ТАКАВА́ННЕ,

форма шлюбных паводзін птушак у перыяд размнажэння. Садзейнічае прывабліванню самак або самцоў, прывядзенню іх у стан гатоўнасці да спароўвання, спрыяе адбору найб. актыўных і дужых партнёраў. Выражаецца ў спевах, такавых палётах, позах, якія дэманструюць яркае пер’е, і інш., бойках, турнірах, будове несапр. гнёздаў. Найб. характэрна для самцоў палігамных відаў курападобных (цецерукі, глушцы, рабчыкі) і кулікоў. У манагамных відаў самец такуе каля самкі (напр., лебедзь); у паліандраў такуюць самкі (кулікі-плывунчыкі, каляровыя бакасы).

Такаванне 1 — жураўля антыгона; 2 — дзікага індыка; 3 — глушца.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)