ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ КАДА́СТР,

сістэматызаваны звод асн. звестак пра лясныя аб’екты краіны. У ім даецца апісанне агульнай плошчы лясных аб’ектаў, месца знаходжання ўчасткаў, іх канфігурацыі, склад, іх якасць і інш., прыроднае, гасп. і прававое становішча лясоў. Парадак вядзення Л.к. Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца нормамі зямельнага права. Гл. таксама Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак міжнар. разлікаў і інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах яе юрыд. і фіз. асоб з прадстаўнікамі інш. краін. Нормы валютнага заканадаўства вызначаюць агульныя прынцыпы валютных аперацый, паўнамоцтвы і функцыі дзярж. органаў у валютным рэгуляванні і кіраванні валютнымі рэсурсамі, правы і абавязкі суб’ектаў, што валодаюць валютнымі каштоўнасцямі і карыстаюцца імі, меры адказнасці і санкцыі за парушэнні правіл аб здзелках і аперацыях з валютай.

Да 1986 валютнае заканадаўства было абумоўлена валютнай манаполіяй дзяржавы, і ўсе аперацыі (здзелкі) з валютнымі каштоўнасцямі на тэр. СССР ажыццяўляліся толькі спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое дзярж. органамі і арг-цыямі. Пасля 1986 прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на расшырэнне правоў юрыд. і фіз. асоб у сферы валютных адносін Рэспублікі Беларусь, у т. л. законы «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 25.10.1990, «Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», уведзены ў дзеянне з 1.1.1992, «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 20.3.1992, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці» ад 8.2.1995, і інш.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ІНФАРМА́ЦЫІ І ПРАГНО́ЗУ (Белінфармпрагноз) пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1959 у Мінску як Ін-т навук.-тэхн. інфармацыі і прапаганды пры Дзяржплане БССР, з 1968 Бел. НДІ навук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. даследаванняў Дзяржэканамплана, з мая 1993 — Бел. ін-т навукова-тэхн. інфармацыі і прагнозу СМ Рэспублікі Беларусь, са студз. 1995 Белінфармпрагноз. Асн. кірункі работы: даследаванне і выпрацоўка ацэнак і прагнозаў стану грамадства, шляхоў яго рэфармавання і развіцця па наступных кірунках: унутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь, матэрыяльная вытв-сць, працэсы арганізацыі і кіравання ў грамадстве, інтэлектуальныя і інфармацыйныя рэсурсы грамадства, чалавек, сям’я, грамадства.

Г.​К.​Бурак.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́ВІЧ (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 6.5.1950, в. Новы Сноў Нясвіжскага р-на),

дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р эканам. навук (1998). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972), Мінскую ВПШ (1989). З 1972 працаваў інжынерам. З 1983 на сав., парт. і гасп. рабоце: старшыня Савецкага райвыканкома г.Мінск, нам. старшыні Мінскага гарвыканкома, сакратар Мінскага гаркома КПБ, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. З 1990 нам. Старшыні Савета Міністраў — старшыня Дзяржэканамплана, з 1991 1-ы нам. Старшыні Савета Міністраў, з 1994 нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З кастр. 1995 кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чл. Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1990—95 і з 1997).

М.У.Мясніковіч.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.​Коласа, Я.​Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл. гл. таксама да арт. Коўка мастацкая.

Літ.:

Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Любімаў. Птушка. 1983.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,

давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.

А.​М.​Абрамовіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),

адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА,

права ўнясення законапраектаў у заканадаўчыя органы, якое цягне за сабой абавязак гэтых органаў абмеркаваць законапраект і прыняць па ім рашэнне. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права З.і. належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, ураду, а таксама грамадзянам у колькасці не менш як 50 тыс. чал., якія валодаюць выбарчым правам. Рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)