ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
т. 5, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ,
горад на Украіне ў Чарнігаўскай вобл. Прыстань на р. Дзясна. 15,6 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Пенькаапр., буд. матэрыялаў, асфальтавы, сыраробны з-ды, ткацкая ф-ка. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці.
Узнік у 1044 як стараж. паселішча севяран. У 1068 і 1080 разбураны полаўцамі. З 1096 сталіца Северскага княства. Паход ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча на полаўцаў (1185) апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». Пасля разбурэння мангола-татарамі (1239) страціў б. значэнне. У 13—1-й пал. 14 ст. ў складзе Бранскага княства. У 2-й пал. 14—15 ст. ўваходзіў у ВКЛ. З 1503 належаў Рас. дзяржаве. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 замацаваны за Расіяй. З 1782 цэнтр Ноўгарад-Северскага намесніцтва, з 1797 пав. горад Маларасійскай, з 1802 — Чарнігаўскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (крас.—снеж. 1918). У Вял. Айч. вайну моцна пацярпеў у час ням.-фаш. акупацыі (1941—43).
т. 11, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял. кн. ВКЛ Вітаўтам і вял. кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
т. 11, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́НЕ (ад поле),
1) усходнеславянскае племянное аб’яднанне, якое жыло на берагах Дняпра, ад Любеча да Родні, а таксама па ніжнім цячэнні рэк Рось, Сула, Стугна, Цецераў, Ірпень, Дзясна і Прыпяць. У 9 ст. П. трапілі пад уладу Хазарскага каганата, плацілі яму даніну. У 880-я г. землі П. захапіў наўгародскі кн. Алег і яны сталі ядром Стараж.-рус. дзяржавы (Кіеўская Русь). Па землях П. праходзіў гандл. шлях «з варагаў у грэкі». Буйнейшыя гарады Кіеў, Пераяслаў, Вышгарад, Белгарад, Канеў і інш. У часы феад. раздробленасці на землях П. узніклі самастойныя Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства і інш. Апошні раз у летапісах назва «П.» згадвалася пад 944.
2) Заходнеславянскае племянное аб’яднанне ў бас. р. Варта ў 8—10 ст. З П. паходзіць дынастыя Пястаў, якая ў 10 ст. аб’яднала пад сваёй уладай усе польскія землі ў Велікапольскую дзяржаву. Першы правіцель П. — Мешка I [960—992]. Племянная назва П. стала асновай для этноніма ўсёй польскай народнасці.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; паміж 1100 і 1110—14.3.1167),
князь смаленскі [1125—59], вял. князь кіеўскі [1154, 1159—67]; заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў. Сын. вял. кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак існаванню Смаленскага княства, якое ў гады княжання Р.М. дасягнула свайго росквіту і ахапіла тэр. Верхняга Падняпроўя (з г. Орша, Копысь, Лучын, Мсціслаў, валасцямі Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут і інш. на тэр. сучаснай Беларусі) і Верхняга Паволжа. У выніку паходаў 1127 і 1142 Р.М. значна пашырыў свае ўладанні за кошт радзімічаў. Ім пабудаваны г. Мсціслаў, Рослаў і Ізяслаў, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. Удзельнічаў у паходах на Полацкую зямлю ў 1127 і Тураўскую зямлю ў 1146. У 1158 дапамог полацкаму кн. Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі прастол і падтрымліваў яго пазней. У 1162 прызнаў самастойнасць Тураўскага княства. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень памяці Р М. 14(27) сакавіка.
А.А.Мяцельскі.
т. 13, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́Н I (?—1365),
першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́Й, Аляксій (1314—78),
рускі мітрапаліт з 1354. У час княжання ў Маскве Івана Іванавіча Краснага і малалецтва кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога фактычна ўзначальваў урад. Падтрымліваў Дзмітрыя ў барацьбе з цвярскімі і суздальска-ніжагародскімі князямі, выступаў супраць намаганняў князёў ВКЛ стварыць асобную мітраполію ў Кіеве. Прыхільнік пагаднення з Залатой Ардой дзеля прадухілення набегаў на Маскоўскае княства. У 1448—49 кананізаваны правасл. царквой.
т. 1, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́Г,
1) комплекс дрэваземляных умацаванняў нас. пунктаў сталага (жылы астрог) ці часовага (стаялы астрог) характару ва ўсх. славян у 13—18 ст. Звычайна будаваўся на мяжы княства ці дзяржавы.
2) Ахоўная агароджа з вертыкальна (прамы астрог) ці коса (касы астрог) укапаных бярвёнаў, што засцерагала месца стаянкі войска.
3) Рухомая штурмавая вежа (астрожак), якой карысталіся ў час аблогі гарадоў.
4) Турма, абнесеная сцяной.
т. 2, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
старажытны горад Полацкай зямлі. Належаў мінскім кн. Глебавічам, магчыма, быў цэнтрам удзельнага княства, добра ўмацаваны, размяшчаўся, верагодна, недалёка ад Мінска сярод лясоў. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1162 у сувязі з паходам друцкага кн. Рагвалода Барысавіча супраць менскага Валадара Глебавіча. Атаясамліванне Гарадца з некаторымі сучаснымі нас. пунктамі Беларусі (Гарадзеяй Нясвіжскага, Гарадзішчам Баранавіцкага, Гарадцом Талачынскага і Шаркаўшчынскага р-наў і інш.) беспадстаўнае.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖА́ТЫ,
вялікая група плямён, якія ў пач. н. э. насялялі зах. раёны Пенджаба, пазней склалі этн. аснову пенджабцаў і ўвайшлі ў абшчыну сікхаў. У Індыі значная частка Дж. ператварылася ў земляробчую касту. У 17—18 ст. адбыліся паўстанні Дж. (1669, 1672, 1686—91) супраць Вялікіх Маголаў. У сярэдзіне 18 ст. склалася самаст. джацкае княства, якое ў 1763 распалася. Сучасныя Дж. жывуць на Пн Індыі і ў Пакістане.
т. 6, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)