нормы права, якія рэгулююць прац. адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы, а таксама адносіны, звязаныя з прафес. падрыхтоўкай работнікаў па вытв-сці, дзейнасцю прафсаюзаў і аб’яднанняў наймальнікаў, вядзеннем калект. перагавораў, узаемаадносінамі паміж работнікамі (іх прадстаўнікамі) і наймальнікамі, забеспячэннем занятасці, кантролем і наглядам за выкананнем заканадаўства аб працы, дзярж.сац. страхаваннем, разглядам прац. спрэчак. Асн. крыніцы П.п. Беларусі зафіксаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Кодэксе законаў аб працы Рэспублікі Беларусь.
Працоўныя і звязаныя з імі адносіны, заснаваныя на ўдзеле (членстве у арг-цыях любых арганізац.-прававых форм, рэгулююцца нормамі П.п. Іншае (за выключэннем норм, якія пагаршаюць становішча членаў арг-цыі ў параўнанні з заканадаўствам аб працы) можа ўстанаўлівацца ў заснавальных дакументах і лакальных нарматыўных актах гэтых арг-цый. Да прац. і звязаных з імі адносін асобных катэгорый работнікаў (ваеннаслужачых, служачых дзярж. апарата і інш.) нормы П.п. прымяняюцца ў выпадках і межах, прадугледжаных спец.заканад. актамі, якія вызначаюць іх прававы статус. У сістэме галіны П.п. адрозніваюць агульную і асаблівую часткі. Агульная частка П.п. ахоплівае нормы, якія складаюць аснову для ажыццяўлення індывід.-прац. прававых адносін і датычаць працы ўсіх работнікаў (задачы галіны права, сфера дзеяння, крыніцы рэгулявання, суадносіны норм нац. і міжнар. права, асн.прац. правы і абавязкі і да т.п.). У асаблівую частку П.п. ўваходзяць нормы, якія рэгулююць канкрэтны змест прац. адносін, пэўныя яго бакі і элементы (нормы, якія рэгулююць асаблівасці ўзнікнення і спынення прац. дагавору, вызначаюць рэжым рабочага часу, часу адпачынку і да т.п.).
П.п. як навука і сістэма ведаў вывучае юрыд. прыроду адпаведных прававых норм і асн. рысы праваадносін, што ўзнікаюць на іх аснове, прынцыпы прававога рэгулявання і яго эфектыўнасць, гісторыю развіцця прац. заканадаўства, замежны вопыт рэгулявання адпаведных праваадносін, міжнар. прававыя акты аб працы, а таксама ажыццяўляе прагназіраванне далейшага развіцця галіны П.п. і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Януш) (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛпа задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),
буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс.км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. У межах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (21.5.1921, Масква — 14.12.1989),
расійскі фізік і грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1953). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969), Нац.АН ЗША (1973), Франц.АН (1981) і інш. Тройчы Герой Сац. Працы (1953, 1956, 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). У 1945—50 і з 1969 у Фіз. ін-це АНСССР, з 1950 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы памагн. гідрадынаміцы, фізіцы плазмы, кіравальным тэрмаядз. сінтэзе, фізіцы элементарных часціц, касмалогіі, тэорыі гравітацыі. Прапанаваў выкарыстоўваць мюонны каталіз для ажыццяўлення кіравальнай тэрмаядз. рэакцыі (1948). Выказаў ідэю магн. ўтрымання высокатэмпературнай плазмы (1950) і разам з І.Я.Тамам развіў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара. Прапанаваў прынцып стварэння выбухова-магн. генератара для атрымання звышмагутных магн. палёў і эл. токаў (1952). Выказаў ідэю лазернага абціскання плазмы (1961), гіпотэзу аб нестабільнасці пратона і выкліканай ёй барыённай асіметрыі Сусвету (1967). Адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы ў СССР (1953). У 1956—62 актыўна выступаў за абмежаванне выпрабаванняў ядз. зброі. З канца 1960-х г. адзін з лідэраў праваабарончага руху ў СССР. Пасля публікацыі на Захадзе арт. «Разважанні аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе» (1968) быў адхілены ад сакрэтных прац.За асуджэнне ўводу сав. войск у Афганістан пазбаўлены ўсіх дзярж. узнагарод і высланы ў г. Горкі (1980; вярнуўся ў 1986). Імем С. наз. малая планета. Дзярж. прэмія СССР 1953. Ленінская прэмія 1956. Нобелеўская прэмія міру 1975.
Тв.:
Мир, прогресс, права человека. Л., 1990;
Тревога и надежда. М., 1990;
Науч. труды. М., 1995;
Воспоминания. Т. 1—2. М., 1996.
Літ.:
Конституционные идеи Андрея Сахарова. М., 1990;
Андрей Дмитриевич: Воспоминания о Сахарове. М., 1990;
Гражданин мира (А.Д.Сахаров): Рекомендат. указ. лит. М., 1993;
Он между нами жил...: Воспоминания о Сахарове. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ КРАЙ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальналіберальнага, з сярэдзіны 1904 рэв.-дэмакр. кірунку, у 1905 трыбуна мясц. арг-цыі РСДРП. Выдавалася з 1(14).11.1902 да 8(21).12.1905 у Мінску на рус. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец М.Мысаўской, з 28.10.1905 выдавец В.Мысаўская, рэдактар І.Фацінскі. Узнікла на аснове пашырэння праграмы газ.«Минский листок». Выступала ў абарону сац.-паліт. і эканам. правоў працоўных, змагалася за дэмакратыю і нац. раўнапраўе. Інфармавала пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, крытычна асвятляла дзейнасць урада і мясц. улад.
Пад уплывам рэв. сітуацыі перайшла ад прапаганды ліберальных рэформ да радыкальнай крытыкі сац.-паліт. ладу Расіі. Перадрукоўвала або пераказвала Праграму РСДРП, артыкулы У.І.Леніна. За газетай быў наладжаны сакрэтны нагляд, на яе рэдактара і супрацоўнікаў ішлі даносы ў сталіцу. У ліп. 1905 Мысаўской быў арыштаваны, а выданне газеты прыпынена. Паводле Маніфеста 17 кастр. 1905 і пад уплывам рэв. руху ў Мінску газета адноўлена. Яна прапагандавала рэалістычныя і дэмакр. традыцыі ў мастацтве, рус. класічную л-ру, творчасць А.Пушкіна, М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, А.Чэхава, У.Караленкі, Л.Талстога, М.Горкага, Л.Андрэева, асвятляла тэатр. і муз. жыццё Мінска, друкавала ў пераказе даклады і дыскусіі на сходах Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, творы мясц. аўтараў (Д.Бохана, А.Пшчолкі, Я.Окуня і інш.). Мела рубрыкі «Кніжны агляд», «Навуковыя гутаркі». Апублікавала даследаванне Л.Аксельрод (пад псеўд. Артадокс) «Аб праблемах ідэалізму», нарысы Д.Мейчыка па гісторыі права, верш Я.Купалы «Мужык» — першы друкаваны твор паэта, нарысы і бел. легенды ў запісах К.Каганца, адзначала папулярнасць вершаў Цёткі (А.Пашкевіч) «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам».
Літ.:
Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг.Мн., 1970;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ),
Рэспубліка Саха (Якуція), Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на ПнУсх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс.км². Нас. 989 тыс.чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г.Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.
Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч.тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд.ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр.за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-растудз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 ммза год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласах пашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст.н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г.рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст.рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых папаліт. матывах былі беларусы Р.А.Васільеў, А.А.Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа пар. Калыма І.Дз.Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-тРСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял.Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.Я.Нікалаеў, з 2002 — В.А.Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.
Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн.т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд.кВт∙гадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс.м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс.т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш.Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр.ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства паПаўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.
Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.Кулакоўскага, А.Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як.сав. л-ры — П.Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.Эляй, А.Абагінскі (Кудрын), А.Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял.Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял.Айч. вайны (І.Нікіфараў, Л.Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.Яфімаў, І.Гогалеў). У 1960—90-я г.л-ра папоўнілася творамі П.Табурокава, М.Якуцкага, М.Габышава, С.Руфава, С.Тарасава, А.Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.Вольскі, С.Міхальчук, У.Правасуд, Я.Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст. пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.Данілаў, В.Пятроў, І.Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.Носава і І.Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.Раманаў, Г.Туралысаў, П.Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.Осіпаў, М.Лукін, В.Пятроў, Л.Габышаў, графікі Э.Сіўцаў, В.Васільеў, разьбяры па косці Дз.Нікіфараў, І.Мамаеў і інш.
Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як.нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як.нар. песні запісаў А.Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб.як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.Карнілаў, А.Скрабін, М.Жыркоў, З.Вінакураў. На як.муз. мастацтва паўплывалі Г.Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.Жырковым), М.Пяйко, Г.Грыгаран, С.Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.Лабанаў, А.Лыткіна, Н.Шапялёва, А.Ільіна, хар. дырыжор Ф.Баішава, балерына А.Сцяпанава. Працуюць Муз,драм.т-р імя П.Айунскага, муз.т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.
Літ.:
Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў паўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.
Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».
Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р.Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.
На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),
першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г.Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.Друманд у 1919—33; Ж.Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар.арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Літ.:
Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г.па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц.дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц.нац. элітамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.
П. ўзнікла каля 4—3 тыс.г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.
У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрыкпа вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-г. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.