ФУР’Е́ (Fourier) Жан Батыст Жазеф [21.3.1768, г. Асер (Аксер), Францыя — 16.5.1830], французскі матэматык і фізік. Чл. Парыжскай АН (1817). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1829). Скончыў ваен. школу ў Асеры (матэм. адукацыю атрымаў самастойна), дзе і працаваў. У 1796—98 у Політэхн. школе ў Парыжы. З 1822 сакратар секцыі матэматыкі Парыжскай АН. Навук. працы па алгебры (сфармуляваў тэарэму пра лік сапраўдных каранёў алг. ўраўнення), дыферэнцыяльных ураўненнях і матэм. фізіцы. У працы «Аналітычная тэорыя цеплаты» (1822) выклаў тэорыю цеплаправоднасці, вывеў дыферэнцыяльнае ўраўненне цеплаправоднасці і для яго рашэння распрацаваў метад раздзялення пераменных (гл. Фур’е метад), прапанаваў формулы раскладання функцый на гарманічныя кампаненты (гл. Фур’е інтэграл, Фур’е пераўтварэнне, Фур’е шэраг), што дало пачатак стварэнню трыганаметрычных шэрагаў і распрацоўцы агульных праблем матэм. аналізу.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

Ж.Б.Ж.Фур’е.

т. 16, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)