БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ІНФАРМА́ТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКІ.

Засн. ў 1964 як Мінскі радыётэхн. ін-т на базе радыётэхн. ф-та БПІ, з 1993 сучасная назва. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: камп’ютэрнага праектавання; інфарм. тэхналогій і кіравання; радыётэхнікі і электронікі; камп’ютэрных сістэм і сетак, тэлекамунікацый; эканамічны; вячэрняга навучання; завочнага навучання; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі; перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1964, дактарантура з 1988. Мае 36 лабараторый, спецыялізаванае канструктарска-тэхнал. бюро з доследнай вытворчасцю, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.

Заняткі ў лабараторыі шматканальных сістэм перадачы інфармацыі Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ІНФАРМА́ТЫКІ Нацыянальнай АН Беларусі.

Створаны ў Мінску ў 2002 з мэтай паглыблення даследаванняў па кібернетыцы, аўтаматызацыі, прыкладной матэматыцы, інфарматыцы і ўздзеяння перспектыўных інфарм. тэхналогій на ўсе сферы інфарматызацыі краіны і грамадства. У яго ўвайшлі Ін-т тэхн. кібернетыкі (існаваў з 1965), прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» і праграмна-каардынуючыя аддзелы былога н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» (існавала з 1996) Нац. АН Беларусі. Асн. навук. кірункі: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм, мадэліраванне тэхнал. працэсаў, лагічнае праектаванне дыскрэтных прылад; апрацоўка і распазнаванне сігналаў, відарысаў і вуснай мовы; геаінфарм. і лічбавыя картаграфічныя сістэмы, аўтаматызацыя картаграфічнай вытв-сці; камп’ютэрныя сеткі, базы даных і тэлематычныя дапасаванні; увод і вывад відэаінфармацыі; даследаванне аперацый і дыскрэтная аптымізацыя; прагназіраванне і прыняцце рашэнняў у надзвычайных сітуацыях; эрганоміка, бія- і медінфарматыка; ахова інфармацыі. У ін-це тры н.-д. аддзяленні (мадэліравання інтэлектуальных працэсаў; мадэліравання працэсаў фарміравання і распазнавання вобразаў; інфарм. тэхналогій і сістэм), 23 лабараторыі і аддзелы, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Ін-т ажыццяўляе функцыі галаўной арг-цыі па праграме фундаментальных даследаванняў па навук. асновах новых інфарм. тэхналогій, якая накіравана на развіццё інфарм.-вылічальных сістэм і сетак, метадаў сістэмнага аналізу, матэм. мадэліравання, выліч. і прыкладной матэматыкі і іх масавага выкарыстання ў розных галінах ведаў. Ін-т з’яўляецца вядучым у выкананні буйных навук.-тэхн. праграм: перадавыя інфарм. і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі; камп’ютэрныя тэхналогіі праектавання і вытв-сці новай прадукцыі; распрацоўка і асваенне ў серыйнай вытв-сці сям’і мадэлей высокапрадукц. выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай (кластэрных суперкамп’ютэраў «СКІФ») і стварэнне на іх аснове магутных прыкладных праграмна-апаратных комплексаў для машына- і прыладабудавання, медыцыны, дзейнасці банкаўскай сістэмы, метэапрагнозаў, рашэння трансп. і інш. навукаёмістых задач; распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій атрымання, апрацоўкі і адлюстравання касм. інфармацыі. З удзелам ін-та ствараецца Бел. касм. сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая дазволіць аператыўна вырашаць праблемы прыродакарыстання, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пытанні картаграфіі. Праведзены Першы бел. касм. кангрэс (28—30.10.2003), на якім абмеркаваны асн. кірункі развіцця касм. даследаванняў і тэхнікі ў Беларусі. З 2004 выпускае штоквартальны час. «Інфарматыка». Распрацаваныя ў ін-це сістэмы, метады, спосабы і сродкі адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1985 і Дзярж. прэміямі Беларусі 1978, 1986, 1998. За цыкл даследаванняў «Распазнаванне і аналіз стахастычных даных і лічбавых відарысаў» і ўкараненне важных прыкладных сістэм на іх аснове прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 2002 групе вучоных (С.У.Абламейка, Р.Х.Садыхаў, В.В.Старавойтаў, А.В.Тузікаў, Ю.С.Харын). У ін-це працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі С.У.Абламейка, А.​Дз.Закрэўскі; працавалі акад. В.С.Танаеў, чл.-кар. Г.К.Гаранскі, Е.С.Кавалёў, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎСЕ́НКА Аляксандр Яфімавіч (н. 3.12.1935, г. Нальчык, Кабардзіна-Балкарыя),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н., праф. (1988). Скончыў Таганрогскі радыётэхн. ін-т (1963). З 1971 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па метадах і сродках тэхн. дыягностыкі аб’ектаў складанай структуры, аўтаматызаваных сістэмах выпрабаванняў.

Тв.:

Аппаратурное и программное обеспечение управляющей вычислительной стойки для систем стендовых испытаний (разам з А.​А.​Пятроўскім) // Управляющие системы и машины. 1983. № 1.

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎРЭ́ІНАЎ Эдуард Уладзіміравіч (н. 13.6.1928, в. Сапажкі Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне інфарматыкі; адзін са стваральнікаў паралельнай тэхналогіі апрацоўкі інфармацыі. Чл. Міжнар. (1993) і Еўрап. (1999, прэзідэнт) акадэмій інфарматызацыі. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1972). Засл. дз. нав. Рас. Федэрацыі (1991). Скончыў Маскоўскі электрамех. ін-т (1950). У 1959—72 у Ін-це матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР, у 1977—93 у Маскоўскім тэхн. ун-це сувязі і інфарматыкі. З 1999 у Бельгіі. Навук. працы ў галіне інфарматыкі, дыскрэтнай матэматыкі, камп’ютэрных сістэм, лічбавага электроннага мадэліравання, аддаленага тэлекіравання, камунікацый. Ленінская прэмія 1957.

Тв.:

Применение электронных вычислительных машин в исследовании письменности древних майя. Т. 1—4. Новосибирск, 1961—69 (разам з Ю.​Г.​Косаравым, В.​А.​Усцінавым);

Распределенная обработка информации и распределенные вычислительные системы. М., 1983;

Информациология сред, структур и биокомпьютерных систем. М., 1996.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.У.Яўрэінаў.

т. 18, кн. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯКО́Ў Уладзімір Анатолевіч (н. 12.6.1950, г. Рыбінск, Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1972). З 1973 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па стварэнні інавацыйных сістэм кіравання і навучання, тэорыі інтэлектуальнага кіравання прамысл. аб’ектамі.

Тв.:

Системное обеспечение микроЭВМ. Мн., 1990 (разам з А.​А.​Пятроўскім);

Аппаратнопрограммные средства процессоров логического вывода. М., 1991 (разам з Дз.​Ю.​Буланжэ, А.​В.​Германам).

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯ́РАЎ Валерый Анатолевіч (н. 7.3.1950, г. Новасібірск, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Ульянаўскі політэхн. ін-т (1972). З 1972 у НДІ сродкаў аўтаматызацыі. У 1979—95 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1987 заг. кафедры). З 1995 за мяжой. Навук. працы па лагічным сінтэзе і аптымізацыі лічбавых устройстваў і сістэм. Распрацаваў графічную мову апісання, мадэлі і метады лагічнага праектавання рэканфігуравальных лічбавых устройстваў і сістэм.

Тв.:

Язык С​+ и объектно-ориентированное программирование: Справ. пособие. Мн., 1997.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч (н. 1.1.1953, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975). З 1975 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па праектаванні праблемна-арыентаваных электронных выліч. сродкаў для лічбавай апрацоўкі сігналаў у рэальным часе і іх выкарыстанні ў сістэмах апрацоўкі мовы, мультымедыя, медыцыне і вібраакустыцы.

Тв.:

Методы и микропроцессорные средства обработки широкополосных и быстропротекающих процессов в реальном времени. Мн., 1988;

Системное обеспечение микроЭВМ. Мн., 1990 (разам з У.​А.​Вішняковым).

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХА Уладзімір Сцяпакавіч (н. 6.3.1945, в. Хваставічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і аўтам. кіравання. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1996). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1967). З 1968 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па сістэмах і метадах апрацоўкі інфармацыі і аўтам. кіравання. Распрацаваў асновы мнагамерна-матрычнага падыходу да мадэліравання мнагамерных сістэм і працэсаў.

Тв.:

Многомерно-матричные полиномы Эрмита // Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1990. № 4;

Многомерно-матричная технология для полиномов Лягерра векторной переменной в вероятностных приложениях // Электромагнитные волны и электронные системы. 1998. Т. 3, № 4.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Аляксей Мікалаевіч (н. 17.12.1938, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1961) і Ленінградскі політэхн. ін-т (1966). З 1969 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Ін-це сучасных ведаў (заг. кафедры). Навук. працы па аўтаматызаваных сістэмах кіравання якасцю вырабаў мікраэлектронікі. Распрацаваў метады аператыўнага вызначэння ўзроўню надзейнасці і паскорана-фарсіраваных выпрабаванняў вырабаў мікраэлектронікі ва ўмовах вытв-сці.

Тв.:

Прогнозирование качества систем. Мн., 1976 (разам з У.​А.​Прахарэнкам);

Проектирование технических систем диагностирования. Л. 1982 (разам з Л.​П.​Глазуновым).

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛІК Вячаслаў Мікалаевіч (н. 23.10.1951, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1994—2001 заг. кафедры). Навук. працы па праектаванні і тэсціраванні лічбавых устройстваў ЭВМ і ахове інфармацыі. Распрацаваў метады праектавання саматэсціравальных выліч. структур і сістэмы аховы даных у сістэмах на крышталі і ў праграмным забеспячэнні.

Тв.:

Контроль и диагностика цифровых узлов ЭВМ. Мн., 1988;

Generation and Application of Pseudorandom Sequences for Random Testing. Chichester, 1988 (разам з С.​М.​Дземідзенкам);

Self-Testing VLSI Design. Amsterdam, 1993 (разам з І.​У.​Качаном).

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)