СЦЯРВЯ́ТНІК звычайны

(Neophron percnopterus),

птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных, з групы грыфаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў разнастайных ландшафтах. Гняздуецца ў нішах скал. На Беларусі рэдкі залётны від.

Даўж. да 75 см, маса да 2,5 кг. Дзюба доўгая, тонкая. Пярэдняя ч. галавы і валляк голыя. На патыліцы чубок з падоўжаных пёраў. Афарбоўка белаватая, у маладых птушак бурая; махавыя пёры чорныя. Крылы доўгія, хвост клінападобны. Корміцца пераважна мярцвячынай, адкідамі. Адкладвае 1—2 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Сцярвятнік звычайны.

т. 15, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)