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.​А.​Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.

Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м​1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл. Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.

Літ.:

Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1—4. М., 1969;

Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.

Э.​А.​Рудак.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).

П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст. асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.

У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.

На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн. т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс. т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн. т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн. м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн. т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.

А.​А.​Пінчук.

Здабыча паліва па відах на Беларусі
Нафта (уключаючы газавы кандэнсат), млн. т Газ натуральны, млн. м³ Паліўны торф (умоўнай вільготнасці), млн. т
1980 2,6 320 4,9
1985 2,0 224 4,8
1990 2,1 297 3,4
1995 1,9 266 3,1
1998 1,8 252 2,0

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГАРЭІ́ЗМ,

філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст. н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.

Т.​Л.​Адула.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

частка нацыянальнага даходу, якая паступае ў індывід. спажыванне тых, хто працуе па найму. Адрозніваюць намінальную З.п. (сума грашовых сродкаў, атрыманых работнікам за выкананне работы на працягу пэўнага перыяду часу) і рэальную З.п. (тая колькасць тавараў і паслуг, якую можна за яе набыць). У залежнасці ад спецыфікі працы прымяняюць пагадзінную [аплата праводзіцца па тарыфных стаўках (акладах) адпаведна колькасці працы] і здзельную сістэму З.п. (аплата па фактычнай выпрацоўцы прадукцыі па здзельных расцэнках). У большасці краін мінімум З.п. ўстанаўліваецца законам.

Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.п. — гэта сукупнасць узнагароджанняў у грашовай або (і) натуральнай форме, якія атрымлівае работнік за фактычна выкананую работу, а таксама за перыяды. што ўключаюцца ў рабочы час. Мінім. З.п. з’яўляецца асновай для вызначэння памераў рэсп. тарыфаў аплаты працы, пенсій, стыпендый, дапамог і інш. сац. выплат. У калектыўных дагаворах, пагадненнях можа быць прадугледжаны больш высокі памер мінім. З.п. Максімальны памер З.п. не абмяжоўваецца. Рэсп. тарыфамі аплаты працы з’яўляюцца месячныя тарыфныя стаўкі і службовыя аклады, якія вызначаюць узроўні аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў бюджэтных устаноў і арг-цый, а таксама наймальнікаў, якія карыстаюцца дзярж. датацыямі. Інш. наймальнікі, калі гэта прадугледжана калект. дагаворамі ці пагадненнямі, абавязаны выкарыстоўваць рэсп. тарыфы для дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў. Рэсп. тарыфы аплаты працы вызначаюцца ўрадам або інш. упаўнаважаным органам з удзелам прафсаюзаў. Аплата працы ажыццяўляецца, як правіла, на аснове тарыфных ставак (службовых акладаў), якія вызначаюцца ў калект. дагаворы або наймальнікам. На цяжкіх работах, работах са шкоднымі ўмовамі працы і работах у мясцовасцях з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі ўстанаўліваецца павышаная аплата працы.

Формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў устанаўліваюцца наймальнікам на аснове калект. дагавора, пагадненняў і працоўнага дагавора; работнікаў дзярж. бюджэтных устаноў — у парадку, які вызначаецца ўрадам; у вышэйшых дзярж. органах — устанаўліваюцца законам. Наймальнік у лік атрыманага ім прыбытку можа ўстанаўліваць работнікам узнагароджанне па выніках гадавой работы. Памер узнагароджання вызначаецца з улікам вынікаў працы работніка і працягласці бесперапыннага стажу работы ў дадзенага наймальніка. Работнікі маюць права на частку прыбытку прадпрыемства ў выпадках, прадугледжаных заканад. актамі або статутам прадпрыемства. З.п. падлягае індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для забеспячэння выплат належнай работнікам З.п., гарантыйных і кампенсацыйных выплат наймальнікі абавязаны ствараць рэзервовы фонд З.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),

рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.​Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.​Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.​Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.​Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст. муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.​Пушкіна і М.​Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.​Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.​Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.

Літ.:

тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;

Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;

Письма. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Орлова А.А. Труды и дни М.​П.​Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;

Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;

Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.​Мусоргского. Мн., 1971;

Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;

Добровенский Р.Г. Рыцарь бедный. Рига, 1986.

М.П.Мусаргскі. Мастак І.​Рэпін. 1881.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)