у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур.вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée),
Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв.вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв.вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗНА́ЎСТВА,
галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч.вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГУШЭ́ЦІЯ, Рэспубліка Інгушэція,
у складзе Рас. Федэрацыі. Размешчана на Паўн. Каўказе. Пл. 3,6 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1997), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 83 чал. на 1 км². Жывуць інгушы, рускія, чэчэнцы, асеціны, украінцы, туркі і інш., а таксама больш за 100 тыс. бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Сталіца — г.Магас.
Прырода. І. займае цэнтр.ч.паўн. схілаў Вял. Каўказа. На Пн нізкагорныя Церскі і Сунжэнскі хрыбты (выш. да 664 м) і Алханчуртаўская даліна. У межах І. горы ўтвараюць сістэму паралельных хрыбтоў-куэстаў (Скалісты, Пашавы). На Пд заходзіць Бакавы хр. з вышэйшым пунктам г. Шан (4451 м). Паміж Пашавым і Бакавым хрыбтамі размешчана Тарская катлавіна. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць нафта і буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, у гарах халаднаватае, зіма мяккая, у гарах умерана халодная. Сярэдняя т-раліп. ад 24 °C у катлавінах да 8 °C у гарах, студз. адпаведна ад -3 °C да -10 °C. Гадавая колькасць ападкаў на нізка- і сярэднягор’ях 500—700 мм, на высакагор’ях да 1000—1200 мм. Гал.р. Сунжа (з прытокам Аса), пачынаецца з высакагорных ледавікоў, належыць да бас.р. Церак. Вада рэк выкарыстоўваецца для арашэння. На Пн буйны Алханчуртаўскі канал. Глебы ў паўн.ч. карбанатныя чарназёмы, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах да выш. 1800—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна бук, граб, дуб), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. У стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — драфа, дзікія качкі, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан. У гарах — куніца, буры мядзведзь, дзік, тур, казуля і інш.
Гісторыя. Першыя ўпамінанні пра інгушоў адносяцца да 7 ст. У час ранняга сярэдневякоўя б.ч. І. ўваходзіла ў склад дзяржавы Аланія. У 13 ст.тэр. І. пацярпела ад нашэсця мангола-татар, у канцы 14 ст. — войск Цімура. Першапачаткова — хрысціяне, у 2-й пал. 17 ст. інгушы прынялі іслам (суніцкага толку). У пач. 18 ст. пачаліся культ. і эканам. сувязі з Расіяй. У 1810 І. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (ч. інгушоў удзельнічала ў нац.-вызв. барацьбе народаў Каўказа, у т. л. ў Каўказскай вайне 1817—64). З 2-й пал. 19 ст. за племем галгай замацавалася этн. назва інгушы (ад аула Ангуш, або Інгуш). З 1921 у складзе Горскай АССР. 7.7.1924 утворана Інгушская аўт.вобл. у складзе РСФСР, у 1934 аб’яднана з Чэчэнскай аўт.вобл. ў Чэчэна-Інгушскую аўт.вобл., якая ў 1936 пераўтворана ў аўт. рэспубліку. У Вял.Айч. вайну вял. частка тэр. І. акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 у выніку сталінскіх рэпрэсій рэспубліка скасавана, а насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі і дэпартавана ў Сярэднюю Азію, Сібір і Казахстан. У 1957 нац. аўтаномія і правы інгушоў часткова адноўлены. На рэферэндуме ў снеж. 1991 97% інгушоў выказаліся за стварэнне незалежнай рэспублікі. У сак. 1992 пастановай Вярх. Савета Расіі ўтворана Інгушская Рэспубліка ў складзе Рас. Федэрацыі. У ліп.Вярх. Савет Расіі прыняў пастанову, паводле якой у склад І. ўвайшла тэр.б. Інгушскай аўт.вобл. (у межах да 1934), г. зн. зах. частка а б. Чэчэна-Інгушскай Рэспублікі і ўсх. частка Паўн. Асеціі. З кастр. 1992 пачаліся ўзбр. сутычкі паміж інгушамі і асецінамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў. У ліст. 1992 дэкрэтам прэзідэнта Рас. Федэрацыі ў І. аб’яўлена ваен. становішча і ўведзены войскі. У студз. 1993 заключана пагадненне з Паўн. Асеціяй, якое прадугледжвала раззбраенне ўсіх нелегальных фарміраванняў, што дзейнічалі на абодвух баках. На выбарах у лют. 1993 першым прэзідэнтам абраны Р.Аўшаў.
Гаспадарка. Пасля распаду Чэчэна-Інгушскай АССР (1992) на тэр. І. засталося менш за 10% асн.вытв. магутнасцей. Прам-сць сканцэнтравана ў гарадах Малгабек і Назрань. Асн. галіны прам-сці: нафта- і газаздабыўная, газаперапр., маш.-буд., харч., лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча нафты (з газавым кандэнсатам) 110 тыс.т (1996). Цэнтр здабычы нафты і газу, перапрацоўкі газу — раён г. Малгабек. Прадпрыемствы маш.-буд. (з-д электраінструментаў) і лёгкай прам-сці (трыкат.ф-ка) у г. Назрань. Харч.прам-сць уключае мукамольную, кансервавую, мясную, вінаробчую. Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена цагельнымі з-дамі. Будуюцца (1996) кандытарская ф-ка і домабуд. камбінат у г. Малгабек. С.-г. ўгоддзі займаюць 64% тэр. І. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (кукуруза, пшаніца, авёс, ячмень) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік) культур, садавіны, вінаграду і агародніны. Збор (тыс.т., 1995): збожжа — 80,2, агародніны — 7,8. Развіты мясная і малочная жывёлагадоўля (пагалоўе буйн. раг. жывёлы 49,1 тыс. галоў, 1995), танкарунная авечкагадоўля, птушкагадоўля. Па тэр. І. праходзяць чыг. Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарога Грозны—Беслан; нафтаправод Грозны—Туапсэ, газаправод Грозны—Уладзікаўказ. У г. Назрань будуецца міжнар. аэрапорт.
Літаратура інгушскага народа развіваецца з пач. 20 ст. Блізкасць моў, агульнасць фалькл. вытокаў і гіст. лёсаў інгушскага і чэчэнскага народаў абумовілі ўзаемасувязь іх л-р (гл. ў арт.Чэчэнская Рэспубліка). Складальнікам першага інгушскага алфавіта (на аснове лац. графікі) і зачынальнікам пісьмовай л-ры І. быў З.Мальсагаў (аўтар п’есы «Выкраданне дзяўчыны», 1923). У перыяд станаўлення пісьмовай л-ры пераважалі малыя жанравыя формы: вершы, нарысы, апавяданні (Х.Асміеў, Х.-Б.Муталіеў). Пашырэнне тэматычнага і жанравага дыяпазону выявілася ў л-ры, прысвечанай падзеям Вял.Айч.вайны. Творы антыфаш., патрыят. зместу стваралі Дж.Яндзіеў (у паэзіі), І.Базоркін (у драматургіі). Актыўнае развіццё л-ры пачалося ў пасляваен. гады (зб-кі паэзіі С.Азіева, А.Веджызева, Б.Зязікава, Яндзіева, кнігі прозы А.Бокава, М.-С.Пліева і інш.). Шырынёй ахопу гіст. падзей, актуальнасцю маральна-этычных, сац.-паліт. праблем вызначаюцца раманы С.Чахкіева («Залатыя слупы», 1965—66), Пліева («Цяжкі перавал», 1974), Бокава («Сыны Бекі», кн. 1—2, 1967—69; «Барвовыя зоры», 1974; «Зоркі між зорак», 1978), драм. творы Базоркіна, Чахкіева, А.Мальсагава і інш. У 1989 на бел. мове асобным выданнем выйшла аповесць А.Мальсагава «Прымі падарожніка, дарога!» ў пер. У.Марука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л.Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна. Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў,
горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс.ж. (1998).
Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн.Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл.Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс.ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс.ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл.Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс.ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.
Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл.Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл.Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.
Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.
Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.Да арт.Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.У цэнтры Мсціслава.Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.