МАЛАКО́,

сакраторная вадкасць малочных залоз млекакормячых жывёл і чалавека, фізіялагічна прызначаная для выкормлівання дзіцянят. Выпрацоўваецца ў перыяд лактацыі. Змяшчае большасць элементаў, неабходных для нармальнага росту і развіцця арганізма, аховы яго ад захворванняў, у збалансаваным, аптымальным для засваення стане. Склад М. залежыць ад віду, пароды, узросту жывёл, стадыі лактацыі, сезона года і інш. Асн. кампаненты М.: вада, бялкі (казеін, лактаглабулін, лактальбумін), тлушчы (гліцэрыны), малочны цукар (лактоза), мінер. рэчывы (калій, кальцый, магній, натрый, фосфар і інш. макра- і мікраэлементы), большасць вядомых вітамінаў, імунаглабуліны. Некаторыя з іх (казеін, лактоза) у інш. прыродных прадуктах адсутнічаюць. У невял. колькасцях у М. ёсць свабодныя амінакіслоты, інш. азоцістыя злучэнні (ацэтылхалін, крэацін і інш.), тлушчападобныя рэчывы (лецыціны, халестэрын, эргастэрын і інш.), свабодныя тлустыя к-ты, ферменты (лактаза, ліпаза, пераксідаза, пратэіназа і інш.), гармоны (аксітацын, інсулін, пралакцін і інш.), пігменты, газы (вуглякіслы газ, кісларод, вадарод, аміяк), мікраарганізмы; у сырадоі — антыбактэрыяльныя рэчывы (лактэніны). М. многіх с.-г. жывёл — каштоўны харч. прадукт, сыравіна для вытв-сці разнастайных малочных прадуктаў. Найб. шырока выкарыстоўваецца каровіна М., якое змяшчае ў сярэднім вады 87%, тлушчу 3,9, бялку 3,2 (казеіну 2,7), малочнага цукру 4,7, мінер. рэчываў 0,7%; мае энергет. каштоўнасць 690 ккал/кг.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛІ́НА,

струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d​1—a​1—e​2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.​Бетховен, А.​Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

І.​Дз.​Назіна.

Неапалітанская мандаліна.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ВІЯ (Moravia; сапр. Пінкерле; Pincherle) Альберта

(28.11.1907, Рым — 26.9.1990),

італьянскі пісьменнік. Дэбютаваў аналіт. раманам «Абыякавыя» (1929), у цэнтры якога ўнутр. свет сучаснага яму інтэлігента. Неарэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў зб-ках «Рымскія апавяданні» (1954), «Новыя рымскія апавяданні» (1959), рамане «Чачара» (1957). Уплыў мадэрнісцкага псіхалагізму адчувальны ў рамане «Няслушныя амбіцыі» (1935), аповесці «Агасціна» (1945), зб-ках навел і апавяданняў «Сны гультая» (1940), «Эпідэмія» (1944). Антыфаш. характар мае сатыр. раман «Маскарад» (1941). Узмацненнем філас.-этычнай праблематыкі вызначыліся раманы «Рымлянка» (1947), «Непакорнасць» (1948), «Канфарміст» (1951, экранізацыя 1969), «Пагарда» (1954, экранізацыя 1963), «Маркота» (1960) і інш.; крытыка дэградацыі грамадства гучыць у зб-ках навел «Аўтамат» (1963), «Рай» (1970), рамане «Я і ён» (1971). Свет пачуццёвых перажыванняў у цэнтры раманаў і аповесцей «Іншае жыццё» (1973), «Унутранае жыццё» (1978), «1934» (1982), «Глядач» (1985), зб-ку «Справа ды іншыя апавяданні» (1983). Аўтар драм. твораў і інсцэніровак, зб-каў эсэ і артыкулаў. На бел. мову яго раман «Пагарда» пераклаў І.​Пташнікаў, асобныя апавяданні — А.​Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Золата Фарчэлы. Мн., 1968;

Пагарда. Мн., 1989;

Рус. пер. — Равнодушные. Римлянка. Мн., 1990;

Презрение. М., 1990;

Скука. СПб., 1992;

Я и он. М., 1994.

Л.​П.​Баршчэўскі.

А.Маравія.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),

сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.

О.​В.​Філіпава.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і з аўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т. л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.

Г.​Г.​Камлюк.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКВА (Daucus),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст. н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).

Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам A — карацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.

Літ.:

Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;

Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.

У.​П.​Пярэднеў.

Морква: 1 — часткі расліны; 2 — сорт Шантэнэ; 3 — сорт Парыжская карацель 443, 4 — сорт Валерыя; 5 — падвіды ўсходняй (азіяцкай) морквы.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),

бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.​Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.​Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел. фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.​Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Літ.:

Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАГНІ́ЧВАННЕ,

нарастанне намагнічанасці або магнітнай індукцыі магнетыка пры павелічэнні напружанасці знешняга магн. поля. У дыямагнетыках Н. заключаецца ва ўзнікненні мікраскапічных індукцыйных токаў, якія ствараюць намагнічанасць, накіраваную супраць знешняга магн. поля. У парамагнетыках пры Н. адбываецца арыентацыя магн. момантаў атамаў ці іонаў у напрамку поля. У ферамагнетыках Н. складаецца з абарачальнага ці неабарачальнага зруху межаў магн. даменаў, пераарыентацыі іх магн. момантаў у напрамку прыкладзенага поля і парапрацэсу.

Крывая залежнасці намагнічанасці J ад напружанасці H знешняга магн. поля J(H) пры манатонным і павольным нарастанні поля з стану поўнага размагнічвання (J=0) наз. крывой першага Н. ці асн. крывой. На ёй вылучаюць 3 участкі. Першы апісваецца Рэлея законам намагнічвання і змяненні J на гэтым участку ў асноўным абарачальныя. Другі — характарызуецца хуткім неабарачальным ростам J (мае месца магнітны гістэрэзіс). Трэці ўчастак — вобласць магнітнага насычэння. Працэс Н. характарызуецца таксама крывымі цыклічнага перамагнічвання, камутацыйнымі крывымі і інш Па крывых Н. вызначаюць тэхн. характарыстыкі магн. матэрыялаў (намагнічанасць астаткавую, каэрцытыўную сілу, магнітную пранікальнасць і інш.), якія выкарыстоўваюцца пры разліку магнітных ланцугоў.

Р.​М.​Шахлевіч.

Тыповая асноўная крывая намагнічвання ферамагнітнага матэрыялу: H — напружанасць знешняга магнітнага поля; J — намагнічанасць.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,

найбуйнейшы збор укр. нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.​Р.​Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж. ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж. ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс. м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.​Арлоўскага, С.​Васількоўскага, М.​Івасюка, К.​Кастандзі, П.​Леўчанкі, А.​Мурашкі, М.​Піманенкі, С.​Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.​Багамазава, Д.​Бурлюка, А.​Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.​Касцецкага, Ф.​Крычэўскага, А.​Пятрыцкага, А.​Шаўкуненкі, Т.​Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.​Байцоў і У.​Гарадзецкі).

Т.​К.​Разанава.

Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Украіны.

т. 11, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),

бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).

Тв.:

Rozamunda. Wilno, 1844;

Barbara. Wilno, 1844;

Jadwiga. Paryż, 1845;

Rèves d’amour de gloir et de liberté. Paris, 1845;

Katarzyna Wielka. Paryż, 1846.

Jlim.: Александровіч С.Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыі бел.-пол. літ. і грамадска-паліт. сувязей у 40-я гг. XIX ст. Мн., 1975.

С.​Х.​Александровіч.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)