ВАШЫНГТО́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1921—22,

па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Праходзіла ў Вашынгтоне з 12.11.1921 да 6.2.1922. Склікана па ініцыятыве ЗША, якія разлічвалі дамагчыся спрыяльнага для сябе вырашэння пытання аб марскім узбраенні і замацавання новых суадносін сіл імперыял. дзяржаў у Кітаі і ў бас. Ціхага акіяна. Удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія і Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і брыт. дамініёнаў. РСФСР як далёкаўсходняя краіна запрошана не была, не была дапушчана на Вашынгтонскую канферэнцыю дэлегацыя Далёкаўсходняй рэспублікі (прыбыла ў Вашынгтон у снеж. 1921).

Асн. дакументы Вашынгтонскай канферэнцыі: Дагавор чатырох дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі) пра сумесную абарону іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна. Адначасова прадугледжваў ліквідацыю англа-японскага саюза, чаго і дамагаліся ЗША. Дагавор пяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі) пра абмежаванне марскіх узбраенняў. Падпісваючы гэты дагавор, Вялікабрытанія пацвярджала сваю вымушаную згоду на адмову ад панавання на моры. Дагавор устанаўліваў пэўную прапорцыю гранічнага танажу лінейнага флоту дзяржаў-удзельніц. ЗША станавіліся першай дзяржавай паводле стратэг. перавагі ў гэтым рэгіёне, на другім месцы была Японія. Дагавор дзевяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Кітая) пра палітыку ў Кітаі абвяшчаў прынцыпы «роўных магчымасцей» у Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва ўсіх краін. Адпавядаў амер. палітыцы «адчыненых дзвярэй» і дазваляў ЗША як найбольш магутнай дзяржаве выцесніць сваіх канкурэнтаў з Кітая.

Рашэнні Вашынгтонскай канферэнцыі дапоўнілі Версальскі мірны дагавор 1919 і сталі састаўной часткай версальска-вашынгтонскай сістэмы міжнар. адносін.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІСЛАМІ́ЗМ,

ідэалогія і паліт. рух, накіраваны на аб’яднанне ўсіх мусульман свету. Як рэліг. канцэпцыя П. існуе з часу ўзнікнення ісламу (7 ст.), новы сэнс набыў у перыяд еўрап. экспансіі на Б. Усходзе ў канцы 19 ст. і стаў рэакцыяй мусульм. грамадства на ўварванне еўрап. цывілізацыі. У аснову ідэалогіі П. ляглі ідэі мусульм. салідарнасці рэфарматара ісламу Джэмаль-ад-дзіна аль-Афгані (1-я пал. 19 ст.). У канцы 19 — пач. 20 ст. П. пашырыўся ў мусульм. краінах Азіі і Паўн. Афрыкі. Пры султане Абдул-Хамідзе II [1876—1909] П. фактычна стаў дзярж. ідэалогіяй Асманскай імперыі. П. прытрымліваліся младатуркі. Паражэнне і распад Асманскай імперыі знясілілі пазіцыі П. Халіфацкі рух 1920-х г. у Індыі не атрымаў далейшага развіцця. Панісламісцкія канферэнцыі (Мекка, 1924; Каір, 1926; Іерусалім, 1931; Жэнева, 1935) паказалі арганізацыйную слабасць П. У гэты час П. сутыкнуўся з канкурэнцыяй інш. ідэалогій і паліт. рухаў (камунізм, панарабізм, мясц. нацыяналізм і г.д.). Пасля 2-й сусв. вайны пачалося ажыўленне П., які стаў неад’емнай ч. руху ісламскага фундаменталізму. Шэраг мусульм. краін (Саудаўская Аравія і інш.) садзейнічалі стварэнню міжнар. панісламісцкіх арг-цый. Ліга мусульм. свету (1962) аб’яднала няўрадавыя ісламскія арг-цыі. У 1969 створана Арганізацыя Ісламскай канферэнцыі, якая ажыццяўляе каардынацыю палітыкі і праграм эканам. супрацоўніцтва мусульм. дзяржаў.

Літ.:

Шарипова Р.М. Панисламизм сегодня: Идеология и практика Лиги исламского мира. М., 1986;

Левин З.И. Ислам и национализм в странах зарубежного Востока. М., 1988;

Landau J.M. The politics of panislam: Ideology and organization. Oxford, 1990.

У.​С.​Кошалеў.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),

1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.

2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.

Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.​Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял. сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.

Літ.:

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.

П.​У.​Сцяцко.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫУТО́ПІЯ,

плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.​Свіфта, Вальтэра, У.​Ірвінга, С.​Батлера, М.​Е.​Салтыкова-Шчадрына, Г.​К.​Чэстэртана, Г.​Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.​Замяціна («Мы»), О.​Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.​Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.​Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.​Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.​Лондана, К.​Чапека, А.​Франса, Р.​Брэдберы, А.​Азімава, І.​Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.

Літ.:

Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;

Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.

Г.​А.​Антанюк.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕХАЛУ́Ц,

міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.

Літ.:

Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;

Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛА́НКА»

(«Blitz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.​М.​Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.​Р.​Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс. мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНСЕРВАТЫ́ЗМ (ад неа... + кансерватызм),

кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.​К.​Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.​Рэйган, М.​Тэтчэр, Г.​Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і

сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.

Літ.:

Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;

Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг. М., 1986;

Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ. М., 1992.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)