КРЭЙН ((Crane) Стывен) (1.11.1871, Ньюарк, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 5.6.1900),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це г. Сіракузы. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам Л.Талстога, Э.Заля, Р.Кіплінга. Дэбютаваў цыклам замалёвак «Эскізы з жыцця». Супрацьстаяў пашыранаму ў амер. л-ры 19 ст. «ружоваму рэалізму», належаў да т. зв. разграбальнікаў бруду. У творах узнімаў вострыя сац. праблемы: жыццё гар. беднаты, лёс дзіцяці ў жорсткіх жыццёвых абставінах (аповесці «Мэгі, дзіця вуліц», 1893; «Маці Джорджа», 1896, і інш.), грамадз. вайна паміжамер. Поўднем і Поўначчу («Пунсовы знак доблесці», 1895). Майстар псіхал. навелы: «Пачвара», «Смерць і дзіця» і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Трэцяя фіялка» (1897), паэт. кніг «Чорныя вершнікі» (1895) і «Вайна добрая» (1899). Адзін з заснавальнікаў жанру ваен. рэпартажу ў амер. л-ры. Творам К. ўласцівы драматызм калізій, пластычнасць апісанняў, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый з імпрэсіянісцкімі.
Тв.:
Рус.пер. — Алый знак доблести. М., 1989;
Полн. собр. стихотворений. Чебоксары, 1994.
Літ.:
Васильевская О.В. Творчество Стивена Крейна. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЕ́ЦКІ АЛАТА́У,
горная сістэма на Пд Сібіры, у Краснаярскім краі і Кемераўскай вобл., паміж Кузнецкай і Мінусінскай катлавінамі. Утварае водападзел прытокаў р. Об — рэк Том і Чулым. Даўж. каля 300 км, шыр. 150 км. Складаецца з сістэмы нізкіх і сярэдневышынных гор, расчлянёных рэкамі. Найб.выш. 2178 м (г. Верхні Зуб на Пд), сярэдняя 1000—1200 м. Схілы хрыбта асіметрычныя: на ўсх. спадзістым схіле даліны рэк добра распрацаваны, на зах. стромкім схіле рэкі цякуць у вузкіх далінах з вял. нахілам, на іх шмат парогаў і шывер. Горы складзены з вапнякоў, кварцытаў, крамяністых і гліністых сланцаў пратэразою і ніжняга палеазою, прарваных шматлікімі інтрузіямі габра, дыярытаў, гранітаў і інш. Радовішчы карысных выкапняў: жал. і марганцавых руд, золата, храмітаў, баксітаў і інш. Клімат халодны і вільготны. На зах. схілах 600—800 мм ападкаў (макс. да 1500 мм), на ўсх. — 400—500 мм. Пераважае горная тайга (піхта, елка, кедр), з выш. 1300—1500 м — мохава-лішайнікавыя, хмызняковыя і камяністыя тундры. Характэрны гальцовыя паверхні з каменнымі россыпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАШКЕ́ВІЧ ((Kuraszkiewicz) Уладзіслаў) (н. 22.2.1905, г. Уладава, Польшча),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1948), Польскай АН (1967). Скончыў Львоўскі ун-т (1929). З 1936 праф. Люблінскага, з 1950 — Пазнанскага ун-таў. Навук. працы ў галіне славістыкі, польск. і ўсх.-слав. дыялекталогіі і гісторыі мовы. Даследаваў асаблівасці пераходных укр.-бел. і ўкр.-рус. гаворак: «З даследаванняў паўночна-ўкраінскіх гаворак» (1931), «Да пытання канчатка 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу -ті ў беларускіх і паўночна-рускіх гаворках» (1935), «Найважнейшыя моўныя з’явы ў гаворках паміж Бугам і Нарвай» (1939), «Усходнеславянскія мовы» (1954), «Нарыс усходнеславянскай дыялекталогіі» (2-е выд. 1963), «Беларускія і ўкраінскія тэндэнцыі ў гаворках наваколля Белавежскай пушчы» (1964), «Украінскія і беларускія дыфтонгі і іх рэдукцыя ў гаворках ад Сана да Нарвы» (1978), «Ненаціскныя галосныя о—е ў адносінах да дыфтонгаў і іх рэдукцыі ў беларускіх і ўкраінскіх дыялектах ад Нарвы да Сана» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміжвясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.
У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА АДНО́СІН,
раздзел логікі, які вывучае ўласцівасці выказванняў пра адносіны паміж аб’ектамі рознай прыроды. Элементарныя выказванні пра адносіны — выказванні віду akb, што значыць «аб’ект a знаходзіцца ў адносінах k да аб’екта b» (напр., «a брат b», «a цяжэй, чым b»). Адпаведна колькасці аб’ектаў, звязаных пэўнымі адносінамі, адрозніваюць двухмесныя (бінарныя), трохмесныя (тэрнарныя) і ўвогуле n-месныя (n-арныя) адносіны. Асабліва важнае значэнне маюць бінарныя адносіны пры дапамозе якіх вызначаюць такія важныя паняцці логікі і матэматыкі, як «функцыя», «аперацыя». Уводзячы для бінарных адносін аперацыі аб’яднання (сумы), перасячэння (здабытку) і дапаўнення, атрымліваюць «алгебру адносін»; ролю адзінкі ў ёй выконваюць адносіны эквівалентнасці (роўнасці, тоеснасці). Уласцівасці адносін эквівалентнасці — рэфлексіўнасць (для ўсякага x правільна, што xkx, г. зн. кожны аб’ект заходзіцца ў дадзеных адносінах да самога сябе); сіметрычнасць (з xky вынікае ykx, транзітыўнасць (з xky і ykz вынікае xkz). У сучаснай матэм. логіцы адносіны выражаюцца праз мнагамесныя прэдыкаты [напр., «Брат (a, b)», «Больш (a, b)»], таму Л.а. распрацоўваецца як частка логікі прэдыкатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,
бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс.чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Утвораны 2.8.1773 у складзе Магілёўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай, з 23.12.1796 да 27.2.1802 — у Беларускай (з далучэннем часткі Копыскага пав.), з 1807 — у Магілёўскай губ. (з аднаўленнем межаў 1777). З 1861 М.п. падзяляўся на 13 валасцей: Бялыніцкую, Вяйнянскую, Вендаражскую, Княжыцкую, Круглянскую, Нежкаўскую, Палыкавіцкую, Паўлавіцкую, Таўпечыцкую, Царковішчанскую, Цяцерынскую, Чарнаруцкую, Шклоўскую; меў 10 мястэчак: Буйнічы, Бялынічы, Галоўчын, Друцк, Княжыцы, Круглае, Круча, Цяцерын, Шапялевічы, Шклоў. Пл. каля 3425 км² (каля 300 тыс. дзесяцін). Нас. 120,5 тыс.чал. (1885). З 6.10.1919 па 10.8.1920 у М.п. уваходзілі Брадзецкая і Пагосцкая воласці Ігуменскага пав., з 4.5.1922 — Галянёўская, Радамская, Сухарэўская, Чавуская і Чэрнеўская воласці скасаванага Чавускага пав., з 27.6.1922 — Нічыпаравіцкая вол. Горацкага пав., з 14.2.1923 — Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская і Старабыхаўская воласці скасаванага Быхаўскага пав., 9.5.1923 — Даўгамохская воласць Чэрыкаўскага пав. Пасля ўзбуйнення валасцей у 1923 замест 24 іх засталося 15. 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Аршанскай, Калінінскай і Магілёўскай акругамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.
Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз.актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.
М.А.Караткевіч.
Магутнасць электрычная пераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.