НА́ЦІСК, акцэнт,
выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),
сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў⌒жа», «прачытаць⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.
Літ.:
Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;
Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;
Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;
Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;
Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.
А.І.Падлужны.
т. 11, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМПА́НІЯ,
кампанія (акц. т-ва, карпарацыя, аб’яднанне прадпрымальнікаў), дзейнасць якой аказвае прыярытэтны ўплыў на развіццё нац. эканомікі. Паводле віду дзейнасці адрозніваюць Н.к.: вытворчыя (перапрацоўваюць сыравіну і матэрыялы ў гатовую прадукцыю з мэтай яе рэалізацыі; могуць быць шматгаліновымі — спалучаць выпуск прадукцыі розных галін; гандлёвыя (ажыццяўляюць гандл. дзейнасць); транспартныя (аказваюць трансп. паслугі); будаўнічыя (займаюцца пераважна буд-вам); фінансавыя (спецыялізуюцца на крэдытаванні пэўных галін або прадпрыемстваў, правядзенні фін. аперацый); інвестыцыйныя (спецыялізуюцца на прыцягненні часова свабодных грашовых сродкаў дробных і сярэдніх інвестараў праз выпуск уласных каштоўных папер і размяшчэнні мабілізаваных сродкаў у каштоўныя паперы інш. юрыд. асоб для атрымання прыбытку); страхавыя (ажыццяўляюць разнастайную страхавую дзейнасць); лізінгавыя (купляюць абсталяванне і здаюць яго ў арэнду); кансалтынгавыя (прадастаўляюць паслугі па даследаванні стану рынку, распрацоўцы і ажыццяўленні маркетынгавых праграм, выкарыстанні новых метадаў менеджменту, эканам. абгрунтаванні інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, пошуку партнёраў і інш.; у айч. практыцы — таксама па рэгістрацыі фірм; могуць спецыялізавацца па функцыянальных, рэгіянальных і інш. прыкметах); інжынірынгавыя (аказваюць паслугі па арганізацыі канкрэтнай вытв-сці, выбары і асваенні абсталявання, прыцягваюць інш. пастаўшчыкоў абсталявання і падрадныя фірмы, дапамагаюць выкарыстоўваць інавацыйныя метады і перадавы замежны вопыт) і інш. Паводле спосабаў стварэння Н.к. могуць быць асацыіраваныя (маюць долю ўдзельніцтва і істотна ўплываюць на фін. палітыку) і аднаасобныя (пакет акцый належыць адной асобе). Кампанія, у склад актываў якой уваходзяць кантрольныя пакеты акцый інш. кампаній, наз. холдынгавая; кампанія, якая не можа свабодна прадаваць свае акцыі іншаземцам, — кампанія з абмежаванымі акцыямі. Ад Н.к. адрозніваюць транснацыянальныя кампаніі, што ажыццяўляюць асн. частку сваіх аперацый па-за межамі краіны, у некалькіх краінах. У наш час існуюць шматнацыянальныя кампаніі і карпарацыі з айч. арыентацыяй. На развіццё Н.к. уплываюць працэсы глабалізацыі, рост адкрытасці эканомікі, якія мяняюць іх ролю і месца ў эканам. сістэме, уцягваюць у інтэграцыйныя працэсы.
Л.М.Нехарошава.
т. 11, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПСА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Опса, на аўтадарозе Браслаў—Відзы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 53 км ад чыг. ст. Друя. 777 ж., 253 двары (2000). Пагранічная камендатура. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Курган Бессмяротнасці на магіле ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл св. Яна Хрысціцеля (пач. 20 ст.), сядзіба (1904). За 3 км ад вёскі курганны могільнік балта-слав. насельніцтва 8—11 ст.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1500 як уладанне смаленскага кн. Глазыні. У 1-й пал. 16 ст. велікакняжацкі двор і цэнтр воласці, з 2-й пал. 16 ст. мястэчка, цэнтр староства, якое, паводле інвентара 1779, падзялялася на 5 войтаўстваў. У мястэчку былі парафіяльная школа (з 1777), касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод, панскі двор з сядзібным домам і гасп. пабудовамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) О. ў складзе Рас. імперыі. З 1823 уладанне Плятэраў. У сярэдзіне 19 ст. цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., у 1859—163 ж. У 1864 (паводле інш звестак у 1866) заснавана нар. вучылішча. У 1916 з Друі ў О. пракладзена вузкакалейка. З 1921 О. ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Навагрудскага ваяв. Дзейнічалі школа, дом для сірот, касцёл, сінагога, пошта, крамы, млын, каап. малачарня. У 1931 у О 907 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў О. больш за 200 жыхароў. 22.4.1944 партызаны брыгады «Спартак» разграмілі ў О. гарнізон ворага.
К.С.Шыдлоўскі.
т. 11, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс. км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх. ч. Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб. воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р. Прыпяць з прытокамі, у зах. ч. р. Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб. Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт. Беларускае Палессе.
М.А.Шышонак.
т. 11, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.
Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн. дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.
т. 12, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,
створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. У лют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв. ліп. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве у Лондане Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр. СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.—жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПІСЫ ВО́ЙСКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, попісы шляхты,
вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзбр. ненайманых сіл дзяржавы. Першы попіс, матэрыялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528. Паводле гэтай ухвалы землеўласнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска 1 вершніка; усяго ўлічаны 19 842 коннікі. Статут ВКЛ 1529 больш дэтальна вызначыў абавязкі шляхты па ўдзеле ў попісах і зазначыў, што дробная шляхта, якая не мае падданых і вял. уладанняў, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска 1 конніка з 10 службаў. Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта збіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) з 26.6.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коннікаў. Статут ВКЛ 1588 устанавіў, што попісы праводзяцца ў час збору шляхты на вайну. Верагодна, попіс быў праведзены ў 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв. Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле норм пастановы Віленскага сойма 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды і соймікі). У цэнтр. павеце ваяводства шляхта павінна была з’яўляцца перад ваяводам, кашталянам і харунжым, у інш. паветах — перад маршалкам, харунжым і войскім. Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы будуць адбывацца праз 4 гады на свята св. Міхала (29 вер.), а Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады. Адзіным даволі поўным спісам шляхецкіх родаў ВКЛ з’яўляецца попіс 1765, бо ён праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы. Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца па сац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, генеалогіі, гіст. геаграфіі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 12, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.
Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.
П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.
М.І.Тарасевіч.
т. 13, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (РСІ, Рабкрын),
орган дзярж. кантролю ў Сав. Расіі і інш. сав. рэспубліках, потым у СССР і саюзных рэспубліках у 1920—34. Папярэднікамі РСІ былі органы рабочага кантролю, якія дзейнічалі з часу Лют. рэвалюцыі 1917. Паводле дэкрэта ВЦВК ад 7.2.1920 Наркамат дзярж. кантролю РСФСР рэарганізаваны ў Нар. камісарыят РСІ. На Беларусі ў ліп. 1920 у складзе Ваенрэўкома ССРБ утвораны аддзел РСІ, які ў жн. пераўтвораны ў Камісарыят РСІ Ваенрэўкома ССРБ, а ў снеж. — у Наркамат РСІ ССРБ. XII з’езд РКП(б) (крас. 1923) прыняў рашэнне пра аб’яднанне органаў парт. і дзярж. кантролю ў адзін — Цэнтр. кантрольную камісію — Наркамат РСІ (ЦКК—НК РСІ), хоць яны захавалі пэўную самастойнасць. НК РСІ былі дадзены правы канчаткова зацвярджаць штаты наркаматаў і цэнтр. дзярж. устаноў, ліквідоўваць арг-цыі і прадстаўніцтвы, змяняць арганізац. структуры ўстаноў і прадпрыемстваў, накладваць пакаранні і нават звальняць кіруючых асоб за безгаспадарчасць, бюракратызм і валакіту. Паводле рашэння XVII з’езда ВКП(б) (студз.—лют. 1934) замест ЦКК—НК РСІ створаны Камісія парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) і Камісія сав. кантролю пры СНК СССР. ЦКК КП(б)Б рэарганізавана ў Камісію парт. кантролю пры ЦК КП(б)Б; пастановай ЦВК і СНК БССР ад 8.3.1934 НК РСІ БССР і Камісія выканання пры СНК БССР скасаваны, а на іх аснове створаны Камісія сав. кантролю пры СНК БССР і адпаведныя структуры на месцах.
Да крас. 1919 органы дзярж. кантролю на Беларусі ўзначальваў С.І.Берсан. Наркомы РСІ ССРБ: С.Н.Найхін (1921—22), А.Д.Руманаў (1922—23). Старшыні ЦКК КП(б)Б — наркомы РСІ БССР: Р.Я.Рудэрман (1923—24), В.П.Грузель (1924—25), В.А.Радус-Зяньковіч (1925—27), А.Я.Калнін (1927—32), І.А.Лычаў (1932—34).
Літ.:
Злотник М.И. Деятельность органов партийно-государственного контроля БССР в государственном строительстве (1917—1934 гг.). Мн., 1969.
В.Ф.Кушнер.
т. 13, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
глыбокае і якаснае пераўтварэнне ў развіцці грамадства, якое выяўляецца ва ўсталяванні новага грамадскага ладу, мадэрнізацыі і дэмакратызацыі паліт. ін-таў. Узнікае ў сувязі з нарастаннем сац. супярэчнасцей, якія вырашаюцца рэзкімі грамадскімі пераменамі. У шырокім сэнсе Р.с. ахоплівае ўсе фармацыі грамадска-эканамічныя, дастаткова вял. прамежак сац. часу, які характарызуецца разнастайнымі сац. пераўтварэннямі. У вузкім сэнсе Р.с. — спосаб пераходу ад адной формы паліт. улады да іншай. Р.с. адрозніваюць ад пераваротаў і путчаў, якія характарызуюцца зменай улады без кардынальных грамадскіх перамен. Паводле характару сац. пераўтварэнняў Р.с. супрацьпастаўляецца сац. эвалюцыя, якая вызначаецца неперарыўнымі сац. зменамі ў межах аднаго сац.-паліт. ладу. Завяршальным этапам эвалюцыйнага выспявання падстаў для новага грамадскага ладу могуць быць Р.с., накіраваныя на якасныя і хуткія сац. перамены, ці сац. рэформы, накіраваныя на частковыя змены ў межах былога парадку. Эканам. аснова Р.с. — канфлікт паміж новымі прадукцыйнымі сіламі і ўстарэлымі грамадскімі адносінамі, якія тармозяць развіццё сацыяльнае. Гэты канфлікт прыводзіць да абвастрэння сац. супярэчнасцей, падштурхоўвае суб’ектаў сац.-паліт. адносін да актыўных паліт. дзеянняў. Паводле тэарэтыкаў марксізму-ленінізму, Р.с. — неабходны, мэтазгодны вынік класавай барацьбы, а найвышэйшы яе пік — сацыяліст. рэвалюцыя. У зах. філасофіі склаліся 3 асн. падыходы ў даследаванні Р.с.: палітыка-прававы, псіхалагічны і сац.-структурны. Пры палітыка-прававым падыходзе найперш разглядаюцца паліт. аспекты Р.с. Пры псіхалагічным падыходзе найб. ўвагу аддаюць даследаванням механізмаў масавых паводзін і ўплыву паліт. фактараў на псіхалогію чалавека. Пры сац.-структурным падыходзе даказваецца, што Р.с. — асаблівы стан сац. сістэмы, які вызначаецца стратай сац. раўнавагі, а дэстабілізацыя сац. сістэмы стварае ўмовы для дэфляцыі ўлады (гл. Раўнавагі тэорыя).
Літ.:
Гавлин М.Л., Казакова Л.А. Современные буржуазные теории социальной революции М., 1980;
Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999;
Taylor S. Social science and revolutions. London;
New-York, 1984.
І.B.Катляроў.
т. 13, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)