МАГНІТАФО́Н

(ад магніт + ...фон),

апарат для магн. гуказапісу на магнітную стужку ці інш. носьбіт і наступнага ўзнаўлення гуку. Бывае адна- і шматдарожкавы, мона- і стэрэафанічны. Існуюць таксама спалучэнні М. з інш. апаратамі (напр. магнітола).

Адрозніваюць прафесійны (напр., для сінхроннага гуказапісу пры кіназдымцы), студыйны для высакаякаснага гуказапісу, паўпрафесійны (напр., для запісу дыспетчарскіх перагавораў), бытавы для аматарскага гуказапісу і спецыяльны (напр., геамагнітафон, дыктафон); стацыянарны і партатыўны; шпульны і касетны і інш. Мае блок сілкавання, стужкапрацяжны механізм, узмацняльнікі запісу і ўзнаўлення сігналаў, магн. галоўкі, з дапамогай якіх гэтыя сігналы перадаюцца на гуканосьбіт і наадварот, і акустычную сістэму. М. без узмацняльніка магутнасці і акустычнай сістэмы наз. магнітафоннай прыстаўкай і прызначаецца для спалучэння з інш. апаратамі. Гл. таксама Відэамагнітафон.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)