матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл.Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).
Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн.прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.
Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.
Літ.:
Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,
на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 21,5 тыс.чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п.Вялікая Бераставіца, р.п.Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.
Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб.р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс.га, з іх асушана 7,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в.Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в.Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ (Георгій Канстанцінавіч) (1.12.1896, в. Стралкоўка Калужскай вобл., Расія — 18.6.1974),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1943), чатыры разы Герой Сав. Саюза (1939, 1944, 1945, 1956), Герой Манголіі (1969). У арміі з 1915, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1930 камандзір 2-й кав. брыгады 7-й дывізіі (штаб у Мінску), у 1933—37—4-й кав. дывізіі імя К.Варашылава (базіравалася ў Слуцку), 3-га кав. корпуса (штаб у Мінску). У 1938—39 нам. па кавалерыі каманд. войскамі Бел. асобай ваен. акругі. У 1939 камандаваў сав.-манг. групоўкай у час канфлікту з Японіяй на р. Халхін-Гол. З 1940 каманд. войскамі Кіеўскай асобай ваен. акругі. У студз.—ліп. 1941 нач. Генштаба, нам. наркома абароны СССР. З 23.6.1941 чл. Стаўкі Вярх. Галоўнакаманд., са жн. 1942 1-ы нам. наркома абароны СССР і нам.Вярх. Галоўнакамандуючага; камандаваў Рэзервовым, Ленінградскім, Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтамі. Адзін з кіраўнікоў абароны Ленінграда, Масквы і разгрому ням.-фаш. войск пад Масквой. Каардынаваў дзеянні франтоў у Сталінградскай бітве 1942—43, у час прарыву блакады Ленінграда, Курскай бітве 1943 і бітве за Дняпро 1943, у Беларускай аперацыі 1944. Камандаваў 1-м Бел. фронтам у Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Берлінскай аперацыі 1945, падпісаў за сав. бок акт аб капітуляцыі Германіі 8.5.1945 у Карлсхорсце (каля Берліна). 24.6.1945 прымаў Парад Перамогі ў Маскве. У 1945—46 каманд.сав.акупац. войскамі і гал.нач.Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі, адначасова (сак.—чэрв. 1946) галоўнакаманд. сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1946 каманд. войскамі Адэскай, з 1948 Уральскай ваен. акруг. З 1953 1-ы нам., у 1955—57 міністр абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1941—58. У 1958 зняты з усіх пасад і адпраўлены ў адстаўку. Аўтар кн. «Успаміны і роздум» (т. 1—3, 10-е выд., 1990). Імем Ж. названа малая планета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,
сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.Ларусам сумесна з О.Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) і «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).
Публ.:
Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр.М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці цэлых, рацыянальных і алг.лікаў, іх сувязі з інш. лікамі (ірацыянальнымі, трансцэндэнтнымі).
Паняцце цэлага ліку, а таксама арыфм. аперацый над лікамі вядома са стараж. часоў і з’яўляецца адной з першых матэм. абстракцый. Натуральныя лікі распадаюцца на 2 класы: простыя лікі, якія маюць 2 натуральныя дзельнікі (адзінку і самога сябе), і састаўныя лікі — усе астатнія. Уласцівасці простых лікаў і іх сувязь з натуральнымі вывучаў Эўклід (3 ст. да н.э.). Вывучэнне размеркавання простых лікаў прывяло да стварэння алгарытмаў (напр., рэшата Эратасфена) для атрымання табліц такіх лікаў. Пытанні цэлалікавых рашэнняў рознага віду ўраўненняў (гл.Дыяфантавы ўраўненні) разглядалі Эўклід, Піфагор, Дыяфант і інш. Шэраг адкрыццяў у тэорыі дыяфантавых ураўненняў і ў тэорыі, звязанай з падзельнасцю цэлых лікаў належыць П.Ферма (гл.Ферма вялікая тэарэма, Ферма малая тэарэма). Вывучэнне ірацыянальных лікаў паставіла задачу іх набліжанага вылічэння з дапамогай рацыянальных лікаў, што спрыяла ўзнікненню тэорыі дыяфантавых набліжэнняў. Адкрыццё трансцэндэнтных лікаў вылучыла шэраг праблем пра крытэрыі трансцэндэнтнасці, класіфікацыю трансцэндэнтных велічынь і інш. Вырашэнне праблем Л.т. патрабуе ўдасканалення і стварэння новых матэм. паняццяў, метадаў, напр., імкненне даказаць тэарэму Ферма прывяло ням. матэматыка Э.Кумера (19 ст.) да стварэння асноў алг. Л.т. (тэорыя ідэалаў), вывучэнне размеркавання простых лікаў спрыяла развіццю тэорыі аналітычных функцый (Б.Рыман, Ж.Адамар; 19 ст.). Л.т. цесна звязана з многімі раздзеламі матэматыкі (алгебра, тапалогія, матэм. логіка, тэорыя функцый, тэорыя імавернасцей), што прыводзіць да яе сінтэзу з інш.матэм. навукамі (р-адычныя лікі, лакальны аналіз, тэорыя алг. функцый).
На Беларусі даследаванні па Л.т. пачаты ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.Г.Спрынджука і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ, Бел.агр.тэхн., Гродзенскім і Магілёўскім ун-тах. Вырашаны шэраг праблем у тэорыі трансцэндэнтных лікаў, метрычнай Л.т., дыяфантавых ураўненнях.
Літ.:
Спринджук В.Г. Метрическая теория диофантовых приближений. М.,1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,
астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв.пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.
У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п. лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.
Літ.:
Малые планеты. М., 1973;
Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.
А.М.Коратцаў.
Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЕ́ВІЧ (Янка) (Іван Уладзіміравіч; н. 29.10.1938, в.Малая Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Канд.філал.н. (1971). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у выд-вах. З 1968 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». Адначасова ў 1987—97 выкладаў у БДУ. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры, фальклор. Увёў у навук. ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, М.Арла, З.Верас, Т.Гардзялкоўскай, А.Зязюлі, К.Лейкі, Г.Леўчыка, Ф.Шантыра, У.Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П.Дземідовіча, Р.Зянькевіча, Ч.Пяткевіча, М.Федароўскага і інш. Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліягр. даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кн. «М.Гарэцкі; Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А.Лісам), зб-кі Г.Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н.Ляшковіч), М.Арла «Лірнік» (1991), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рус. мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбр. творы Я.Чачота «Свіцязь» (1999), зб-кі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літ.-маст. каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001). На бел. мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л.Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кн. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В.Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л.Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж.Ф.Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г.Шупенькам) і інш. У 1979—88 адзін з вядучых тэлечасопіса «Роднае слова». Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;
Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12.
Літ.:
Трыгубовіч В. Легла песня на душу // Так мы жывём. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (21.5.1921, Масква — 14.12.1989),
расійскі фізік і грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1953). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969), Нац.АН ЗША (1973), Франц.АН (1981) і інш. Тройчы Герой Сац. Працы (1953, 1956, 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). У 1945—50 і з 1969 у Фіз. ін-це АНСССР, з 1950 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па магн. гідрадынаміцы, фізіцы плазмы, кіравальным тэрмаядз. сінтэзе, фізіцы элементарных часціц, касмалогіі, тэорыі гравітацыі. Прапанаваў выкарыстоўваць мюонны каталіз для ажыццяўлення кіравальнай тэрмаядз. рэакцыі (1948). Выказаў ідэю магн. ўтрымання высокатэмпературнай плазмы (1950) і разам з І.Я.Тамам развіў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара. Прапанаваў прынцып стварэння выбухова-магн. генератара для атрымання звышмагутных магн. палёў і эл. токаў (1952). Выказаў ідэю лазернага абціскання плазмы (1961), гіпотэзу аб нестабільнасці пратона і выкліканай ёй барыённай асіметрыі Сусвету (1967). Адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы ў СССР (1953). У 1956—62 актыўна выступаў за абмежаванне выпрабаванняў ядз. зброі. З канца 1960-х г. адзін з лідэраў праваабарончага руху ў СССР. Пасля публікацыі на Захадзе арт. «Разважанні аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе» (1968) быў адхілены ад сакрэтных прац. За асуджэнне ўводу сав. войск у Афганістан пазбаўлены ўсіх дзярж. узнагарод і высланы ў г. Горкі (1980; вярнуўся ў 1986). Імем С. наз.малая планета. Дзярж. прэмія СССР 1953. Ленінская прэмія 1956. Нобелеўская прэмія міру 1975.
Тв.:
Мир, прогресс, права человека. Л., 1990;
Тревога и надежда. М., 1990;
Науч. труды. М., 1995;
Воспоминания. Т. 1—2. М., 1996.
Літ.:
Конституционные идеи Андрея Сахарова. М., 1990;
Андрей Дмитриевич: Воспоминания о Сахарове. М., 1990;
Гражданин мира (А.Д.Сахаров): Рекомендат. указ. лит. М., 1993;
Он между нами жил...: Воспоминания о Сахарове. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА КАНГРЭ́СА (The Library of Congress) у Вашынгтоне, нацыянальная бібліятэка ЗША. Адна з буйнейшых б-к свету. Засн. 24.4.1800 як даведачная для патрэб кангрэса, паступова ператварылася ў нац.ін-т. Пасля 2-й сусв. вайны буйная універсальная бібліятэчна-інфарм. сістэма, у складзе якой: заканад.б-ка і гал. даследчы цэнтр кангрэса ЗША; публічная б-ка; урадавая для абслугоўвання выканаўчых і суд. органаў; агенцтва па аўтарскім праве; цэнтр нац. бібліяграфіі; міжнар.ін-т (збірае даследчыя матэрыялы на больш як 400 мовах, мае 7 замежных агенцтваў); нац. цэнтр бібліятэчнага абслугоўвання сляпых і інвалідаў (выдала больш за 2 млн. кніг па сістэме Брайля і гуказапісаў для сляпых). Агульны фонд (на 1.1.1992) 90 млн.экз. кніжных выданняў, у т. л. 36 млн. рукапісаў, 4 млн. картаў і атласаў, 7 млн. адзінак муз. матэрыялаў, 10 млн. гравюр і фотакартак, 500 тыс. гукавых запісаў, больш за 400 тыс. бабін кінаплёнкі і каля 3 млн. мікрафільмаў. У яе фондах захоўваюцца матэрыялы на 470 мовах народаў свету; каштоўная калекцыя інкунабулаў, кніжныя зборы некаторых прэзідэнтаў ЗША, калекцыі кіт., яп., араб. л-ры, збор рус. л-ры на аснове б-кі краснаярскага купца Г.Юдзіна (прададзена ім у ЗША у 1907; 80 тыс. тамоў); больш за 1700 мініяцюрных выданняў і спец. калекцый, у т. л. самая малая кніга ў свеце «Мураш» (1,4 мм²), «Біблія» І.Гутэнберга, 5 скрыпак Страдывары і інш. У штаце б-кі 5 тыс.чал. Працуюць 22 залы, размешчаныя ў 3 спец. будынках побач з Капітоліем ЗША. Штогод абслугоўвае каля 2,5 млн. чытачоў. Пошук матэрыялаў ажыццяўляецца ў камп’ютэрным рэжыме, захаваны і гал. традыцыйны картачны каталог. У сярэдзіне 1960-х г. створаны фармат МАРК для падачы бібліягр. звестак у машыначытальнай форме. Выдае «Нацыянальны зводны каталог» кніг і інш. зводныя каталогі з указаннем месцазнаходжання кніг на славянскіх, яп. і кіт. мовах, іўрыце.
Літ.:
Библиотека и библиотечное дело США: комплексный подход. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Вілейскае мора,
у Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Вілія. За 5 км на У ад г. Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Найб. штучны вадаём Беларусі, галаўное гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1973—75 для назапашвання вады, рэгулявання сцёку і павелічэння воднасці Свіслачы, стварэння зоны адпачынку. Пл. 64,6 км², даўж. 27 км, найб.шыр. 3,6 км, найб.глыб. 13,8 м. Чаша — затопленыя даліны Віліі і Іліі, ёсць 10 астравоў. Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія даўж. 137 км слаба парэзана, ёсць 4 буйныя залівы, у якія ўпадаюць рэкі.
Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на Нарачана-Вілейскай нізіне. Вадазбор мае спадзістахвалісты рэльеф з асобнымі эолавымі формамі, пад лесам 35%, пад ворывам 30% плошчы. Берагі нізкія (0,5—1 м), актыўна размываюцца (на 25% даўжыні), месцамі замацаваныя. На паўд. беразе пясчаныя пляжы шыр. 50—100 м. Дно выслана пяском, месцамі торфам (15%). Аб’ём вады 238 млн.м³, поўнасцю запаўняецца ў крас.—чэрв. ў час веснавой паводкі. Сярэднегадавая амплітуда ваганняў узроўню вады 2 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне красавіка. Таўшчыня лёду 60—70 см. Летам паверхневыя слаі вады праграюцца да 18—22 °C, на прыбярэжных і мелкаводных участках да 24 °C. Пераважаюць паўд.-зах. і зах. вятры. Пры скорасці ветру 3—5 м/свыш. хваль 0,2—0,5 м, найб. — 1,5 м пры зах. ветры, з якім звязаны найб. разгон хваль уздоўж вадасховішча. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1—1,5 м у вярхоўях да 2,5 м каля плаціны. Зарастае нязначна (10% плошчы) урэчнікамі, вадзяной грэчкай і інш. У сярэдзіне чэрв. пачынаецца «цвіценне» вады пры масавым развіцці сіне-зялёных водарасцей, адміранне якіх увосень пагаршае якасць вады і вядзе да заглейвання дна. Вакол вадасховішча створана зона адпачынку. Выкарыстоўваецца для заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам, для летняй і зімовай рыбнай лоўлі (водзяцца шчупак, акунь, лешч, сярэбраны карась, джгір, трохіголкавая колюшка, плотка, верхаводка). На астравах гняздуюцца качкі, чайкі (у т. л. чайка малая, занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі), у некаторыя гады — лебедзі.