ДЭКА́РТ (Descartes) Рэнэ (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭОРЫЯ ІМАВЕРНАСЦЕЙ І МАТЭМАТЫЧНАЯ СТАТЫСТЫКА
Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне матэматыкі на Беларусі пачаліся ў 1974 з адкрыццём кафедры тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыкі ў БДУ (арганізатар Г.А.Мядзведзеў) і лабараторыі статыст. метадаў у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (арганізатары І.Г.Журбенка і М.Л.Пятровіч). Даследаванні вядуцца таксама ў Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкіНац.АН Беларусі, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, Мазырскім пед. ін-це, Бел.нац. тэхнічным ун-це. На развіццё даследаванняў значна паўплывалі расійскія вучоныя (школы А.М.Калмагорава, С.А.Айвазяна, Дз.М.Чыбісава).
У галіне лімітавых тэарэм устаноўлены ўмовы асімптатычнай нармальнасці сум залежных выпадковых велічынь з рознымі тыпамі перамешвання і атрыманы ацэнкі хуткасці збежнасці (М.М.Зуеў, М.Дз.Юдзін); вынікі абагульнены для шматмерных выпадковых велічынь (М.В.Лазаковіч, М.Дз.Юдзін), для выпадковых палёў (М.М.Зуеў), для гільбертавых прастор (Б.А.Залескі). У стахастычным аналізе распрацаваны метады рашэння нелінейных стахастычных дыферэнцыяльных ураўненняў (Г.А.Мядзведзеў, А.Дз.Ягораў), у т. л. з выкарыстаннем тэорыі інтэрпаляцыі аператараў (Л.А.Яновіч); пабудаваны і даследаваны абагульненыя стахастычныя дыферэнцыяльныя ўраўненні і інтэгралы (М.В.Лазаковіч). У матэматычнай і прыкладной статыстыцы вырашаны задачы адаптыўнага (рэкурэнтнага) статыстычнага ацэньвання параметрычных і функцыянальных характарыстык рэгрэсійнай мадэлі выпадковых працэсаў і палёў (Г.А.Мядзведзеў); распрацаваны тэорыя рабаснай (устойлівай да скажэнняў) статыстычнай класіфікацыі шматмерных назіранняў (Ю.С.Харын), асновы тэорыі рабаснага кластэр-аналізу (Я.Я.Жук), метады рабаснага статыстычнага прагназіравання часавых шэрагаў (Ю.С.Харын), асімптатычныя метады статыстычнага аналізу часавых шэрагаў (М.М.Труш), метады статыстычнага ацэньвання спектральнай шчыльнасці ўстойлівых выпадковых працэсаў (М.М.Дземеш, М.М.Труш), метады статыстычнага аналізу і распазнавання відарысаў (Б.А.Залескі), а таксама пакеты прыкладных праграм у галіне статыстычнага аналізу даных (М.С.Абрамовіч, М.Л.Пятровіч, М.Дз.Сцяпанава, Ю.С.Харын). У тэорыі масавага абслугоўвання распрацаваны асновы тэорыі замкнёных сістэм масавага абслугоўвання (Г.А.Мядзведзеў), тэорыя даследавання сістэм масавага абслугоўвання з кіравальным рэжымам функцыянавання (А.М.Дудзін); знойдзены ўмовы мультыплікатыўнасці (фактарызацыі) стацыянарнага размеркавання імавернасцей для сетак масавага абслугоўвання (Ю.У.Малінкоўскі); даследаваны сістэмы масавага абслугоўвання з групавымі маркаўскімі ўваходнымі патокамі (А.М.Дудзін, В.І.Клімянок), лакальныя вылічальныя сеткі (М.А.Маталыцкі, І.І.Хамічкоў), спецыяльныя сістэмы масавага абслугоўвання (А.М.Ціханенка). На аснове тэарэт. даследаванняў пабудаваны праграмныя комплексы і вырашаны шэраг практычных задач мед. дыягностыкі, кантролю якасці, праектавання і аптымізацыі камп’ютэрных сетак, апрацоўкі і аховы інфармацыі, прагназіравання ў эканоміцы. Апублікавана больш за 20 манаграфій, заснавана Бел. статыстычная асацыяцыя (1998).
Літ.:
Зуев Н.М. Предельные теоремы для слабозависимых случайных величин. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ЦВЁРДАГА ЦЕЛА
Сістэматычныя даследаванні па фізіцы цвёрдага цела на Беларусі пачаліся ў 1957 у Ін-це (да 1963 у Аддзеле) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі і ў БДУ пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты; вядуцца таксама ў Бел. педагагічным і тэхналагічным ун-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім, Віцебскім, Гродзенскім ун-тах, Ін-це тэхнічнай акустыкі Нац.АН Беларусі і інш. Даследуюцца праблемы хім. сувязі ў цвёрдых целах, атамна-электроннай структуры крышталёў, фазавых пераўтварэнняў, росту крышталёў, распрацоўкі новых магнітных, паўправадніковых, сегнетаэлектрычных, звышправодных, звышцвёрдых матэрыялаў і комплекснага вывучэння іх уласцівасцей, у т. л. пры высокіх цісках, нізкіх і высокіх тэмпературах, магутных магнітных палях, пры ўздзеянні іанізавальных выпрамяненняў і іонна-плазменных пучкоў.
Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблеме міжатамнага ўзаемадзеяння ў крышталях і дынаміцы крышталічнай рашоткі (М.М.Аляхновіч, Н.С.Арлова, І.А.Булат, Я.М.Галалобаў, Ц.Дз.Сакалоўскі, М.М.Сірата, А.У.Шэлег і інш.). Атрыманы значныя вынікі ў галіне сінтэзу звышцвёрдых матэрыялаў (алмаз, кубічны нітрыд бору) пры высокіх цісках (А.М.Мазурэнка, М.М.Сірата, В.Б.Шыпіла і інш.), тэрмадынамікі і кінетыкі фазавых пераходаў, тэорыі крышталізацыі, механізма ўтварэння крышталёў (М.М.Сірата), вырошчвання крышталёў (С.М.Барыла, Г.Л.Бычкоў, В.М.Варыкаш, А.П.Гесь, Л.Н.Марголін, П.А.Пупкевіч, М.С.Цэдрык і інш.). Выкананы даследаванні дыслакацыйнай структуры цвёрдых цел (М.С.Акулаў, Л.І.Гурскі, В.П.Севярдэнка, Э.І.Тачыцкі і інш.). Распрацоўваюцца рэнтгенаўскія дыфракцыйна-палярызацыйныя метады аналізу рэальных крышталёў (М.М.Аляхновіч, А.В.Пушкароў і інш.), метады іонна-плазменнага сінтэзу (У.П.Гольцаў, М.Т.Квасаў, У.В.Углоў, В.М.Хадасевіч і інш.), тэарэтычныя падыходы апісання фіз. уласцівасцей цвёрдых цел (У.М.Барздоў, В.С.Віхрэнка, У.С.Кузьмін, І.І.Наркевіч, Л.А.Рот, А.П.Сайко і інш.). Вядуцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ўзаемадзеяння іонных пучкоў з крышталямі і іоннай апрацоўкі матэрыялаў (В.М.Анішчык, Г.А.Гуманскі, С.І.Жукава, Ф.Ф.Камароў, І.С.Ташлыкоў і інш.), разлікі зоннай структуры крышталёў (В.Я.Барысенка, Н.М.Дарожкін, А.Ф.Равінскі і інш.). Даследуюцца высокатэмпературная звышправоднасць (А.І.Акімаў, Б.Б.Бойка, В.Я.Гусакоў, У.П.Новікаў, С.П.Прышчэпа, А.П.Сайко і інш.); матэрыялы, якія атрымліваюцца звышхуткай загартоўкай (В.І.Пракошын, В.Р.Шапялевіч і інш.); сегнетаэлектрычныя матэрыялы (А.І.Акімаў, М.М.Аляхновіч, Ю.І.Бохан, В.М.Варыкаш, Л.Н.Марголін, П.А.Пупкевіч, М.М.Сірата, М.С.Цэдрык, А.Ц.Шэлег і інш.); фізічныя ўласцівасці чыстых металаў і сплаваў пры нізкіх тэмпературах і магутных магнітных палях (В.І.Гасцішчаў, С.Я.Дзям’янаў, М.М.Сірата, В.Р.Собаль і інш.). Распрацоўваюцца метады атрымання плёнак алмазападобных мадыфікацый вугляроду (У.П.Новікаў, Э.І.Тачыцкі і інш.) і фулерытаў.
Літ.:
Олехнович Н.М., Комаров Ф.Ф. Физика твердого тела // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПАЎПРАВАДНІКОЎ
Першыя работы ў гэтай галіне на Беларусі пачаліся ў канцы 1930-х г. у БДУ (І.Р.Некрашэвіч), сістэматычныя даследаванні — у канцы 1950-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты і ў БДУ, крыху пазней — у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі; прыкладныя даследаванні вядуцца таксама ў навукова-даследчых структурах НВА «Інтэграл».
Распрацаваны фізічныя асновы тэхналогіі сінтэзу і вырошчвання монакрышталёў паўправадніковых злучэнняў A2B6, A3B5, A4B6; праведзены даследаванні іх уласцівасцей (У.І.Асінскі, Э.І.Балвановіч, І.В.Боднар, М.М.Корань, У.І.Леўчанка, Л.А.Макавецкая, М.М.Сірата). Вывучана размеркаванне электронных шчыльнасцей у крышталях і злучэннях крэмнію, германію, у антыманідах і арсенідах індыю, галію (М.М.Аляхновіч, Я.М.Галалобаў, М.М.Сірата, А.У.Шэлег). Распрацаваны метады атрымання святлодыёдаў на аснове паўправадніковых злучэнняў A3B5 (У.І.Асінскі, У.У.Міхневіч, М.М.Сірата). Створаны фотапрыёмнікі на аснове эпітаксіяльных плёнак злучэнняў A2B6, A4B6, A1B3C62 (В.Ф.Грамянок, У.І.Леўчанка). Распрацаваны метады нейтронна-актывацыйнага аналізу дамешкаў у паўправадніках і прыладных структурах (А.Р.Дутаў, Я.М.Лабанаў). Развіты навуковыя асновы радыяцыйнай фізікі паўправаднікоў і іонна-прамянёвых тэхналогій прыладных структур на іх аснове (У.Б.Аджаеў, Ф.Ф.Камароў, Ф.П.Коршунаў, П.В.Кучынскі, В.М.Ламака, П.Ф.Лугакоў, У.В.Пятроў, В.Дз.Ткачоў, А.Р.Чалядзінскі). Даследавана дзеянне нейтроннага, электроннага і гама-выпрамянення на ўласцівасці крышталёў крэмнію, арсеніду галію; прапанаваны метады павышэння радыяцыйнай устойлівасці паўправадніковых прылад і інтэгральных схем (Ю.У.Багатыроў, Г.В.Гатальскі, Ф.П.Коршунаў, М.Ф.Курыловіч, П.В.Кучынскі, В.М.Ламака, С.Б.Ластоўскі, П.Ф.Лугакоў, А.І.Макарэвіч, І.Г.Марчанка, Т.А.Прахарэнка, Л.Ю.Райнес, М.М.Сірата, У.Т.Трашчынскі). Распрацаваны магнітарэзанансныя, люмінесцэнтныя, п’езаспектраскапічныя метады дыягностыкі крышталёў крэмнію, германію, алмазу, злучэнняў A3B5 і A2B6 (Дз.С.Даманеўскі, А.П.Ермалаеў, А.М.Зайцаў, В.М.Ламака, Н.М.Лапчук, А.В.Мудры, Л.І.Мурын, М.А.Паклонскі, А.А.Патрын, В.Ф.Стэльмах, В.Дз.Ткачоў, Р.Р.Федарук, А.В.Юхневіч, А.М.Янчанка, В.Б.Яржамбіцкі). Даследаваны аптычныя і электрычныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў і квантавапамерных святловыпрамяняльных структур на іх аснове (С.В.Гапоненка, В.П.Грыбкоўскі, А.Л.Гурскі, В.К.Кананенка, Г.П.Яблонскі). Устаноўлены механізмы тэрмічнага і аптычнага адпалу іонна-імплантаваных слаёў крэмнію, вывучаны ўласцівасці тунэльных прыладных структур (І.І.Абрамаў, В.У.Баранаў, В.Я.Барысенка, А.П.Дастанка, Ф.Ф.Камароў, У.А.Лабуноў, У.А.Піліпенка, В.А.Сокал). Праведзены даследаванні лакалізацыі і міграцыі электронаў і фатонаў у паўправадніковых сістэмах з нізкапамерным структураваннем (У.М.Барздоў, В.Я.Барысенка, С.В.Гапоненка, В.П.Дабрэга, П.В.Жукоўскі, М.А.Паклонскі, В.Ф.Стэльмах, А.К.Фядотаў).
Літ.:
Коршунов Ф.П. Физика полупроводников // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭОРЫЯ ЗВЫЧАЙНЫХ ДЫФЕРЭНЦЫЯЛЬНЫХ УРАЎНЕННЯЎ
Асобныя даследаванні па гэтай галіне матэматыкі на Беларусі да 1956 вяліся ў БДУ і Мінскім пед. ін-це (М.І.Брыш, А.Дз.Мышкіс). Сістэматычныя даследаванні па тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў пачаліся ў 1950-я г. Ю.С.Багданавым і М.П.Яругіным, па тэорыі ўстойлівасці — крыху пазней Я.А.Барбашыным. Да 1970-х г. даследаванні былі сканцэнтраваны ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі і БДУ, у наш час вядуцца таксама ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Магілёўскім ун-тах. Стымулюючы ўплыў на развіццё даследаванняў зрабіў арганізаваны М.П.Яругіным у 1956 у Мінску ўсесаюзны (з 1992 Рас.АН) часопіс «Дифференциальные уравнения».
У апошнія тры дзесяцігоддзі актыўна развіваюцца аналітычная, асімптатычная і якасная тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыя ўстойлівасці і матэматычная тэорыя сістэм, тэорыя сістэм Пфафа. У аналітычнай тэорыі вырашана праблема Рымана ў фармулёўцы Лапо-Данілеўскага для двухмернай лінейнай сістэмы фуксава тыпу з 4 асаблівымі пунктамі яе матрыцы каэфіцыентаў; вылучаны класы нелінейных ураўненняў і сістэм з адназначнымі рухомымі асаблівасцямі; для нелінейных сістэм з мераморфнымі правымі часткамі знойдзены ўмовы існавання і метады пабудовы рашэнняў з вызначаным характарам паводзін у наваколлі асаблівых пунктаў; вывучаны аналітычныя ўласцівасці рашэнняў ураўненняў Пенлеве і ўраўненняў вышэйшых парадкаў з уласцівасцю Пенлеве (В.І.Громак, С.Р.Кандраценя, М.А.Лукашэвіч, І.П.Мартынаў, У.У.Цагельнік, А.І.Яблонскі, М.П.Яругін). У асімптатычнай тэорыі атрымалі развіццё ўсе асн. раздзелы тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова, у прыватнасці, вырашана праблема ўстойлівасці характарыстычных паказчыкаў, апісаны мноствы ніжніх Перана і раўнамерных Боля паказчыкаў; у метадзе замарожвання даказана дасягальнасць яго ацэнак, атрыманы розныя крытэрыі кіравальнасці характарыстычных паказчыкаў, уведзены паняцці, даследаваны ўласцівасці і прапанаваны алгарытмы вылічэння розных граніц паказчыкаў Ляпунова ўзбураных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў тэорыі ўстойлівасці па лінейным прыбліжэнні; даследаваны асімптатычна эквівалентныя сістэмы, сістэмы Копеля-Конты і Лапо-Данілеўскага, ураўненні Эмдэна—Фаўлера (Ю.С.Багданаў, Я.А.Барабанаў, І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, А.А.Левакоў, С.А.Мазанік, Я.К.Макараў, Р.А.
Прохарава, В.А.Рабцэвіч). У якаснай тэорыі атрымалі далейшае развіццё метады біфуркацыйнага аналізу, дакладнай ацэнкі колькасці лімітавых цыклаў, вылічэння фокусных велічынь і знаходжання ўмоў цэнтра, а таксама ізахроннасці цэнтра аўтаномных сістэм (У.В.Амелькін, А.П.Вараб’ёў, М.А.Лукашэвіч, В.Г.Раманоўскі, А.П.Садоўскі, Л.А.Чэркас, А.І.Яблонскі). Распрацаваны канструктыўныя метады пабудовы і даследавання перыядычных і амаль перыядычных рашэнняў лінейных і нелінейных неаўтаномных сістэм (А.К.Дземянчук, В.М.Лапцінскі, У.І.Міроненка). У тэорыі ўстойлівасці распрацаваны метады пабудовы функцый і функцыяналаў Ляпунова для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў з паслядзеяннем; вырашана частковая і ў некрытычным выпадку агульная задачы Ляпунова пра экспаненцыяльную ўстойлівасць па лінейным прыбліжэнні (Я.А.Барбашын, І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Л.Б.Княжышча). У тэорыі сістэм Пфафа вывучаны асімптатычныя ўласцівасці рашэнняў, будова характарыстычных і ніжніх характарыстычных мностваў лінейных сістэм Пфафа і іх рашэнняў; даказана поўная інтэгравальнасць сістэм Пфафа ў варыяцыях (У.В.Амелькін, І.В.Гайшун, Э.І.Груда, М.А.Ізобаў, М.В.Кажэра, Я.К.Макараў).
Літ.:
Гайшун И.В. Введение в теорию линейных нестационарных систем. Мн., 1999;
Яго ж. Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;
Gromak V.I., Laine I., Simomura S. Painleve Differential Equations in the Complex Plane. Berlin; New York, 2002; Изобов Н.А. Исследования в Беларуси по теории характеристических показателей Ляпунова и ее приложениям // Дифференциальные уравнения. 1993. Т. 29, № 12; Черкас Л.А. Функция Дюлака полиномиальных автономных систем на плоскости // Там жа. 1997. Т 33, №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗЕРНАЯ ФІЗІКА
Лазерная фізіка на Беларусі пачала развівацца ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава ў Ін-це фізікі АН Беларусі. Пазней даследаванні пачалі праводзіцца ў Ін-тах электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, БДУ, БПІ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах. У канцы 1970-х г. у ЦКБ БелОМА «Пеленг» пачаўся серыйны выпуск лазернай тэхнікі. У 1979 створаны Міжведамасны канструктарскі аддзел (цяпер дзярж. прадпрыемства «ЛЭМТ») для ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў Ін-та фізікі АН Беларусі ў вырабы БелОМА, у 1984 — Мінскае прадпрыемства унікальнага прыладабудавання АНСССР для тыражавання лазерных распрацовак ін-таў АН Беларусі. Вялікі ўклад у арганізацыю вытв-сці лазернай тэхнікі на Беларусі зрабілі М.А.Барысевіч і В.С.Буракоў.
У наш час фундаментальныя і прыкладныя даследаванні і распрацоўкі вядуцца таксама ў ін-тах малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, цепла- і масаабмену, фізіка-тэхнічным, доследным КБ «Аксікон» і Аддзеле аптычных праблем інфарматыкіНац.АН Беларусі, Міжнар. лазерным цэнтры, Бел.нац. тэхнічным ун-це, НДІ прыкладных фіз. праблем і НДІядз. праблем БДУ, у навукова-вытворчых фірмах «ЛОТІС ТII», «СОЛАР ТII», «СОЛАР ЛС», «Люзар», «Галаграфічная індустрыя» і інш.Бел. прадпрыемствы выпускаюць лазеры і лазерныя прылады шырокага прызначэння (для навук. даследаванняў, медыцыны, метралогіі, апрацоўкі матэрыялаў і інш.); значная частка іх рэалізуецца за мяжой.
З самага пачатку даследаванні і распрацоўкі бел. вучоных і спецыялістаў у галіне лазернай фізікі вяліся шырокім фронтам. У 1962 запушчаны першы на Беларусі лазер (В.А.Піліповіч); праводзіліся тэарэт. і эксперым. даследаванні, накіраваныя на высвятленне механізмаў работы лазераў і заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі, на стварэнне новых лазерных сістэм і эфектыўных метадаў кіравання іх характарыстыкамі, выяўленне і распрацоўку праблем практычнага выкарыстання лазернага выпрамянення ў навук. даследаваннях, медыцыне, біялогіі, электроніцы, апрацоўцы інфармацыі, метралогіі і інш. Навуковыя і прыкладныя вынікі абагульнены ў манаграфіях, а таксама склалі цыклы работ, аўтарам якіх прысуджаны Ленінская прэмія (М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў), 4 Дзярж. прэміі СССР (П.А.Апанасевіч, Б.В.Бокуць, Я.В.Івакін, В.А.Мастоўнікаў, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, К.М.Салаўёў, Б.І.Сцяпанаў — двойчы), 11 Дзярж. прэмій Беларусі (П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, А.А.Афанасьеў, У.М.Белы, Б.Б.Бойка, Б.А.Бушук, А.П.Вайтовіч, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, А.М.Ганчарэнка, В.П.Грыбкоўскі, І.М.Гуліс, Г.І.Жаўтоў, А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, М.С.Казак, В.А.Карпенка, С.Я.Кілін, У.А.Конанаў, В.А.Лапіна, В.В.Машко, У.А.Піліповіч, М.С.Пятроў, У.П.Радзько, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.М.Самсон, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Сяверыкаў, У.І.Томін, А.П.Чайкоўскі, А.П.Шкадарэвіч, Т.Ш.Эфендыеў).
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68;
Квантовая электроника и лазерная спектроскопия. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн.руб. у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.
Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл.Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.
На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел.тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).
Літ.:
Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;
Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁФІЗІКА І ЭЛЕКТРОНІКА
На Беларусі гэтыя навукі развіваюцца з часу адкрыцця ў 1922 у БДУфіз.-матэм. аддзялення. Выкананы работы ў галіне ўзмацнення і дэтэктыравання эл.-магн. ваганняў дэцыметровага дыяпазону (І.Р.Некрашэвіч, Я.Е.Сіроцін, Я.В.Сняткоў). Праведзены даследаванні па актуальных праблемах статыст. радыёфізікі, квантавай радыёфізікі, гідраакустыкі, вакуумнай і цвердацельнай электронікі (Л.В.Валадзько, У.В.Ізох, А.Н.Сеўчанка). Распрацаваны галаграфічныя метады ў радыё- і інфрачырв. дыяпазонах хваль (П.Дз.Кухарчык). Створаны сістэмы маніторынгу атмасферы і касм. аб’ектаў (М.І.Дзямчук, І.А.Малевіч). Развіты матэм. метады рашэння задач дыфракцыі на некалькіх целах (Я.А.Іваноў), метады тэарэм складання і тэорыя ўсярэдненых гранічных умоў у краявых задачах электрадынамікі (В.Ц.Ерафеенка), метады разліку калейдаскапічных структур (А.С.Рудніцкі).
У НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ распрацаваны метады і апаратура вылучэння і пераўтварэння інфармацыі ў хуткацякучым фіз. эксперыменце (У.У.Апанасовіч, П.Дз.Кухарчык, А.Ф.Чарняўскі), метады высокадакладнай дыстанцыйнай дыягностыкі стану прыродных і штучных аб’ектаў (Б.І.Бяляеў, Л.І.Кісялеўскі). Вядуцца работы па стварэнні звышмагутных чаранкоўскіх генератараў сантыметровага дыяпазону (В.К.Ганчароў, А.Ф.Чарняўскі).
У НДІ ядзерных праблем БДУ створаны новы тып шырокадыяпазонных лазераў на свабодных электронах з аб’ёмнай размеркаванай зваротнай сувяззю (У.Р.Барышэўскі, К.Г.Батракоў, І.Д.Феранчук), развіта строгая тэорыя электрадынамічных сістэм са стратамі (Р.Я.Сляпян), створаны асновы нелінейнай электрадынамікі кіральных карбонавых нанатрубак (С.А.Максіменка, Р.Я.Сляпян).
У Інстытуце электронікі Нацыянальнай АН Беларусі праведзены фундаментальныя даследаванні фотарэфрактыўных і вадкіх крышталёў для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч); распрацаваны метады і сродкі для высокаскарасной апрацоўкі вял. масіваў інфармацыі з выкарыстаннем шматканальных фотаэл. пераўтваральнікаў (А.К.Есман, У.А.Піліповіч), фотапрыёмнікі для валаконна-аптычных ліній сувязі ў дыяпазоне даўжынь хваль 1300—1550 нм з хуткадзеяннем 2 ГГц (Ю.С.Емяльяненка, С.А.Малышаў), вымяральны тэрмапераўтваральнік (А.М.Гавядзінаў, І.Л.Грыгарышын).
У Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай АН Беларусі выкананы даследаванні ў галіне фізікі тонкіх плёнак з мэтай выкарыстання іх у вырабах мікраэлектронікі (Л.І.Гурскі, В.П.Севярдэнка).
У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэорыя і метады канструявання ЗВЧ устройстваў на палоскавых хваляводах (С.І.Кавалёў), цвердацельных генератараў і памнажальнікаў (В.У.Мураўёў, В.Я.Савельеў), вакуумных генератараў ЗВЧ са знешняй дадатковай зваротнай сувяззю (М.І.Мінаеў). Развіта рэлятывісцкая нелінейная самаўзгодненая тэорыя ўзбуджэння адвольна-нерэгулярных электрадынамічных сістэм магутнымі электроннымі патокамі, праведзена аптымізацыя магутных электронных прылад ЗВЧ, а таксама прадказаны і даследаваны шэраг эфектаў і механізм выпрамянення рэлятывісцкіх электронных патокаў, якія даюць магчымасць стварыць новыя тыпы прылад з унікальнымі характарыстыкамі (А.А.Кураеў). Распрацаваны прынцыпы пабудовы ўзмацняльных устройстваў з вял. дынамічным дыяпазонам (Б.М.Багдановіч). Даследавана нелінейнае дынамічнае пераўтварэнне выпадковых працэсаў; на гэтай аснове распрацавана тэорыя прыёму сігналаў на фоне перашкод з выкарыстаннем нелінейнай фільтрацыі (В.А.Чардынцаў). Прапанаваны і абгрунтаваны прынцыпы пабудовы разнесеных радыёлакацыйных сістэм (В.Я.Авяр’янаў). Распрацаваны строгія метады рашэння задач дыфракцыі ў некаардынатных абласцях (А.В.Машынскі), высокаэфектыўныя нізкатэмпературныя тэхнал. працэсы мікраэлектронікі (А.П.Дастанка); новыя функцыянальныя элементы радыёфіз. устройстваў на аб’ёмных і паверхневых акустычных хвалях (В.М.Дашанкоў, М.М.Чыркін); валаконна-аптычныя сістэмы сувязі з характарыстыкамі, лепшымі, чым у замежных аналагаў (Я.В.Алішаў).
Літ.:
Высокочастотные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996;
Демчук М.И., Иванов М.А. Статистический одноквантовый метод в оптико-физическом эксперименте. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПЛАЗМЫ
На Беларусі даследаванні па фізіцы плазмы пачаліся ў канцы 1940-х г. пад кіраўніцтвам І.Р.Некрашэвіча на фізіка-матэм. ф-це БДУ і ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (вывучэнне працэсаў у зоне кантакту плазмы з металамі пры электрычных імпульсных разрадах і электрычным выбуху праваднікоў). Вывучалася прырода электрычнай дугі (А.А.Лабуда, І.Р.Некрашэвіч) і кандэнсаванага разраду ў капілярах (Г.В.Авечкін). З 1955 у Ін-це фізікі і матэматыкі АН Беларусі пачаліся даследаванні плазмы электрычных разрадаў як крыніц святла (дуга, імпульсны разрад, высакавольтная іскра) для спектральнага аналізу (В.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі).
Фізіка плазмы інтэнсіўна развіваецца з 1960, калі ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі была створана лабараторыя высокатэмпературнай оптыкі (заг. М.А.Ельяшэвіч). Вывучаюцца праблемы: распрацоўка метадаў атрымання плазмы ў шырокім дыяпазоне тэмператур, даследаванне працэсаў узаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, стварэнне оптыкаспектральных, лазерных і ЗВЧ-метадаў дыягностыкі плазменных утварэнняў і неабходнай для гэтых мэт апаратуры, развіццё шляхоў практычнага выкарыстання плазменных крыніц. Даследаваны спектральныя і выпраменьвальныя здольнасці паветра, азоту, вуглякіслага газу, аргону і іх сумесей для шырокага дыяпазону ціску і тэмператур, распрацаваны актыўныя і пасіўныя метады дыягностыкі плазменнай абалонкі касмічных апаратаў у лабараторных і натурных умовах (Дзярж. прэмія Беларусі 1974: В.С.Буракоў, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч). Выкананы цыкл работ па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992: В.К.Ганчароў, М.А.Ельяшэвіч, Л.Я.Мінько, Г.С.Раманаў, Ю.А.Станкевіч, А.М.Чумакоў). Вынікі аптычных даследаванняў магутных выбухаў абагульнены ў двухтомнай манаграфіі (Ленінская прэмія 1966 — М.А.Ельяшэвіч з калектывам рас. вучоных). З 1992 даследаванні па фізіцы плазмы атрымалі далейшае развіццё ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі. Прапанавана новая форма дугі пастаяннага току ў рэжыме фулерэнаўтварэння (У.Дз.Шымановіч). Створаны і вывучаны квазістацыянарны паскаральнік, які забяспечвае генерацыю высокаэнергетычных кампрэсійных плазменных патокаў, развіты галіны яго выкарыстання (В.М.Асташынскі). Распрацаваны метады і апаратура ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і лазерна-індуцыраванай флуарэсцэнцыі для вывучэння прасторавага і часавага саставу плазменных утварэнняў (В.С.Буракоў, С.М.Райкоў, М.У.Тарасенка). Вывучаны (разам з Фізікатэхн. ін-там імя А.Ф.Іофе Рас.АН) параметрычныя няўстойлівасці і распрацаваны новыя метады дыягностыкі плазмы, рэалізуемай у такамаках (В.І.Архіпенка, Л.В.Сімончык); на гэтай устаноўцы праведзена вызначэнне канцэнтрацыі атамаў вадароду і размеркавання дамешкаў у прысценачнай зоне (П.Я.Місакоў, М.У.Тарасенка).
З выкарыстаннем спец. плазменных установак у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі (г. Магілёў) распрацаваны і ўкаранёны методыкі вызначэння таксічных элементаў у прадуктах харчавання (А.Р.Непакайчыцкі). У Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі сканцэнтраваны даследаванні па плазмахіміі (А.І.Ясько), вывучэнні нераўнаважных працэсаў у малекулярных сістэмах, распрацоўцы адпаведнай апаратуры для гэтых мэт і практычных выкарыстанняў у малекулярных лазерах і інш. кірунках (С.А.Жданок, Р.І.Салаухін); прапанаваны і развіты метады спекл-фатаграфіі і спекл-інтэрфераметрыі (М.А.Фамін); створана серыя плазменных рэактараў для перапрацоўкі і сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў (А.Л.Масэ), атрымання ультра- і супертонкіх мінеральных валокнаў з выкарыстаннем плазмы (А.М.Лакцюшын). У Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі ўсебаковае вывучэнне ўзаемадзеяння газаразраднай плазмы з паверхняй электродаў стала асновай распрацоўкі шэрагу тэхнал. працэсаў электраэразійнай апрацоўкі металаў (У.А.Бакута, М.К.Міцкевіч, І.Р.Некрашэвіч). У Бел.нац.тэхн. ун-це даследуюцца працэсы ўзаемадзеяння плазмы з паверхняй кандэнсаванага рэчыва ва ўмовах магутнага імпульснага разраду (А.Г.Галавейка). У НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ высвятляецца роля дысперснай фазы ў плазме пры ўзаемадзеянні лазернага выпрамянення з матэрыяламі (В.К.Ганчароў). У Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэхналогіі іонна-плазменнага ўмацавання вырабаў электроннай тэхнікі, фарміравання плёнак крэмнію ў аптымальных умовах вытворчасці мікрасхем (А.П.Дастанка). Шэраг плазменных тэхн. працэсаў распрацаваны ў Бел. канцэрне парашковай металургіі (П.А.Віцязь, А.Ф.Ільюшчанка, А.У.Роман).
Літ.:
Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001;
Ильющенко А.Ф., Кундас С.П., Достанко А.П. Процессы плазменного нанесения покрытий: теория и практика. Мн., 1999;
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Киселевский Л.И., Морозов В.А. О роли лучистых потоков в разрушении металлов высокоскоростными импульсными струями // Журн. прикладной спектроскопии. 1970. Т. 12, вып. 3.