ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),
польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр.свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт.Нар. паэт Літвы (1945). Акад.АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж.т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РДСВАРТ, Уордсуарт (Wordsworth) Уільям (7.4.1770, г. Кокермут, Вялікабрытанія — 23.4.1850), англійскі паэт. Паэт-лаўрэат з 1843. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1791). Разам з С.Т.Колрыджам, Р.Саўці прадстаўнік т.зв. «азёрнай школы» (гл. раздзел Літаратура ў арт.Вялікабрытанія). Вядомасць прынесла паэма «Віна і смутак» (1783). Эвалюцыя філас.-рэліг. і маральна-этычных поглядаў адбілася ў вершаванай аўтабіягр. паэме «Прэлюд» (1799—1805, выд. 1850). Зб. «Лірычныя балады» (разам з Колрыджам, т. 1—2, 1798) паклаў пачатак рамантызму ў англ. л-ры. Простая мова, набліжаная да прозы, культ уяўлення, дэмакратызацыя тэматыкі высокай паэзіі (лёс простага чалавека, духоўны свет селяніна) — прынцыпы, якімі кіраваўся Вордсварт на працягу ўсёй творчасці. Узаемаадносіны чалавека, прыроды і Бога — гал. тэма філас. паэмы «Прагулка» (1814). Аўтар зб-каў «Вершы» (т. 1—2, 1807), «Біблейскія санеты» (1822), балад, памфлетаў. Пантэізм філас. і пейзажнай лірыкі Вордсварта зрабіў моцны ўплыў на амер. рамантыкаў (Р.У.Эмерсан, У.К.Браянт). Высокую ацэнку навацыям паэта даў А.С.Пушкін (арт. «Пра паэтычны стыль»).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи];
Сонеты // Поэзия английского романтизма. М., 1975.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Английский романтизм. М., 1978. С. 42—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́К (Вісарыён Сцяпанавіч) (24.11.1913, в. Шкілякі Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.8.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім пед. Ін-це (1933—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1961. Настаўнічаў у Дварэцкай (Чашніцкі р-н, 1933—36) і Мехаўскай (Гарадоцкі р-н, 1940—41) школах. У 1941—45 на фронце. З 1946 цяжка хварэў, каля 15 гадоў быў прыкаваны да ложка. Друкаваўся з 1957. Першая кн. апавяданняў «Не шукаю спакою» (1963). Пісаў пераважна для дзяцей: зб. «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забаў. Апрацаваў і пераклаў на бел. мову зб. «Напітак волатаў» (1969) — казкі народаў Паўн. Каўказа.
Тв.:
Горад без папугайчыкаў: Выбр.тв.Мн., 1983;
Лицо в полоску: Рассказы. Мн., 1967;
Мышки и мишки: Рассказы. Ставрополь, 1974.
Літ.:
Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),
польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,
помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр.свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш.бел. пісьменнікі.