АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,
месца значных гіст. падзей каля в.Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс.чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.
У Вял.Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп.сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),
атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.
Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р (Алесь) (сапр.Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.Александровічам і А.Вольным; зб.апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб.арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, «Германіі» Г.Гейнэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, М.Рыльскага, У.Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ, аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля», раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1959;
Вежа. Мн., 1984.
Літ.:
Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДЫЯ (Ireland),
востраў у складзе Брытанскіх а-воў, другі па велічыні пасля в-ва Вялікабрытанія. Большую ч. вострава займае дзяржава Ірландыя, на ПнУ — тэр. Вялікабрытаніі (Паўночная Ірландыя). Абмываецца Атлантычным ак., аддзелены ад в-ва Вялікабрытанія Ірландскім м. і пралівамі Паўночным і Св. Георга. Пл. 84 тыс.км². Працягваецца з Пн на Пд на 450 км, з 3 на У — каля 300 км. Нас. 3,5 млн.чал. (1993) у Ірландыі і 1,6 млн.чал. (1991) у Паўн. Ірландыі. Усх. берагі пераважна нізінныя, паўд. — мелкабухтавыя, зах. — парэзаны глыбокімі залівамі са шматлікімі прыбярэжнымі скалістымі астравамі У цэнтр. раёнах пераважаюць нізіны, на Пд і каля ўзбярэжжаў — глыбока расчлянёныя нізкагор’і і сярэднягор’і з найвыш. гарамі Керы (г. Карантуіл, 1041 м). Геал. будова б.ч. тэрыторыі І. прадстаўлена сістэмай брыт. каледанід і складзена з метамарфічных парод дакембрыю (крышт. сланцы, гнейсы, мігматыты, граніты) і неметамарфічных парод ніжняга палеазою (пясчанікі, сланцы, кангламераты, туфы). На ПнЗ і крайнім Пд развіты герцыніды дэвону і карбону (пясчанікі, кангламераты, сланцы, вапнякі і вугляносныя пароды). На ПнУ пашыраны мезазойскія марскія адклады і палеагенавыя платобазальты. Радовішчы поліметалічных руд, каляровых металаў, фасфарытаў, каменнага вугалю, вял. запасы торфу. Клімат умераны акіянічны. Сярэднія т-ры студз. 5—8 °C, ліп. 14—16 °C. Ападкаў 700—1500 мм, у гарах месцамі больш за 2000 ммза год. Густая сетка паўнаводных рэк (найб.р. Шанан), шмат азёр і балот. Тарфянікавыя і верасовыя пусткі, гаі з дубу, бярозы, хвоі. Вял.ч. тэрыторыі займаюць лугі. На землях, што пад ворывам, вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, бульбу. Рыбалоўства. Нац. паркі Гленвя, Кіларні. Некалькі рэзерватаў. Найб. гарады Дублін (Ірландыя) і Белфаст (Паўн. Ірландыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус. арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,
навуковая і культ.-асв.арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.М.Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.П.Поляк, А.А.Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.Ф.Карскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук.пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-тнар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш.навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва Weserübung вучэнне на Везеры),
баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Даніі і Нарвегіі 9.4—8.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Мела на мэце захоп на Пн Еўропы стратэг. плацдарма супраць Вялікабрытаніі, а ў перспектыве і супраць СССР. План аперацыі (распрацоўваўся герм. камандаваннем са снеж. 1939, зацверджаны А.Гітлерам 1.4.1940) прадугледжваў раптоўную высадку ў Даніі і Нарвегіі герм. марскіх і паветр. дэсантаў пры садзейнічанні гал. сіл ВМФ і 5-га паветр. флоту. 9 крас.герм. ландверная і паліцэйская дывізіі, марскія і паветр. дэсанты захапілі ўсе апорныя пункты Даніі. Дацкія армія (5 малалікіх дыв.) і флот паводле загаду ўрада капітулявалі. У Нарвегіі супраць 6 разрозненых дыв. дзейнічалі лепш абучаныя і ўзброеныя ням. войскі, якія ўжо 9—10 крас. малымі сіламі (каля 10 тыс.чал.) захапілі ўсе гал. парты краіны. Ва ўмовах пагрозы брыт. марскім камунікацыям на дапамогу нарв. арміі 14—17 крас. ў Цэнтр. і Паўн. Нарвегіі высадзіліся экспедыцыйныя саюзныя англа-франка-польск. войскі. Пасля капітуляцыі нарв. войск у цэнтры краіны (3 мая) асн. баі працягваліся ў раёне Нарвіка (Паўн. Нарвегія), але 5—8 чэрв. саюзныя войскі эвакуіраваліся ў сувязі з цяжкім становішчам у Францыі (гл.Французская кампанія 1940). У выніку Н.а. Германія страціла каля 5 тыс.чал., больш за 20 баявых караблёў, Нарвегія — каля 2 тыс.чал., некалькі караблёў, саюзнікі — каля 2 тыс.чал., 18 баявых караблёў і інш.; у Даніі і Нарвегіі сфарміраваны калабарацыянісцкія ўрады (у апошняй на чале з В.Квіслінгам). Сярод польск. вайскоўцаў і маракоў, што змагаліся за Нарвегію, былі ўраджэнцы Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ КЛУ́БЫ І РУ́ХІў СССР.
Існавалі ў 2-й пал. 1980-х г. — 1991 ва ўмовах радыкальнага рэфармавання краіны ў час перабудовы і сталі асновай будучай шматпарт. сістэмы. Першыя незалежныя ад улады самадзейныя групы ўзніклі восенню 1986. Яны не мелі афіц. статуса і ствараліся на аснове шырокага кола мэтаў і інтарэсаў (напр., нац.-культ. аб’яднанне «Талака» ў Мінску). Са студз. 1987 пасля спынення крымін. праследавання папаліт. матывах самадзейны рух імкліва палітызаваўся. У дыскусійных клубах «Перабудова» (Масква), «Дэмакр. перабудова» (Ленінград), «Сучаснік», «Світанак», «Тутэйшыя» (усе на Беларусі), Клубе сац. ініцыятыў, Федэрацыі сацыяліст. грамадскіх клубаў, ва Усесаюзным сац.-паліт. клубе «Абшчына» фарміраваліся групы будучых паліт. лідэраў, ішоў пошук новых ідэалаг. падыходаў. Масавай формай грамадска-паліт. руху сталі Нар. франты, першыя з якіх (Нар. фронт Эстоніі і літ.«Саюдзіс») узніклі вясной 1988. У чэрв. 1989 у Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту«Адраджэньне». Да восені 1989 нар. франты створаны ва ўсіх сав. рэспубліках. На працягу 1987—89 аформіўся рас. нац.-патрыят. рух, каля вытокаў якога былі Аб’яднаны савет Расіі, Саюз духоўнага адраджэння Айчыны, Правасл. манархічны ордэн-саюз. З мэтай каардынацыі дзеянняў і абароны ад «антыперабудовачных сіл» у 1987—88 заснаваны Ліга рас. кааператараў і прадпрымальнікаў, Асацыяцыя сумесных прадпрыемстваў, першыя паліт. арг-цыі — Партыя свабоды працы, Усерас. саюз «Абнаўленне», рух «Прадпрымальнікі за новую Расію». Масавы экалагічны рух прайшоў шлях ад выключна прафес. клубаў, фондаў і цэнтраў да палітызаваных «Сац.-эканам. саюза», «Руху за стварэнне Партыі «зялёных». Такім чынам у 2-й пал. 1980-х г. адбываўся працэс зараджэння протапартый на базе шматлікіх клубаў і рухаў. 1.1.1991 набыў сілу закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які заканадаўча замацаваў існаванне ў краіне шматпарт. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,
адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац.ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч.г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л.па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.