біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 для захавання ў натуральным стане унікальнага балотна-ляснога ландшафтнага комплексу поўдня Бел. Паазер’я з папуляцыямі гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 369 га. Рэльеф узгорысты. Лясы займаюць 82,5% тэр.: бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, арляковыя з дамешкамі хвоі, дубу, клёну, ліпы, ясеню; хвойнікі імшыстыя; чорнаалешнікі; кустоўе з ляшчыны, крушыны, ядлоўцу, каліны, чаромхі, брызгліны бародаўчатай, мяккай і лямцавай, барбарысу звычайнага, цёрну крывава-чырвонага, вярбы попельнай і чарнеючай. На сухадольных і вільготных лугах віды, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асака воласападобная і птушканожкавая, ятрышнік дрэмлік, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, пустапялёснік зялёны, ядрушка даўгарогая, пальчатакарэннік балтыйскі, тайнік яйцападобны; у хвойніках — купальнік горны, гайнік цёмна-чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ЎЛЯ,
горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс.ж., школа, царква. З крас 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс.ж. (1941). У Вял.Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс.ж., у 1970—6,6 тыс.ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.
Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.
Да арт.Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБЫ́ СВО́ЙСКІЯ,
птушкі сямейства галубоў атр. голубападобных. Паходзяць ад дзікага шызага голуба (Columba livia). Вядома больш за 150 парод галубоў свойскіх, якія падзяляюцца на паштовых, спартыўных, дэкаратыўных і мясных. Паштовыя галубы свойскія (чырвоны паштар, бельгійскія) здольныя пралятаць да 1000 км са скорасцю 100 км/гадз. Раней іх выкарыстоўвалі для сувязі. Спартыўных (мікалаеўскі, нежынскі, курскі і інш.) і дэкаратыўных галубоў свойскіх (дутышы, паўліны, якабіны, турманы, чайкі і інш.) гадуюць аматары дзеля хуткага палёту, прыгожага апярэння, своеасаблівай формы цела і буркавання. Мясных галубоў свойскіх (карно, кінг, рымскія і інш.) у многіх краінах гадуюць на мяса.
Жывая маса мясных галубоў 700—1100 г, самак 600—700 г. Спароўванне з 5-месячнага ўзросту. Наседжваюць яйцы галубка і голуб 18 сутак. Бацькі выкормліваюць птушанят «валлёвым малаком» (малакападобнай кашкай). У 30—40-дзённым узросце выкарыстоўваюцца на мяса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІХ (Яўген Міхайлавіч) (11.1.1922, Масква — 25.11.1985),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў студыю пры Свярдлоўскім т-ры оперы і балета (1937) і да 1941 артыст гэтага т-ра. У 1946—49 саліст Пермскага т-ра оперы і балета. У 1949—57 вядучы танцоўшчык Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—69 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Артыст лірыка-драм. плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Феб, Іванушка («Эсмеральда», «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Стварыў вострахарактарны вобраз Князя («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬЦЭР (Кацярына Васілеўна) (14.11.1876, Масква — 12.12.1962),
расійская балерына. Нар.арт. Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял.т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАТКЕ́ВІЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада «Чырвоны кастрычнік» А.І.Далідовіча супраць ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Капаткевічы 17.1.1942 у Вял.Айч. вайну. Кіраваў боем камісар атрада С.В.Маханько. Раніцай у гэты дзень партызаны акружылі Капаткевічы, дзе размяшчаўся варожы гарнізон (каля 100 гітлераўцаў), бясшумна знялі вартавых і адрэзалі шлях да адступлення. Невял. групамі па 3—5 чал. партызаны знянацку напалі і закідалі гранатамі хаты, у якіх размяшчаліся гітлераўцы. Праціўнік спрабаваў прабіцца на паўд. ўскраіну пасёлка да чыгункі Жыткавічы—Калінкавічы, але трапіў пад агонь партызан. За 4 гадз бою загінула больш за 60 гітлераўцаў, партызаны захапілі 18 вінтовак, станковы кулямёт, 1 тыс.т збожжа, якое прызначалася да адпраўкі ў Германію. Большую частку яго партызаны раздалі насельніцтву. Капаткевічы былі першым раённым цэнтрам, які вызвалілі бел. партызаны ў 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НАЎ (Віктар Міхайлавіч) (н. 27.2. 1940, в. Уласава Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1967). Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі. Станковым творам уласцівы лірычная і сімвалічна-рамант. вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонавых кантрастаў, сакавіты колер. Аўтар тэматычных кампазіцый «1941» (1974), «Браслаўскія рыбакі» (1975), трыпціхаў «На Віцебскім дывановым» (1978), «Ранішняя змена» (1981), «Сураж—Віцебск» (1984), «Яблыкі на снезе» (1990), нацюрмортаў «Хлеб» (1970), «Прасніцы» (1989), «Матылёк» (1990), «Чырвоны нацюрморт» (1998), пейзажаў «Вечарэе» (1968), «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Веснавы матыў» (1984), «Зімовае сонца» (1998), партрэтаў. Выканаў размалёўкі «Памяць» у Музеі баявой славы ў Полацку (1972), «Легенда пра стары Полацк» у кавярні «Віцязь» (1979), «Белая Русь» у кінатэатры «Мінск» (1981), «Дзвіна» ў рэстаране «Пралеска» (1983) — усе ў Наваполацку.