ТОРФАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне торфу на лек. мэты; від гразелячэння. Як лек. сродак торф выкарыстоўваюць з 1-й пал. 19 ст. Лек. торфы складаюцца са згнілых расл. і жывёльных рэшткаў, валодаюць процімікробным, антыакісляльным, процізапаленчым, раназагойвальным і інш. дзеяннямі. Праводзіцца ў гразелячэбніцах. Выкарыстоўваецца пры захворваннях і выніках траўмаў апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, хваробах скуры, палавых органаў, дыхальнай сістэмы і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́НІКА (лац. tunica),

у старажытных рымлян від кашулі, спачатку шарсцяной, з 4 ст. н.э. — ільняной. Т. шылі з перагнутых на плячах полак даўжынёю да каленяў (мужчынскія) або да шчыкалатак (жаночыя), з выразам для галавы. Бакі сшывалі, пакідаючы адтуліны для рук (пазней прышывалі рукавы). Упрыгожвалі вышыўкай або тканым шлякам інш. колеру. Жанчыны на Т. з рукавамі надзявалі безрукаўную Т., мужчыны — тогу.

т. 16, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМА́Н (Pulicaria),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — У. звычайны (Р. vulgaris). Трапляецца на вільготных пясчаных лугах, водмелях і берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы лямцава-апушаныя, прамастойныя, галінастыя. Лісце чаргаванае, сядзячае, суцэльнае. Кветкавыя кошыкі паўшарападобныя, сабраныя ў агульнае мяцёлчата- або шчыткападобнае суквецце. Плод — сямянка. Лек., інсектыцыдныя расліны.

Уман звычайны.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІНО́,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання прыродных журавіннікаў. Пл. 640 га. Размешчаны на вярховым балоце Васільева. Азёрна-ледавіковая нізіна. Глебы тарфяна-балотныя (глыб. торфу 5,5 м, у сярэднім 2,46 м). Хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. Значны ўчастак высокаўзроставага (60—80 гадоў) шэраалешніка. Сустракаецца рэдкі атлантычна-еўрап. від — смалянка двухдомная.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́СТНАХТШПІЛЬ (ням. FastnachtspieI, літар. — масленічная гульня, ад Fastnacht масленіца + Spiel гульня),

від ням. нар. т-ра, разнавіднасць сярэдневяковага фарса. Узнік на аснове масленічных карнавальных інсцэніровак (быт. сцэны, звычайна анекдатычнага характару). У 14—16 ст. літаратурна апрацаваны, тэматыка пашырылася за кошт сюжэтных запазычанняў з твораў рыцарскай л-ры і інш. Асаблівае развіццё набыў у Нюрнбергу сярод удзельнікаў гуртка майстэрзінгераў. Лепшыя ўзоры створаны Г.Саксам.

т. 16, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ від люмінесцэнцыі, узбуджанай аптычным выпрамяненнем. Вылучаецца пасля заканчэння выкліканых святлом працэсаў рэлаксацыі і ўстанаўлення квазіраўнавагі.

Звычайна даўжыня выпрамененай хвалі большая за даўжыню хвалі ўзбуджальнага святла (правіла Стокса). Адносіны колькасці выпрамененых квантаў да колькасці паглынутых Ф. (квантавы выхад) вызначаюцца Вавілава законам. Для крышталефасфораў характэрна нелінейная залежнасць Ф. ад інтэнсіўнасці ўзбуджэння. Ф. выкарыстоўваецца ў люмінесцэнтных лямпах, для люмінесцэнтных аналізу, дэфектаскапіі і інш.

т. 16, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАСТАБІЛІЗА́ТАРЫ, святлостабілізатары,

від стабілізатараў палімераў. Дзеянне засн. на здольнасці паглынаць ультрафіялетавае выпрамяненне і гасіць узбуджаныя станы малекул палімера і інгрэдыентаў, якія ўваходзяць у кампазіцыю (т.зв. ультрафіялетавыя сорберы) і (або) інгібіраваць фотахім. дэструкцыю палімера. У якасці Ф. выкарыстоўваюць вытворныя бензафенону, саліцылавай к-ты і інш. Уводзяцца ў палімерны матэрыял на розных стадыях яго атрымання і перапрацоўкі або наносяцца на паверхню гатовага вырабу.

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРА́ДА (франц. charade літар. — балбатня, гаворка),

від літаратурнай, звычайна вершаванай, гульні-загадкі, у якой зашыфраванае слова адгадваецца па апісанні яго асобных складоў, літар ці частак гэтага слова з самаст. значэннем [напр., я — майка і Ямайка (востраў)].

У фальклоры амаль невядома. У пісьмовай л-ры Ш. былі папулярныя ў салоннай культуры 17—18 ст. Пашырана ў дзіцячай л-ры.

В.​П.​Рагойша.

т. 17, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЖАВЫ́ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляюцца жывёлы (коні, валы, вярблюды, буйвалы, аслы, мулы, алені, сабакі і інш.). Падзяляецца на колавы і санны. У Беларусі да 19 ст. гужавы транспарт быў асн. відам сухап. перавозкі пасажыраў і грузаў на далёкія адлегласці. Развіццё чыгуначнага і аўтатранспарту выцесніла гужавы транспарт. Цяпер яго выкарыстоўваюць пераважна ў сельскай мясцовасці для перавозак людзей і грузаў на невял. адлегласці.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́, андрэіды (Andreaeidae),

падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.

Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)