КРЫМІНА́ЛЬНА-ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. норм, што вызначаюць задачы, прынцыпы, кола ўдзельнікаў крымінальнага судаводства, іх правы і абавязкі; адна з галін права Рэспублікі Беларусь. Рэгламентуе ўсе стадыі крымін. судаводства: узбуджэнне крымін. справы, дазнанне і папярэдняе следства, адданне пад суд і суд. разгляд, перагляд прыгавораў, вызначэнняў і пастаноў, выкананне прыгавору. Асн. крыніца К.-п.п. — Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ВЫДАВЕ́ЦТВА БССР,

назва выдавецтва «Беларусь» у 1921—63.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,

асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАРАЎ (Валерый Іванавіч) (25.6.1950, г. Бугульма, Татарстан),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Канд. тэхн. н. (1987). Скончыў Уфімскі нафтавы ін-т (1974). У 1974—87 на працы ў галіне нафтагазаздабыўной прам-сці; у т. л. гал. інжынер — нам. ген. дырэктара вытв. аб’яднання «Беларусьнафта». З 1989 першы нам. ген. дырэктара, ген. дырэктар ВА «Беларусьнафта». З 1994 в.а. нам. прэм’ер-міністра, нам. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНАЯ СВАБО́ДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з пункту гледжання мытнага і валютнага права лічыцца за мяжой. Грузы, што пастаўляюцца на гэту тэрыторыю, не абкладаюцца мытнай пошлінай і інш. выдаткамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да замежных тавараў таксама не ўжываюцца меры эканам. палітыкі, а айчынныя тавары размяшчаюцца і выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з мытным рэжымам экспарту. М.с.з. ствараецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ КО́ДЭКС,

гл. ў арт. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,

адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар. эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам. збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.

М.​Е.​Заяц, В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (выканком) Савета дэпутатаў,

выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́Ў (Ігар Васілевіч) (н. 15.7.1948, г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. сацыёлаг і палітолаг. Д-р сацыялагічных н. (1990), канд. філас. н. (1983), праф. (1994). Прэзідэнт Бел. акадэміі сац. навук (з 1997). Скончыў Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1971), Мінскую вышэйшую парт. школу (1982). Працаваў у праектна-канструктарскіх установах. З 1984 лектар, нам. заг. ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. З 1991 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. З 1993 у Бел. ін-це інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (з 1995 нам. дырэктара, дырэктар). Дэп., старшыня Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1995—96). Дэп., нам. старшыні Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 1996. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, метадалогіі і методыкі сац. праектавання і прагназавання, міжнац. і канфесіянальных адносін у Беларусі.

Тв.:

Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Политические партии Беларуси: анализ, проблемы, прогнозы. Мн., 1997;

Молодежь Беларуси на пороге XXI в.: социол. анализ. Мн., 1997;

Беларусь на этапе социального перелома: социол. анализ. Мн., 1998.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫ СУД,

асноўнае звяно сістэмы агульных судоў у Рэспубліцы Беларусь. Уведзены Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 14.2.1995. Утвараецца ў раёне, горадзе абл. падпарадкавання, які не мае раённага падзелу, раёне ў горадзе. Складаецца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых вядзеннях. Пры наяўнасці 5 і больш суддзяў уводзіцца і пасада намесніка старшыні гэтага суда. Колькасць суддзяў для кожнага Р.с. ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь. Р.с. разглядае ўсе цывільныя, крымінальныя і адм. справы, за выключэннем спраў, што аднесены заканадаўствам да кампетэнцыі інш. судоў. У выпадках, прадугледжаных заканад. актамі рэспублікі, Р.с. разглядае матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучае і абагульняе суд. практыку, а таксама ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Старшыня Р.с. назначаецца Прэзідэнтам рэспублікі па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда тэрмінам на 7 гадоў. Правы і абавязкі старшыні Р.с. і яго намесніка вызначаны заканадаўствам. Да ўтварэння Р.с. яго функцыі ў 1917—94 выконвалі нар. суды.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)