ДЗІРА́К ((Dirac) Поль Адрыен Марыс) (8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл.АНСССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм.апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл.Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл.Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).
Тв.:
Рус.пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;
Общая теория относительности. М., 1978;
Принципы квантовой механики. М., 1979.
Літ.:
Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс машын, апаратаў і абсталявання для мех.даення кароў і першаснай апрацоўкі малака. Складаюць паточную паўаўтам. лінію, на якой робяцца пераддаільная падрыхтоўка жывёл, выдойванне малака даільнымі апаратамі, яго транспартаванне, ачыстка, ахаладжэнне і забор у ёмістасць.
Д.ў. дояць кароў у стойлах кароўнікаў (пераноснымі і перасоўнымі даільнымі апаратамі са зборам малака ў ёмістасці ці ў малакаправоды) або ў даільных залах (абсталяваны індывідуальнымі і групавымі станкамі, размешчанымі па пэўнай схеме). Д.ў. камплектуюць абсталяваннем для аўтам. выканання некат. ручных работ (напр., пераддаільнай сан. апрацоўкі вымяў), электроннымі сістэмамі для індывід. кармлення, уліку прадукцыі, часам для перапрацоўкі малака ў малочныя прадукты (вяршкі, масла і інш.). Для даення авечак выкарыстоўваюць перасоўныя і стацыянарныя Д.ў. паралельна-прахаднога (з групавым упускам і выпускам жывёл) і карусельнага тыпаў.
Літ.:
Краснокутский Ю.В., Рыжов С.В. Новые доильные аппараты и установки. М., 1984.
Даільная ўстаноўка: а — схема ўстаноўкі (1 — электрарухавік, 2 — вакуум-помпа, 3 — вакуумны балон, 4 — вакуумметр, 5 — вакуумправод, 6 — даільны апарат); б — пашыраныя схемы размяшчэння даільных станкоў для даільных залаў (1 — канвеернакальцавая, 2 — тыпу «Елачка», 3 — тыпу «Тандэм»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАРЭГУЛЯВА́ЛЬНАЯ АПАРАТУ́РА,
сукупнасць эл. прылад і апаратаў для пуску, спынення і інш. відаў кіравання рэжымам работы эл. машын, установак і сетак, а таксама для іх аховы пры адхіленнях ад нармальнага рэжыму работы. Да П.а. адносяць выключальнікі, засцерагальнікі, камутатары, кантактары, пускальнікі магнітныя, рэактары электрычныя, рэверсары (гл.Рэверс у тэхніцы), рэле кіравання, камандаапараты, пускавыя рэастаты і інш.
Камандаапарат — эл.апарат для адно- ці шматступеньчатых пераключэнняў у ланцугах кіравання сілавых эл. установак. Для дыстанцыйнага кіравання карыстаюцца яго разнавіднасцямі (камандакантролерамі) з ручным, нажным ці сервапрыводам ад спец. выканаўчага механізма. Пускавы ток магутных эл. рухавікоў абмяжоўваюць з дапамогай пускавых рэастатаў — пераменных рэзістараў у ланцугу рухавіка. Рэастаты бываюць метал. (драцяныя), вадкасныя (эл. супраціўленне рэгулюецца плошчай апускання плоскага электрода ў электраліт) ці вугальныя (слупкі з вугальных шайбаў, эл. супраціўленне якіх мяняецца пры іх сцісканні). Пры канструяванні П.а. ўлічваюцца патрабаванні тэрмічнай устойлівасці, надзейнасці і зносаўстойлівасці кантактаў і пераключальных элементаў і трываласці эл. ізаляцыі, напр., элементы П.а. з эл.-мех. кантактамі замяняюцца больш эканамічнымі і надзейнымі, зробленымі на аснове тырыстарных і транзістарных ключоў, магн. і паўправадніковых элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ТУРБІ́НА, гідратурбіна,
лопасцевы гідраўлічны рухавік, які пераўтварае мех. энергію патоку вады ў энергію вярчальнага вала. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя турбіны (свабоднаструменныя) і рэактыўныя турбіны (напорнаструменныя), паводле размяшчэння вала рабочага кола — на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя. Выкарыстоўваюцца пераважна на гідраэлектрычных станцыях для прывода гідрагенератара (спалучаныя з ім гідраўлічныя турбіны наз.гідраагрэгатамі).
Актыўныя гідраўлічныя турбіны падзяляюцца на каўшовыя, нахіленаструменныя і двухкратныя. У каўшовых гідраўлічных турбінах рабочым колам з’яўляецца дыск, па акружнасці якога размешчаны лопасці ў выглядзе падвойных каўшоў. Накіравальным апаратам (адным або некалькімі сопламі) струмень вады пад атм. ціскам з вял. скорасцю падаецца на лопасці (каўшы) і з малой скорасцю зыходзіць з кола. Бываюць з верт. або гарыз. валам. Магутнасцю да 250 МВт, рабочы напор 40—2000 м. Рэактыўныя гідраўлічныя турбіны паводле напрамку руху вады ў рабочым коле падзяляюцца на восевыя (паваротна-лопасцевыя, прапелерныя) і нявосевыя (радыяльна-восевыя, дыяганальныя). Маюць турбінную (спіральную) камеру (забяспечвае раўнамернае паступленне вады па ўсім контуры накіравальнага апарата), накіравальны апарат з прафіляванымі лапаткамі (рэгулюе расход вады), рабочае кола з паваротнымі або нерухомымі лопасцямі (яго вал злучаны з валам эл. генератара), адсмоктвальную трубу (змяншае скорасць вады, што паляпшае выкарыстанне энергіі вадзянога патоку). Магутнасць паваротна-лопасцевых гідраўлічных турбін да 250 МВт, рабочы напор 2—70 м; дыяганальных адпаведна да 350 МВт, 40—120 м; радыяльна-восевых — да 800 МВт і болей, 2—600 м.
Разнавіднасцю гідраўлічнай турбіны было вадзяное кола, вядомае са старажытнасці. Першая рэактыўная гідраўлічная турбіна вынайдзена франц.інж. Б.Фурнеронам у 1827, радыяльна-восевая — амер.інж. Дж.Фрэнсісам у 1855, актыўная каўшовая — амер.інж. А.Пелтанам у 1889, паваротна-лопасцевая — аўстр.інж. В.Капланам у 1913. Вытв-сць гідраўлічных турбін у б.СССР наладжана ў 1924. Найб. вядомыя гідраўлічныя турбіны фірмаў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. На Беларусі малыя гідраўлічныя турбіны выпускаў у 1949—58 Бабруйскі маш.-буд.з-д. ГЭС Беларусі абсталяваны верт. і гарыз. радыяльна-восевымі гідраўлічнымі турбінамі. Перспектыўныя турбіны малой (10—50 кВт) магутнасці з рабочым напорам 2—5 м.
Я.П.Забела.
Схема асноўных тыпаў гідраўлічных турбін: а — актыўнай каўшовай (1 — трубаправод паступлення вады, 2 — сапло, 3 — рабочае кола з каўшамі); б — рэактыўнай паваротна-лопасцевай (1 — рабочае кола з паваротнымі лопасцямі, 2 — накіравальны апарат, 3 — вал); в — рэактыўнай радыяльна-восевай (1 — ротар з нерухомымі лопасцямі, 2 — турбінная камера, 3 — вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЕВА А́ЛГЕБРА,
апарат сімвалічнай логікі; сукупнасць аб’ектаў з аперацыямі алгебры логікі, якія падпарадкаваны пэўным аксіёмам. Прапанавана Дж.Булем для аналізу рэлейных схем. Знайшла дастасаванне ў тапалогіі, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. У аксіёмах булева алгебры адлюстравана аналогія паміж паняццямі «мноства», «падзея», «выказванне». Асн. паняцці булева алгебры: логікавая (булева) функцыя, элементарная логікавая функцыя, функцыйна поўная сістэма логікавых функцый, мінімізацыя булевых функцый.
Логікавая функцыя n булевых аргументаў прымае значэнні 0 і 1, азначаецца праўдзіваснай табліцай або аналітычнай залежнасцю ад элементарных логікавых функцый. Вызначана 16 элементарных функцый: кан’юнкцыі (логікавае множанне; аперацыя «І»), дыз’юнкцыі (складанне; «АБО»), інверсіі (адмаўленне; «НЕ»), эквівалентнасці (тоеснасць), складання па модулі 2 (выключальнае «АБО») і інш. Функцыйна поўная сістэма логікавых функцый — сукупнасць функцый, дастатковая для выражэння логікавай функцыі любой складанасці, напр., аперацыя Пірса, аперацыя Шэфера. Мінімізацыя логікавых функцый праводзіцца з мэтай упарадкавання і спрашчэння складаных функцый з дапамогай аксіём булева алгебры, картаў Карно, метадаў Квайна і Мак-Класкі і інш.
Булева алгебра з’яўляецца логікавай асновай функцыянальнай арганізацыі лічбавых ЭВМ; элементарныя логікавыя функцыі рэалізаваны ў спец. інтэгральных мікрасхемах для ЭВМ.
Літ.:
Янсен Й. Курс цифровой электроники: Пер. с голланд.: В 4 т.Т. 1. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАГЛЯ́Д (Харытон Сцяпанавіч) (11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),
бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад.АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д-рвет.н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел.НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.І.Вавілава.
Тв.:
Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;
Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;
Болезни диких животных. Мн., 1971;
Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж.апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр.дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІКэлектрычны,
апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.
Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часам аўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш.Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн. параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).