ЭКАЛАГІЧНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Асн. палажэнні канцэпцыі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сістэму экалагічнага заканадаўства ўваходзяць законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. дзярж. органаў. У нарматыўных прававых актах па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя змяшчаюцца нормы, якія рэгулююць пытанні: забеспячэння экалагічных правоў грамадзян; кіравання; эканам. механізму аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання; аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў; прававога рэжыму прыродных тэрыторый, якія падлягаюць асаблівай і спец. ахове, а таксама тэрыторый з дрэннай экалогіяй; аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання адходамі; экалагічнай бяспекі біятэхналогій; экалагічнай асветы і адукацыі; вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне патрабаванняў экалагічнага заканадаўства.

Прававое рэгуляванне дзярж. кіравання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання ажыццяўляецца на аснове законаў «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі ад 17.7.2002), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (у рэдакцыі ад 14.7.2000), дэкрэта Прэзідэнта «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» ад 14.7.2003, пастаноў Савета Міністраў «Аб дзяржаўных кадастрах прыродных рэсурсаў» ад 20.4.1993, «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, які ажыццяўляецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльнымі органамі» ад 21.6.2003, «Аб Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» ад 14.7.2003 і інш. нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак і ўмовы ажыццяўлення планавання, стандартызацыі і нарміравання, экалагічнай сертыфікацыі, прагназіравання, ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай і інш. дзейнасці, экалагічнай экспертызы, маніторынгу, уліку і вядзення кадастраў, ліцэнзавання ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. Парадак платы экалагічнага падатку рэгулюецца законам «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)» ад 23.12.1991.

Прававую базу для стварэння запаведнікаў, заказнікаў, нац. паркаў, помнікаў прыроды стварае Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (у рэдакцыі ад 23.5.2000), які вызначае катэгорыі і віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, асаблівасці дзярж. кіравання ў гэтай сферы, меры па ахове асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, абмежаванні гасп. дзейнасці ў іх межах, адказнасці за парушэнне заканадаўства. Прававы рэжым экалагічна небяспечных тэрыторый вызначаецца законамі: «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія былі падвергнуты радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 12.11.1991, «Аб ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару» ад 5.5.1998, «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» ад 5.1.1998, «Аб адходах» (у рэдакцыі ад 26.10.2000), «Аб санітарна-эпідэмічнай бяспецы насельніцтва» (у рэдакцыі ад 23.5.2000) і інш.

Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе міжнар. супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнар. права і міжнар. дагаворамі, ратыфікаванымі ва ўстаноўленым парадку: Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці (1979), Канвенцыя аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1991), Дэкларацыя Рыо-дэ-Жанейра па навакольным асяроддзі і развіцці (1992), Канвенцыя аб біял. разнастайнасці (1992), Рамачная канвенцыя аб змяненні клімату (1992), Пагадненне дзяржаў—членаў СНД аб узаемадзеянні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя (1992), Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя (1998) і інш.

Літ.:

Балашенко С.А., Демичев Д.М. Экологическое право. Мн., 1999;

Балашенко С.А., Макарова Т.И. Международно-правовая охрана окружающей среды и права человека. Мн., 1999;

Карпович Н.А. Реализация экологической функции государства в законодательной деятельности Парламента Республики Беларусь. Мн., 2000;

Балашенко С.А., Лаевская Е.В., Макарова Т.И. Право на благоприятную окружающую среду (как его защитить?). Мн., 2000.

І.​С.​Шахрай.

т. 18, кн. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,

здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.

У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл. Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл. Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.

Літ.:

Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1969;

Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр. М., 1972;

Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1982.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),

лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш.). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.​Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦУ́ЗСКАЯ КАМПА́НІЯ,

наступальныя дзеянні германскіх войск супраць Францыі 10.5—24.6.1940 у час другой сусветнай вайны 1939—45. Мэта — разграміць англа-франка-бельг. войскі, акупіраваць Нідэрланды, Бельгію, Люксембург, прымусіць Францыю да капітуляцыі, а Вялікабрытанію — да падпісання выгаднага для Германіі міру. Германія сканцэнтравала групы армій «Б», «A» і «Ц» (усяго 136 дывізій, 2580 танкаў, 7378 гармат, 3824 самалёты). Саюзныя войскі налічвалі 147 дывізій, каля 3100 танкаў, больш за 14 500 гармат, каля 3800 самалётаў. 10 мая ням. войскі, у парушэнне нейтралітэту Нідэрландаў, Бельгіі і Люксембурга; пачалі наступленне, і, скончыўшы т.ч. «дзіўную вайну», прарвалі фронт франц. войск на паўн. флангу, дзе буд-ва «Мажыно лініі» не было завершана. 14 мая капітулявала нідэрл. армія. 21 мая ням. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Ла-Манша і адрэзалі 50 дывізій саюзнікаў ад асн. сіл (гл. Дзюнкеркская аперацыя 1940); акружаныя войскі былі эвакуіраваны ў Англію. 28 мая капітулявала бельг. армія. Ням. войскі пайшлі ў глыб Францыі і 14 чэрв. без бою занялі Парыж. 22 чэрв. Францыя капітулявала. У выніку Германія акупіравала Нідэрланды, Бельгію, Люксембург і ч. Францыі. У абарончых баях на тэр. Францыі прымалі ўдзел грамадзяне Польшчы, у т. л. беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Страты франц. войск склалі 84 тыс. чал. забітымі і 1,5 млн. палоннымі (у баях з ням. войскамі на «Мажыно лініі» загінула некалькі дзесяткаў беларусаў). Ням. войскі страцілі 44 тыс. чал. забітымі і прапаўшымі без вестак і 111 тыс. параненымі.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939-1945. Т. 3. М., 1974;

Ратиани Г.М. Конец Третьей республики во Франции. М., 1964;

Грыбоўскі Ю. Беларускія салдаты на заходніх франтах Другой сусветнай вайны // Армия. 2001. №4.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці,

праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш. Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш. ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл. Партызанская зона).

П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл. Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў у шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял. Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр. СССР — Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.

У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл. Тэрарызм).

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свекла.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ЖАЕ,

цэнтральная эстэтычная катэгорыя для вызначэння дасканалых з’яў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва. У якасці эстэт. каштоўнасці П. ўключае таксама ісціну і дабро ў канкрэтна-вобразнай, асабістай выяўленасці. У сістэме дыялектычнай логікі П. інтэрпрэтуецца як гарманічнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў быцця і мастацтва, усеагульнага і асаблівага, грамадскага і асабістага ў жыцці. У тых аб’ектах эстэт. ацэнкі, дзе духоўнауніверсальнае рэзка пераважае над матэрыяльна-асабістым, П. ўзвышаецца да ўзнёслага і гераічнага (гл. Гераізм), адваротнае парушэнне раўнавагі пераводзіць П. ў камічнае або агіднае і нізкае. Вылучаюцца 3 аспекты П. — псіхалагічнае ўспрыманне, мастацкае ўвасабленне і тэарэт. асэнсаванне ў эстэтыцы і крытыцы.

Ідэалам П. ў ант. цывілізацыі была мера і гармонія, адзінства красы, дабра і карысці — т.зв. калакагатыя. У хрысц. мастацтве П. — духоўнае пераўтварэнне быцця, пераход П. ва ўзнёслае і трагічнае. Ням. класічная эстэтыка раскрыла спецыфіку П. як мэтазгоднасці без утылітарнай мэты (І.​Кант), пачуццёва-вобразнага выяўлення духоўнага пачатку ў быцці і мастацтве (Г.​Гегель). Пазітывісцкая эстэтыка акцэнтуе ўвагу на псіхалогіі П. як пераменнай і адноснай каштоўнасці. Народнікі крытэрыем П. лічылі сац. і эстэт. ідэалы прац. народа. Празмерная сацыялагізацыя П. характэрна для марксісцка-ленінскай эстэтыкі.

На Беларусі ў гісторыі маст. культуры ўсведамленне П. як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў нар. творчасці. У 12—18 ст. арыгінальна выявіліся канцэпцыі П. сярэдневяковага, рэнесансавага, барочнага тыпаў, класіцызму і Асветніцтва. Нац. адраджэнскі ідэал П. як гармоніі нац. і універсальнага, прыроды і культуры, чалавека і грамадства абгрунтавалі пачынальнікі і класікі бел. л-ры 19—1-й пал. 20 ст. (гл. Літаратура).

Літ.:

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Яго ж. Основные эстетические категории. Мн., 1974;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Яго ж. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 10—12;

Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Там жа. 2000. № 7—12.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАГІКАМЕ́ДЫЯ,

драматычны твор, у якім спалучаюцца характэрныя рысы трагедыі і камедыі. У аснове — своеасаблівае трагікамічнае светаадчуванне, якое звязана з пачуццём адноснасці Крытэрыяў жыцця і ўключае разнастайныя, часам процілеглыя тэндэнцыі. Жанравыя межы не акрэслены, абавязковым з’яўляецца пачуццё адноснасці крытэрыяў ацэнкі аўтарам і персанажамі жыццёвых рэалій. Трагікамічнасць светаадчування ўласціва нар. творчасці, у прафес. л-ры на розных этапах гіст. развіцця яна праяўлялася спарадычна.

У антычнасці пад тэрмінам Т. разумелася ўсякае парушэнне жанравай чысціні трагедыі ці камедыі. Як жанр у еўрап. л-рах з’явілася на мяжы 16—17 ст., калі сфарміраваліся яе асн. жанравыя ўласцівасці: спалучэнне ў межах аднаго твора смешных (за выключэннем фарсавых) і сур’ёзных (у т. л. патэтычных) момантаў пры шчаслівай развязцы канфлікту; перапляценне «ўзвышаных» рэліг. сюжэтаў з быт. камізмам іх асэнсавання; двайны зыход сітуацый (пакаранне зла — узнагарода дабрачыннасці); змешванне ўзвышаных і камічных характараў і інш. У 2-й пал. 17 ст. эстэтыка класіцызму размежавала трагедыю і камедыю. У Далейшым Т. амаль знікла. Адрадзілася ў канцы 19 ст. («Геда Габлер» і «Дзікая качка» Г.​Ібсена, «Крэдыторы» і «Саната прывідаў» А.​Стрындберга, «Тры сястры» А.​Чэхава і інш.). У 20 ст. Т. пачала распрацоўваць праблематыку трагедыі.. Яшчэ больш замацавалася практыка збліжэння трагічнага і камічнага (творы Ф.​Дзюрэнмата, Э.​Іанеска, Т.​Уільямса і інш.).

На Беларусі Т. вядома з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага і інш.) у форме, прамежкавай паміж трагедыяй і камедыяй. Больш глыбока трагікамічныя калізіі выявіліся ў творах пач. 20 ст. («Васількі» А.​Паўловіча, «Жартаўлівы Пісарэвіч» М.​Гарэцкага, «Тутэйшыя» Я.​Купалы і інш.). Вял. ўклад у распрацоўку жанру Т. ў бел. драматургіі зрабіў А.​Макаёнак. У яго творах трагікамічнае дапаўняецца, як правіла, сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна»).

Літ.:

Борев Ю. Комическое... М., 1970;

Дземидок Б. О комическом...: Пер. с пол. М., 1974.

С.​С.​Лаўшук.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),

галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.

Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.

У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВт∙гадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн. кВт∙гадз электраэнергіі (1995).

В.​М.​Сасноўскі.

Да арт. Гідраэнергетыка. Чарвакская ГЭС на р. Чырчык у Узбекістане.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)