ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),
органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМА́ЧЫК Іван Іванавіч (24.7.1951, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1998). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1974). З 1974 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, прафілактыкі і мерах барацьбы з туберкулёзам с.-г. жывёлы і птушак.
Тв.:
Микробактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з А.А.Саланенкам);
Праяўленне алергічных рэакцый у жывёлы ў залежнасці ад кратнасці ўвядзення туберкуліну і тэрмінаў уліку рэакцый // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1994. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПІЯ (Ruppia),
род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).
Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯРВЯ́ТНІКзвычайны
(Neophron percnopterus),
птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных, з групы грыфаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў разнастайных ландшафтах. Гняздуецца ў нішах скал. На Беларусі рэдкі залётны від.
Даўж. да 75 см, маса да 2,5 кг. Дзюба доўгая, тонкая. Пярэдняя ч. галавы і валляк голыя. На патыліцы чубок з падоўжаных пёраў. Афарбоўка белаватая, у маладых птушак бурая; махавыя пёры чорныя. Крылы доўгія, хвост клінападобны. Корміцца пераважна мярцвячынай, адкідамі. Адкладвае 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКАВА́ННЕ,
форма шлюбных паводзін птушак у перыяд размнажэння. Садзейнічае прывабліванню самак або самцоў, прывядзенню іх у стан гатоўнасці да спароўвання, спрыяе адбору найб. актыўных і дужых партнёраў. Выражаецца ў спевах, такавых палётах, позах, якія дэманструюць яркае пер’е, і інш., бойках, турнірах, будове несапр. гнёздаў. Найб. характэрна для самцоў палігамных відаў курападобных (цецерукі, глушцы, рабчыкі) і кулікоў. У манагамных відаў самец такуе каля самкі (напр., лебедзь); у паліандраў такуюць самкі (кулікі-плывунчыкі, каляровыя бакасы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́РЫ, горныя індыкі (Tetraogallus),
род птушаксям. фазанавых атр. курападобных. 5 відаў. Пашыраны на Каўказе, у Азіі. Жывуць на горных лугах да выш. 4000 м.
Даўж. да 70 см, маса да 3 кг. Апярэнне глініста-шэрае з дробнымі чорнымі плямкамі, на баках і шыі каштанавыя палоскі. Крылы шырокія. Ногі моцныя, у самцоў з кароткай шпорай. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, кветкамі, насеннем, цыбулінамі; птушаняты — насякомымі. Манагамы. Адкладваюць да 6, зрэдку да 12 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯНЁТЫ,
1) у беларусаў паляўнічыя сеткі для лоўлі звяроў і птушак. Звер натыкаецца на развешаную на калках сетку скідвае яе і заблытваецца ў ёй. На курапатак, перапёлак і інш. ставілі пераважна 2-сценныя Ц. (адна сетка з малымі вочкамі, другая — з вял.). Птушка ўдараецца ў густую сетку, набірае яе на сябе, праходзіць праз вочка рэдкай і ўтварае мяшок-пастку. Ц. выкарыстоўвалі да 20 ст. 2) У пераносным сэнсе Ц. наз. пастку для людзей і ўсё тое, што прыгнятае, перашкаджае свабодна дзейнічаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАКА́НЫ (Saxicola),
род птушаксям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць на лугах, лясных балотах, высечках, узлесках і інш. На Беларусі 2 віды: звычайны Ч. лугавы (S. rubetra) і рэдкі залётны Ч. чорнагаловы (S. torquata).
Даўж. да 20 см, маса да 19 г. Апярэнне Ч. лугавога зверху чорна-бурае, знізу рыжаватае, на крылах, над вачамі белая палоска. У Ч. чорнагаловага апярэнне галавы чорнае (адсюль назва). Нясуць да 7 яец. Кормяцца насякомымі.