ТУ́НІКА (лац. tunica),

у старажытных рымлян від кашулі, спачатку шарсцяной, з 4 ст. н.э. — ільняной. Т. шылі з перагнутых на плячах полак даўжынёю да каленяў (мужчынскія) або да шчыкалатак (жаночыя), з выразам для галавы. Бакі сшывалі, пакідаючы адтуліны для рук (пазней прышывалі рукавы). Упрыгожвалі вышыўкай або тканым шлякам інш. колеру. Жанчыны на Т. з рукавамі надзявалі безрукаўную Т., мужчыны — тогу.

т. 16, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)