раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.
Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл.Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл.Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.
Літ.:
Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ.М., 1970;
Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.
А.А.Гусак.
Да арт.Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.
У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел.т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.Кудравец.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;
Рус.пер. — Памфлеты. М., 1955;
Дневник для Стеллы. М., 1981;
Путешествия Гулливера... Мн., 1992;
Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.
Літ.:
Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;
Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;
Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),
нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобразфеад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.Багдановіч, М.Васілеўская, А.Вяржбоўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, А.Зарыцкі, С.Ліхадзіеўскі, А.Мардвілка, Я.Семяжон, І.Сіманоўскі, Ю Таўбін.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980—83.
Літ.:
Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;
Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;
Гиждеу С.П. Лирика Г.Гейне. М., 1983;
Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),
лідэр бел.нац.вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта руху — арганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў пад псеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАГО́НЯ»,
герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст.Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял.дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел.Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.
З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1994;
Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд.Мн., 1993;
«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.
А.К.Цітоў.
Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН ((Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй) (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),
выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.Б.Шардэн, Дж.Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.Сезан, В. ван Гог, М.Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
У бел.выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.Альхімовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Кругер, Ю.Пешка, А.Ромер, К. і Б.Русецкія, Н.Сілівановіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.Пэн, Ф.Рушчыц, М.Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.Гаўрыленка, П.Сергіевіч, М.Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.Ахрэмчык, В.Грамыка, Н.Воранаў, Р.Кудрэвіч, Л.Лейтман, М.Манасзон, Ф.Мадораў, П.Раманоўскі, М.Тарасікаў, У.Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.Вашчанка, В.Варламаў, Н.Варвановіч, В.Грамыка, Л.Дударанка, Г.Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.Янушкевіч, Г.Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.Савіцкі «Вязень № 32815», Г.Вашчанка «Роздум», В.Сумараў «Мой свет», М.Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.Шчамялёў «Нядзеля», Э.Белагураў «Сямейны партрэт», І.Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.
Літ.:
Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;
Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.
М.І.Цыбульскі.
Да арт.Аўтапартрэт. А.Дзюрэр. 1500.Да арт.Аўтапартрэт. Г.Серабракова. За туалетам. 1909.Да арт.Аўтапартрэт. В.Ваньковіч. 1880-я г.Да арт.Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),
спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.
Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.Хогарту, Дж.Гілрэю (Англія), Ж.Гросу (Германія), Ф.Гоі (Іспанія), А.Дам’е, П.Гаварні (Францыя), Х.Бідструпу (Данія), І.Церабянёву, А.Венецыянаву, П.Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).
У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.Баргэльса, К.Бахматовіча, Я.Дамеля, М.Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.Быхоўскі, П.Гуткоўскі, Я.Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, В.Сідаровіч). У Вял.Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.Букаты, В.Козак, Г.Вальк, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.Лісоўскі, Я.Бусел, Р.Грамыка, М.Гурло, В.Ждан, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.
Літ.:
Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;
Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;
Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;
Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Карыкатура. П.Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.Да арт.Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,
сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав.прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз.вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.
Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.Блантара («Кацюша»), А.Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.Захарава («Ой, туманы мае...»), А.Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.
На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац.фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.Любана, «Песня пра Нёман» Н.Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел.нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.Ханка, «Карнавал» В.Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.
Літ.:
Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;
Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.