ГРЫБ Мечыслаў Іванавіч

(н. 28.9.1938, в. Савічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Брат С.І.Грыба. Ген.-лейт. міліцыі (1992). Скончыў Львоўскае пажарна-тэхн. вучылішча (1959), БДУ (1967). З 1959 інспектар міліцыі Пліскага райвыканкома Віцебскай вобл. У 1962—81 у органах унутр. спраў Віцебска і Віцебскай вобл. З 1981 нач. Упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР, з 1985 нач. упраўлення ўнутр. спраў Віцебскага аблвыканкома. З 1990 нар. дэпутат Рэспублікі Беларусь, чл. Прэзідыума Вярх. Савета, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях нац. бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. У студз. 1994 — студз. 1996 Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Аўтар кн. «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «На гістарычным скрыжаванні» (1996).

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)