Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжымапартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),
частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс.км. Пл. 91,6 млн.км², аб’ём вады 329,7 млн.м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).
Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).
Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс.км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд.ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр.ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс.км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.
Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58°паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.
Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50°паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60°паўн. ш. І -1 °C на 60°паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30°паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35°паўд. ш.
Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м.вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна 2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60°паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс.км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ АКІЯ́Н,
трэці па велічыні акіян на Зямлі (пасля Ціхага і Атлантычнага). Размешчаны пераважна ў Паўд. паўшар’і, паміж Афрыкай, Азіяй, Аўстраліяй і Антарктыдай. Пл. з морамі 76,17 млн.км², аб’ём вады 282,6 млн.км³. Сярэдняя глыб. 3711 м, найб. — 7729 м (Зондскі жолаб). Умоўную мяжу з Атлантычным ак. праводзяць па мерыдыяне мыса Ігольнага, з Ціхім ак. — па мерыдыяне м. Паўднёвага.
Берагі. Берагавая лінія слаба расчлянёная, за выключэннем паўн. часткі, дзе размяшчаецца большасць ускраінных мораў і буйнейшых заліваў. Да бас. І.а. належаць моры: Чырвонае (унутр.), Аравійскае, Андаманскае, Тыморскае, Арафурскае і антарктычныя — Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля; буйныя залівы: Адэнскі, Персідскі, Аманскі, Бенгальскі, Карпентарыя, Вялікі Аўстралійскі (гл. адпаведныя арт.). На ПнЗ і У берагі карэнныя, на ПнУ і З пераважаюць наносныя.
Астравы. Астравоў параўнальна мала. Найбольшыя з іх мацерыковага паходжання: Мадагаскар, Сакотра, Шры-Ланка. У адкрытай ч. акіяна трапляюцца вулканічныя астравы: Кразе, Каморскія, Маскарэнскія, Андаманскія і інш.; каралавыя астравы: Лакадыўскія, Мальдыўскія, Чагас, Какосавыя, Аміранцкія (гл. адпаведныя арт.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца: падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф) — 29%, мацерыковы схіл — 2%, ложа акіяна — 52%, сярэдзінна-акіянічныя хрыбты — 17% ад пл. акіяна. У межах шэльфа змяншаецца магутнасць зямной кары мацерыковых ускраін і яна пераходзіць у акіянічную. На ПнУ акіян абмежаваны складанай пераходнай зонай (актыўнай ускраінай — зонай паглынання літасферных пліт), якая ўключае Зондскую астраўную дугу і Зондскі жолаб. Шыр. шэльфаў не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, у раёне м. Ігольнага на Пд Афрыкі, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Індастан і паўн.-зах. ўзбярэжжа Аўстраліі яна пашыраецца да 300—350 км. Край шэльфа знаходзіцца на глыб. 100—200 м (каля Антарктыды да 400—500 м). Мацерыковы схіл уяўляе сабой круты (да 10—30°) уступ, месцамі расчлянёны падводнымі далінамі рэк Інд, Ганг і інш. У межах ложа акіяна вылучаецца Сярэдзінна-Індыйскі хр., утвораны сістэмай сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў (Аўстрала-Антарктычнае падняцце, Заходне-Індыйскі хрыбет, Аравійска-Індыйскі, Афрыканска-Антарктычны, Цэнтральнаіндыйскі), якая ў раёне Адэнскага зал. і Чырвонага м. спалучаецца з унутрымацерыковымі сістэмамі рыфтаў. Агульная даўж. сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў І.а. каля 20 тыс.км, шыр. 400—1000 км і больш, выш. 2,5—4 км. Сярэдзінна-Індыйскі хр. падзяляе ложа акіяна на 3 сегменты, у якіх размяшчаюцца глыбакаводныя катлавіны: у паўн.-ўсх. секары — Аманская, Аравійская, Цэнтральная, Какосавая, Зах.-Аўстралійская, Натураліста, Паўд.-Аўстралійская; у зах. — Самалійская, Аміранцкая, Маскарэнская, Мадагаскарская, Каморская, Мазамбікская і Агульяс; у прыантарктычным — Кразе, Афрыканска-Антарктычная, Аўстрала-Антарктычная (гл. адпаведныя арт.). Сярэдзінныя хрыбты маюць максімальна расчлянёны рэльеф. Яны рассечаны шматлікімі трансформнымі разломамі, якія ў агаленнях даюць поўны разрэз акіянічнай кары (знізу ўверх) — ультраасн. пароды, габра, габра-дыябазы, базальтавыя лавы і асадачны слой. Сярэдняя магутнасць акіянічнай кары ў катлавінах 6 км. Рэльеф ложа ўскладняецца буйнымі хрыбтамі і масівамі, частка якіх (Мадагаскарскі, ч. Маскарэнскага з банкай Сейшэльскіх а-воў і банкай Сая-дэ-Мелья, узв. Агульяс) маюць мацерыковую кару. Паміж хрыбтамі размешчаны жалабы (Зондскі, Тыморскі, Кай). Фарміраванне І.а. пачалося 130—150 млн. гадоў назад пасля расколу Гандваны ў выніку рухаў Афр., Антарктычнай і Інда-Аўстрал. літасферных пліт. Напрамак і скорасць руху пліт мяняліся на працягу геал. гісторыі І.а. Найб.стараж. частка І.а. — вялізнае меза-палеазойскае базальтавае ложа на У і Пд. Зондскі жолаб утварыўся ў кайназойскі перыяд.
Донныя адклады. У размеркаванні асадкаў І.а. праяўляецца залежнасць ад шыротна-кліматычнай, цыркуммацерыковай і вертыкальнай занальнасці. Уздоўж мацерыкоў па перыферыі акіяна пашыраны тэрыгенныя адклады. У пелагіялі акіяна на глыб. менш за 4000 м намнажаюцца фарамініферавыя і какалітавыя ілы. На больш значных глыбінях у гуміднай экватарыяльнай і антарктычнай зонах яны замяшчаюцца крамяністымі (дыятомавымі і радыялярыевымі) іламі, у арыднай — чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Карысныя выкапні: нафта і газ (Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, шэльфы Паўд.-Усх. Азіі, Аўстраліі; узбярэжжа Бангладэш, у Андаманскім і Чырвоным м., Адэнскім зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі); россыпныя радовішчы касітэрыту, рутылу, цырконію, манацыту (на ўзбярэжжы Паўд.-Усх. Азіі і Аўстраліі); буйныя палі жалеза-марганцавых канкрэцый на дне катлавін (Зах.-Аўстралійская, Цэнтральная, Паўд.-Аравійская, Кразе і інш.); вял. паклады солі ў Чырвоным м.
Клімат. І.а. размешчаны з Пн на Пд ва ўсіх кліматычных паясах Паўд. паўшар’я. Паўн.ч. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльны паясах і толькі часткова (Чырвонае м., Персідскі зал. і ч. акіяна каля паўд. берагоў Аравійскага п-ва) у трапічным поясе Паўн. паўшар’я. Для паўн. часткі І.а. характэрна мусонная цыркуляцыя, якая фарміруецца пад уплывам сезоннага чаргавання высокага і нізкага атм. ціску над Азіяй. На трапічных і субтрапічных шыротах паўд. часткі І.а. пераважаюць паўд.-ўсх. пасатныя вятры, на ўмераных шыротах — зах. вятры з цыклонамі. У трапічных шыротах летам і ўвосень частыя ўраганы (тайфуны).
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн пераважаюць мусонныя цячэнні, летам накіраваныя на У, зімою — на З. Каля афр. берагоў пераменнае Самалійскае цячэнне цёплае зімою і халоднае летам. Міжпасатнае супрацьцячэнне выразнае паміж 3° і 80 паўд. ш зімою. Пастаяннае Паўднёвае Пасатнае цячэнне з адгалінаваннямі цёплых Мадагаскарскага цячэння, Мазамбікскага цячэння і Ігольнага мыса цячэння. Кругаварот у Паўд. паўшар’і заканчваюць халодныя Заходніх Вятроў цячэнне і Заходне-Аўстралійскае цячэнне. Глыбінныя цячэнні ад Антарктыды і субтрапічных шырот пранікаюць на Пн да п-ва Самалі. У падпаверхневых слаях экватарыяльных шырот з З на У супрацьцячэнне Тарэева, звязанае з буйнамаштабнай сістэмай глыбіннага ўсх. пераносу. Пераважныя т-ры вады на паверхні вышэй за 20 °C, на крайнім Пд — ніжэй за 0 °C. Салёнасць ад 32 да 36,5‰, найб. — у Чырвоным м. (41‰) і Персідскім зал. (37—39‰). Шчыльнасць вады найб. (1027 кг/м³) у антарктычных шыротах, найменшая (1018 кг/м³) у паўн.-ўсх.ч. акіяна і ў Бенгальскім зал. прылівы паўсутачныя і няправільныя паўсутачныя (5—11,9 м у Камбейскім зал., 0,5—1,6 м у адкрытым акіяне). Ільды ўтвараюцца ў антарктычных шыротах і выносяцца ветрам і цячэннямі да 55°паўд. ш. ў жн. і да 65—68°паўд. ш. ў лютым. Айсбергі асабліва шматлікія паміж 40 і 80°усх. д.
Флора і фауна. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў. Б.ч. ўзбярэжжа занята мангравымі зараснікамі са спецыфічнай фаунай. Ва ўмеранай зоне на мацерыковай водмелі чырвоныя і бурыя водарасці (ламінарыі фукусы, макрацысціс), розныя беспазваночныя. У слоі вады глыб. да 100 м у адкрытым акіяне перадзініевыя і дыятомавыя, а ў Аравійскім м. сіне-зялёныя водарасці. Асн. масу жывёл складаюць рачкі капеподы (больш за 100 відаў), малюскі, медузы, сіфанафоры і інш. З аднаклетачных характэрны радыялярыі, з рыб — лятучыя рыбы, буйныя і дробныя тунцы, рыбы паруснікі, акулы і інш. Толькі ў І.а. знойдзена найстаражытнейшая рыба латымерыя. Шмат кальмараў. Буйныя марскія млекакормячыя — дзюгонь, зубаты і бяззубы кіты, ластаногія. Сярод птушак найб. альбатросаў, фрэгатаў, пінгвінаў.
Гаспадарчае выкарыстанне. На І.а. прыпадае 5—6% сусв. ўлову рыбы і морапрадуктаў (сардзінела, тунцы, пеламіды, акуні, селядзец, анчоўсы, крэветкі і інш). Гал. раён промыслу — зах.ч. акіяна. Найбагацейшыя запасы нафты і газу на шэльфе Б. і Сярэдняга Усходу (Персідскі зал.); перспектыўныя шэльфавыя зоны Індастана, Усх. Афрыкі, Зах. Аўстраліі. Прыбярэжна-марскія россыпы Індастана, Шры-Ланкі, Зах. Аўстраліі багатыя ільменітам, цырконам, рутылам і манацытам. Каля берагоў М’янмы і Тайланда пашырана волаваносная руда (касітэрыт). Прыбярэжна-марскія радовішчы інтэнсіўна распрацоўваюцца. Глыбакаводная цэнтральная ч. акіяна перспектыўная для здабычы жалеза — марганцавых канкрэцый. Большая ч. марскіх маршрутаў транзітная (заканчваюцца ў партах Атлантычнага і Ціхага ак.). Гал. марскія шляхі пралягаюць у паўн.ч. акіяна (у шыротным напрамку) і з Персідскага зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі, у Атлантычны ак. Вялікае значэнне маюць перавозкі цераз Суэцкі канал. Пераважаюць экспартныя сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, жалезная руда, збожжа), павялічваюцца перавозкі імпартных прамысл. тавараў. Асн. маршруты авіяліній перасякаюць І.а. у раёнах і Персідскага зал., Аравійскага м. і Бенгальскага зал. Адкрытыя раёны І.а. перасякае адна авіялінія ад Найробі праз а-вы Мадагаскар, Маўрыкій, Какосавыя да Паўд. Аўстраліі (Перт). На дне пракладзены тэлегр. кабелі. На берагах І.а. размешчаны спецыялізаваныя парты: Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Харк (Іран), Міна-эль-Ахмады (Кувейт) і інш. і універсальныя — Адэн (Йемен), Бамбей, Калькута (Індыя), Карачы (Пакістан), Янгон (М’янма), Фрымантл (Аўстралія), Дурбан (ПАР), Мапуту (Мазамбік), Мамбаса (Кенія), Дарх-Салам (Танзанія), Магадыша (Самалі) і інш.
Літ.:
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),
Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжымМабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗІ́ЛІЯ (Brasil),
Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр.ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс.км. Пл. 8,5 млн.км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г.Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).
Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.
Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на ПдБразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд.т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял.р.Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн.кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр.ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.
Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3 млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш.хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн.ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс.ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн.чал.Партуг. мараплавец П.А.Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц.чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона I (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац.б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд.ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру I зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс.чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен.рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.Г.Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц.фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.Куадрус (студз.—жн. 1961) і Ж.Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял.сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен.рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.
Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.Э.Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз.дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн.чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн.чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.
Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд.дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн.т, марганцавай 722 тыс.т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн.т, волава 25,6 тыс.т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн.т, нафты 32 млн.т, каменнага вугалю каля 30 млн.т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд.л, на ім працуе каля 1/3 аўтатранспарту). Вытв-сцьэл. энергіі 248,8 млрд.кВт∙гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн.кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн.т, сталі 25,7 млн.т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен.прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн.т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн.т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн.м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн.т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн.т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс.т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн.т, бавоўна — 405 тыс.т, цукр. трыснёг — 251,4 млн.т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн.т, бананы — 5,6 млн.т, тытунь — 663 тыс.т, сізаль — 126 тыс.т. На Пд развіта вінаградарства. Гал.харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн.т (у т. л. кукуруза — 30 млн.т, рыс — 10,2 млн.т, пшаніца — 2,2 млн.т), маніёк — 21,7 млн.т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн.т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн.км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс.км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс.км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс.км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн.т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.
Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс.чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс.чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс.чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац.гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн.экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.
Літаратура. Нац.л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг.тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.Тэйшэйра Пінту, А.Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.Батэлью ды Алівейра, Н.Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян.літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.А.Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст.браз.л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.Рамус, Ж.Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.Э.Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.Мейрэліс ды Ліма, П.Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.Гарсія Роза, Ф.Р.Карвалью, Ж.М.Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.Гаэлдзі, К.Скліяр, Р.Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).
Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес.муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз.нац. оперы К.А.Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.Мігіс, Э.Освалд, А.Леві, Ф.Брага, А.Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.Л.Фернандыс, Ф.Міньёні, Р.Гнаталі, К.Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз.авангардызму С.Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз.муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).
Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес.тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.Азеведу, Л.Фроіса, Г.Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр.навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз.т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.Марына, А.Чэлі, Дж.Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.Камаргу, Н.Радрыгіса, Г.Фігейрэду і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац.муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.Маўру, А.Кавалканці, Л.Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.Віяні, Н.Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».
Літ.:
История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;
Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;
Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;
Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Культура Бразилии. М., 1981;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;
Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;
Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;
Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;
Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Бразіліі.Да арт.Бразілія. Узбярэжжа заліва Рыо-дэ-Жанейра.Да арт.Бразілія. Вадаспад Ігуасу на р. Парана.Да арт.Бразілія. К.Партынары. Збор кавы. 1935. Фрагмент.Да арт.Бразілія. Статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду ў Рыо-дэ-Жанейра. Скульптар П.Ландоўскі. 1931.Да арт.Бразілія. Царква Сан-Франсіску ў Ору-Прэту. Арх. і скульптар Алейжадынью. 1766—94.Да арт.Бразілія. Вуліца 9 Ліпеня ў Сан-Паўлу.Да арт.Бразілія. Падрыхтоўка саджанцаў кававых дрэў да пасадкі.Да арт.Бразілія. Інтэр’ер кафедральнага сабора ў г. Бразілія. Арх. О.Німеер. 1960.Да арт.Бразілія. Адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Арх. О.Німеер. 1957—60.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НІЯ (Shqipëria),
Рэспубліка Албанія (Republika e Shqipërisë), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на З Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй, на У з Македоніяй, на ПдУ і Пд з Грэцыяй; на З абмываецца водамі Адрыятычнага і Іанічнага мораў. Праліў Отранта аддзяляе Албанію ад Італіі. Пл. 28,7 тыс.км². Нас. 3,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Тырана. Падзяляецца на 26 адм. адзінак (рэці). Афіц. мова — албанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці Албаніі (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле Закону аб асн. палажэннях канстытуцыі ад 29.4.1991 Албанія — парламенцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы орган дзярж. улады і заканад. орган — Нар. сход. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Пн — Паўн.-Албанскія Альпы (Праклетые), на У — хрыбты Таморы, Корабі (выш. да 2764 м), Дэшаты, Ябланіца, на Пд — адгор’і хр. Пінд. На астатняй тэр. краіны асобныя горныя масівы, на У катлавіна Корча. На ўзбярэжжы мора і цэнтр. частцы — узгорыстыя раўніны. Горы складзены з вапнякоў і сланцаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалеза-нікелевыя, медныя і хромавыя руды, баксіты, бітум, буры вугаль, соль і інш. Клімат на раўнінах і на ніжніх схілах гор субтрапічны міжземнаморскі (сярэдняя т-растудз. -8...-9 °C, ліп. 24—25 °C), у гарах — умераны; снегавое покрыва трымаецца тут некалькі месяцаў. Ападкаў 800—1000 мм на раўнінах, 1000—2000 мм у гарах. Рэкі горныя, кароткія і мнагаводныя; найбольшыя Дрын, Шкумбіні, В’ёса, Семані, Маты; часткова належаць Албаніі буйныя тэктанічныя азёры: Шкодэр (Скадарскае), Ахрыдскае, Прэспа. На раўнінах і ніжніх схілах гор — субтрапічныя хмызнякі і лясы, вышэй — шыракалістыя і хваёвыя лясы (пад лесам каля 43% тэр.), вышэй за 2000 м — альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — албанцы, жывуць таксама грэкі, македонцы, чарнагорцы, цыганы і інш. Сярод вернікаў — каля 70% мусульман-сунітаў і 30% хрысціян (20% праваслаўныя, 10% католікі). Натуральны прырост каля 20 чал. на 1 тыс.чал. за год. Ва ўзроставай структуры насельніцтва больш за палавіну — асобы да 25 гадоў. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 119 чал. на 1 км² (1994), на раўнінах да 200—300 чал. на 1 км². У прам-сці занята 53% самадз. насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 47%. Гар. насельніцтва 36,1% (1990). Буйнейшыя гарады (1990) — Тырана (243 тыс.ж.), Дурэс (85 тыс.ж.), Эльбасан (83 тыс.ж.), Шкодэр, Влёра. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 23 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць 32,9 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Албаніі жылі ілірыйцы, якія ў 4—3 ст. да н.э. ўтварылі сваю рабаўладальніцкую дзяржаву. З 2 ст. да н.э. Албанія ўваходзіла ў склад Рымскай, з 395 — Візантыйскай імперый. Нашэсце вестготаў і гунаў у канцы 4—5 ст.н.э., пранікненне слав. плямёнаў у 6—7 ст. прывялі да разбурэння рабаўладальніцкага ладу, з 8 ст. пачалі фарміравацца феад. адносіны. У 9—пач. 11 ст. Албанія ў складзе Першага балг. царства, пасля яго падзення (1018) — у складзе Візантыі. У 2-й пал. 11 ст. прыбярэжную ч. Албаніі захапілі нарманы. У канцы 12 ст. на Пн Албаніі ўзнікла незалежная алб. дзяржава — Арберыйскае княства. У гэты час з’явіўся этнонім «албанцы». Пазней Албанія ўваходзіла ў склад Эпірскага царства, Неапалітанскага і Сербскага каралеўстваў, была пад уладай Венецыі. З 14 ст. пачалося тур. заваяванне Албаніі. У 1443 барацьбу супраць туркаў узначаліў Скандэрбег (Георг Кастрыёці), які стварыў саюз алб. князёў і армію. Пасля яго смерці саюз распаўся, і да 1479 туркі захапілі амаль усю Албанію. Іх панаванне і жорсткі прыгнёт прывялі да заняпаду гасп.-эканам. і культ. жыцця, да паўстанняў алб. народа ў 1481, 1537, 1571. У 2-й пал. 18 ст. на тэр. Албаніі ўзніклі 2 паўнезалежныя феад. дзяржавы: фактычна незалежнымі кіраўнікамі паўн. і цэнтр. Албаніі ў 1757—1831 былі прадстаўнікі алб.феад. роду Бушаці; паўд. Албаніі, Эпірам і Фесаліяй у 1787—1822 кіраваў Аліпаша Тэпеленскі. Аднак тур. ўлады падпарадкавалі і гэтыя раёны. У сярэдзіне 19 ст. пачаўся рух алб. адраджэння. У 1878 узнікла Албанская ліга і абвясціла сябе ўрадам. Пасля разгрому лігі кіруючая роля ў вызв. руху перайшла да асветных т-ваў, створаных за мяжой. На пач. 20 ст.нац.-вызв. рух актывізаваўся (гл.Албанскае паўстанне 1912). У час 1-й Балканскай вайны, калі паўстала пытанне пра падзел Албаніі паміж Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй, сход прадстаўнікоў розных раёнаў краіны абвясціў 29.11.1912 незалежнасць Албаніі, быў сфарміраваны ўрад на чале з І.Кемалі. Краіны Антанты, фармальна прызнаўшы незалежнасць Албаніі, у 1913 устанавілі над ёю пратэктарат. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на абвешчаны нейтралітэт, тэр. Албаніі акупіравалі італьян., грэч. і серб. войскі, а сакрэтны Лонданскі дагавор 1915 паміж краінамі Антанты і Італіяй ліквідаваў незалежнасць Албаніі. 21—31.1.1920 алб.Нац. кангрэс пацвердзіў незалежнасць Албаніі. Да ўлады прыйшла групоўка на чале з феадалам А.Зогу, антынар. палітыка якой выклікала незадаволенасць у краіне. У чэрв. 1924 у Албаніі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам арг-цыі «Башкімі». Новы ўрад на чале з Ф.Нолі распрацаваў праграму дэмакр. рэформаў. У снеж. 1924 урад Нолі быў скінуты Зогу. 25.1.1925 Албанія абвешчана рэспублікай, Зогу — яе прэзідэнтам, а 1.9.1928 — каралём. У краіне ўсталяваўся дыктатарскі рэжым, у яе эканоміцы панаваў італьян. капітал. У крас. 1939 — вер. 1943 Албанія акупіравана фаш. Італіяй. У краіне разгарнуўся рух Супраціўлення, у якім удзельнічалі партыі камуністычная, «Балі камбетар», «Легалітэт» і інш. Летам 1943 з партыз. атрадаў сфарміравана Нац.вызв. армія. Пасля капітуляцыі Італіі Албанію акупіравала фаш. Германія (вер. 1943—ліст. 1944). 25.4.1944 на кангрэсе ў г. Перметы створаны Антыфаш. нац.-вызв.к-т Албаніі, які 20.10.1944 пераўтвораны ў Часовы дэмакр. ўрад на чале з Э.Ходжам. 11.1.1946 Албанія абвешчана Нар. рэспублікай, 14.3.1946 прынята канстытуцыя. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны прадпрыемствы, банкі, транспарт, абвешчаны пераход да планавай гаспадаркі і будаўніцтва сацыялізму. Але камуніст. партыя Албаніі (з 1948 Албанская партыя працы) устанавіла таталітарны рэжым. У 1961 улады краіны, незадаволеныя крытыкай культу асобы Сталіна, разарвалі дыпламат. адносіны з СССР, у 1978 — са сваім асн.ідэалаг., знешнепаліт. і эканам. партнёрам Кітаем і апынуліся ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. У снеж. 1976 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Нар.Сацыяліст. Рэспубліку Албанія. Пасля смерці Ходжы (1985) Алб. партыю працы ўзначаліў Р.Алія, які пачаў адыход ад сталінскай і кітайскай мадэляў сацыялізму, ад палітыкі самаізаляцыі. З 1989 у Албаніі пачаўся працэс распаду таталітарнай сістэмы. Дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця спадарожнічала абнаўленне дзярж.-прававых структур, узнікла легальная апазіцыя, якая аформілася ў паліт. партыі. У сак. 1991 адбыліся першыя парламенцкія выбары на шматпарт. аснове. У кастр. 1991 прынята новая канстытуцыя, краіна стала называцца Рэспублікай Албаніяй. Аднак няўстойлівасць унутрыпаліт. і эканам. сітуацыі прывяла да змены трох урадаў і правядзення ў сак. 1992 датэрміновых парламенцкіх выбараў. Прэзідэнт Алюаніі — С.Берыша, прэм’ер-міністр — А.Мексі (з крас. 1992). Албанія — член ААН (1955), АБСЕ (1991), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (1992). Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.5.1993.
Палітычныя партыі: Дэмакратычная партыя Албаніі (дамінуе ў кіраванні краінай), Албанская сацыялістычная партыя, Сацыял-дэмакр. партыя Албаніі, Саюз за правы чалавека, Алб.рэсп. партыя, Алб.дэмакр. альянс і інш.
Гаспадарка. Эканамічна найменш развітая краіна Еўропы. Прам-сць дае 67% валавой прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 5,0 млрд.кВт∙гадз (1992), ГЭС на рэках Дрын, Маты. Развіта горназдабыўная прам-сць: храмітаў (больш за 1 млн.т у 1990, вядучае месца ў Еўропе), меднай руды (каля 1 млн.т), бурага вугалю (2,1 млн.т), нафты (1,1 млн.т), азбесту (0,6 млн.т), прыроднага бітуму. Вядзецца нафтаперапрацоўка (Сталін, Фіеры, Цэрык). Ёсць чорная і каляровая металургія (Эльбасан, Бурэлі, Лячы, Шкодэр), хім.прам-сць (пераважна вытв-сць угнаенняў, соды ў Фіеры, Лячы, Влёры), маш.-буд. і металаапр. (Тырана, Дурэс, Эльбасан), лесапільная, дрэваапр. і папяровая прам-сць (Пн і цэнтр краіны). Вядучае месца па аб’ёме прадукцыі займаюць харч. і лёгкая прам-сць. Вылучаецца вытв-сць аліўкавага алею, тытунёвых вырабаў, кансерваў з садавіны. Ёсць прадпрыемствы тэкст. (Тырана, Берат), трыкат. (Корча), гарбарна-абутковай (Тырана, Дурэс), цэментнай (Тырана) прам-сці. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пасяўная пл. 704 тыс.га, каля палавіны яе штучна арашаецца (1990). Пераважаюць збожжавыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс, ячмень), меншая плошча пад тэхн. культурамі (тытунь, сланечнік, цукр. буракі, соя), бульбай і гароднінай. Развіта садоўніцтва (значныя плошчы пад аліўкамі) і вінаградарства. Гал. раёны земляробства — З краіны і катлавіна Корча. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, козы, свінні) горна-пашавая. Гал. від транспарту аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 7,5 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км асфальтаваных, чыгункі 720 км. Гал. марскія парты Дурэс, Влёра, Саранда. Знешнегандлёвы абарот 6,1 млрд. лекаў (1990), у т. л. экспарт — 2,3, імпарт — 3,8 млрд. Албанія экспартуе храміты, медзь, нафтапрадукты, асфальт, прадукты жывёлагадоўлі, тытунь, масліны, цытрусавыя, драўніну і інш.; імпартуе машыны і прамысл. абсталяванне (31% імпарту), харч. прадукты (пераважна збожжа), медыкаменты і інш.Гандл. партнёры: Італія, Германія, краіны Балканскага п-ва і Усх. Еўропы. Грашовая адзінка — лек.
Узброеныя сілы Албаніі налічваюць 48 тыс.чал. (1991), складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухапутных войскаў на ўзбраенні танкі, палявая і зенітная артылерыя, стралк. зброя; у ВПС — баявыя і трансп. самалёты, верталёты; у ВМС — падводныя лодкі, караблі і катэры розных класаў. Ваенна-марская база — Влёра. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульным воінскім абавязку, прызыўны ўзрост — 18 гадоў. Тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках — 2, у ВПС, ВМС і спец. часцях — 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у ваен. вучылішчах і акадэміі. Ёсць таксама ваенізаваныя арг-цыі і падпарадкаваныя МУС войскі ўнутр. бяспекі, пагранвойскі.
Асвета, навуковыя ўстановы. У 1989 у Албаніі больш за 3,2 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (121 тыс. дзяцей да 5 гадоў). 1,7 тыс.пач. школ (547 тыс. вучняў, 27,9 тыс. настаўнікаў), 43 сярэднія агульнаадук. школы (больш за 59 тыс. вучняў, 1,8 тыс. настаўнікаў). Прафес. адукацыю даюць ніжэйшыя (1—2-гадовыя) і сярэднія (3—4-гадовыя) прафшколы і тэхнікумы на базе няпоўнай сярэдняй школы (у іх вучылася больш за 135 тыс.чал.). У ВНУ — Тыранскі дзярж.ун-т (засн. ў 1957), 2 с.-г., 3 пед. ін-ты, тэатральны, выяўл. мастацтваў, заатэхнічны, фіз. культуры, кансерваторыя — займаліся 25 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Тыране, універсітэцкая. Музеі: археалагічны, этнагр., барацьбы за нац. вызваленне, гістарычны. Навук. даследаванні вядуцца ў ін-тах Акадэміі навук (засн. 1973), на ф-тах ун-та.
Друк, радыё, тэлебачанне. З некалькіх дзесяткаў перыяд. выданняў найбуйнейшыя газеты: «Zeri i Popullit» («Голас народа»), «Republika» («Рэспубліка»), «Alternativa» («Альтэрнатыва»), «Bashkimi» («Адзінства»). Дзярж.інфарм. агенцтва — Алб.тэлегр. агенцтва (АТА, з 1944). Тэлебачанне з 1960. Дзейнічае дзярж.арг-цыя «Албанскае радыёвяшчанне і тэлебачанне». Цэнтр. радыёстанцыя — «Тырана». Працуюць радыёстанцыі ў некаторых абл. цэнтрах.
Літаратура. Вытокі алб. л-ры ў фальклоры. Лічыцца, што стараж. пласт культуры і пісьменства знішчаны тур. заваёўнікамі. Самы ранні пісьмовы твор — «Формула хрышчэння» (1462) епіскапа Паля Энгелы. У канцы 15 — пач. 16 ст. атрымалі вядомасць працы гістарыёграфаў і гуманістаў, у т. л. «Гісторыя жыцця і подзвігаў Скандэрбега» (1508—10) М.Барлеці. Першую друкаваную кнігу на алб. мове — службоўнік «Мэшары» (1555) — склаў і выдаў Г’ён Бузуку. Паслядоўнікамі яго былі: П.Будзі — буйнейшы прадстаўнік паэзіі алб. барока, рэфарматар пісьма, аўтар духоўна-асв. кніг «Хрысціянская дактрына» (1618) і «Рымскі рытуал» (1621); Ф.Бардзі — складальнік першых лац.-алб. слоўніка (1635), зб. фальклору, жыццяпісу нац. героя Скандэрбега; П.Багдані — аўтар багаслоўскіх прац. На працягу стагоддзяў тур. панавання ў л-ры трохканфесіянальнага алб. народа назіралася збліжэнне з суседнімі культурамі: паэты-«бэйтэджы» трымаліся пераважна перс. і тур. узораў, грэкафілы цягнуліся да ант. і візант. традыцый, «арберэшы» (алб. эмігранты ў паўд. Італіі) былі прыхільнікамі рымска-каталіцкага кірунку развіцця. Уздым алб. л-ры прыпадае на 19 ст., праяўляецца ў плыні рамантызму. Найб. значныя прадстаўнікі К.Крыстафарыдзі, І.Дэ Рада, З.Серэмбе, В.Шкадрані (П.Васа), Ф.Мітка, С.Фрашэры. Заснавальнікам новай алб. л-ры лічыцца паэт Наім Фрашэры. У пач. 20 ст. ў л-ры ўсталёўваецца метад крытычнага рэалізму, пераважае публіцыстыка. Сярод найб. прызнаных пісьменнікаў перыяду паміж сусв. войнамі А.Чаюпі (А.Чака), Асдрэні (А.С.Дранова), Мігені (М.Д.Нікола), М.Грамена, Ф.Нолі. Дасягненні алб. л-ры сацыяліст. перыяду звязаны з імёнамі Дз.Шутэрычы, Ш.Мусарая, С.Спасе, Ф.Арапі, І.Кадары. Пасляваен. пакаленне прадстаўляюць: М.Каламата, В.Какона, К.Буджэлі, Дз.Джувані, Т.Ляча, Б.Муча. Л-ра на алб. мове ствараецца таксама прадстаўнікамі алб.нац. меншасці, якія жывуць у Югаславіі (краі Косава, Метохія).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Албаніі адносяцца да 1-га тыс. да н.э. Ад ант. эпохі (з 7 ст. да н.э.) захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў, грамадскіх і жылых дамоў, мазаік і керамікі на месцах грэч. калоній (Апалонія Ілірыйская, Бутрынт Дурэс і інш.), рымскіх умацаваных гарадоў (Эльбасан і інш.). У царк. архітэктуры сярэднявечча ў цэнтры і на Пд пераважалі збудаванні візант. тыпу (цэрквы ў вёсках Ляўдары і Мбор’я, 13—14 ст., у г. Васкапоя, 17—18 ст.); на Пн, дзе быў пашыраны каталіцызм, — раманскага тыпу (сабор у в. Шасі, цэрквы ў вёсках Вау-і-Дэес і Аботы, усе 13 ст.). З пашырэннем у 17 ст. ісламу ў гарадах з’яўляюцца мячэці, палацы знаці (сараі), крытыя рынкі (безыстэні). Да сярэдзіны 20 ст. ў большасці гарадоў Албаніі пераважалі 2-павярховыя, мураваныя або з мураваным ніжнім і дашчаным верхнім паверхамі жылыя дамы, крытыя чарапіцай. У горных раёнах да пач. 20 ст. ўзводзіліся «кулы» — вежападобныя збудаванні з навяснымі байніцамі. Выяўл. мастацтва Албаніі ў сярэднявеччы развівалася пад уплывам Візантыі. Раннія помнікі фрэскавага жывапісу адносяцца да 12—14 ст. (размалёўка царквы Тройцы ў в. Ляўдары і інш.). З 16 ст. заўважаецца ўплыў італьян. Адраджэння, узмацніліся рэаліст. тэндэнцыі (размалёўкі Ануфрыя з Неакастра, Давіда з Селеніцы). З канца 18 ст. да пач. 20 ст. асноўным відам выяўл. мастацтва быў іканапіс, які прытрымліваўся візант. традыцый. У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся творы станковага жывапісу (Н.Марціні, С.Дзега), у 1920-я г. — скульптура (першы алб. скульптар Паскалі). У 1940—50-я г. ў жывапісе і скульптуры ўзмацніўся рэаліст. кірунак, развіваліся гіст., бытавы, партрэтны, пейзажны жанры (мастакі С.Рота, В.Міо, Н.Займі, С.Кацэлі, скульптары Я.Пача, Л.Нікола і інш.), з’явіліся кніжная ілюстрацыя, плакат. Нар.дэкар.-прыкладное мастацтва Албаніі прадстаўлена традыц. філіграннымі сярэбранымі ўпрыгожаннямі, шарсцянымі бязворсавымі дыванамі, паліхромнай разьбой па дрэве, дэкар. размалёўкамі.
Музыка. Народнае муз. мастацтва фарміравалася пад уплывам суседніх балканскіх і італьян. культур, элементаў турэцкай музыкі. Разнастайны ў жанравых і стылявых адносінах песенны і песенна-танцавальны фальклор мае рэгіянальныя адрозненні, вылучаюцца паўд., цэнтр. і паўн. традыцыі. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны струнныя — чыфтэлі, ляхута, скрыпка, духавыя — зумарэ, кларнет, гайда (валынка), ударныя — даулэ, барабаны і бубны. Прафес.муз. культура Албаніі развіваецца з 1940-х г. У 1950—60-я г. створаны першыя оперы («Мрыка» К.Кона, 1958), балеты («Халіль і Хайрыя» Ч.Задэі, 1963), аперэты («Світанне» Кона, 1954), сімфанічныя, вак.-сімф. і камерна-інстр. творы. Сфарміраваліся выканальніцкая і кампазітарская школы: кампазітары Кона, Задэя, Н.Зарачы, Д.Лека, К.Трака, П.Якова, Т.Дая, Т.Харапі, Ф.Ібрахімі, К.Ляра, спевакі М.Края, А.Муля, І.Тукічы, дырыжоры М.Кранцья, М.Вака і інш. У Тыране працуюць Маст. ліцэй з муз. аддзяленнем (з 1947), філармонія (1950), Т-р оперы і балета (1956), Дзярж. ансамбль песні і танца (1958), кансерваторыя (1962). Саюз пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва (з секцыяй музыкі, 1956).
Тэатр. Вытокі сучаснага алб.т-ра ў стараж. культуры ілірыйцаў. Першыя тэатр. прадстаўленні ў Албаніі адбыліся ў канцы 19 ст. Творы нац. драматургаў С.Фрашэры, А.Чаюпі і інш. у пач. 20 ст. ставілі аматарскія трупы. У 2-ю сусв. вайну ў час італьян. акупацыі ўзніклі тэатр. гурткі ў партыз. атрадах; у 1944 у г. Перметы арганізавана Цэнтр.тэатр. трупа пры Нац.вызв. арміі. У 1945 створаны першы прафес.т-р — Дзярж. тэатр (народны тэатр) у Тыране. У рэпертуары п’есы алб. драматургаў К.Яковы, Б.Левоні, С.Пітаркі, Ф.Г’яты, а таксама У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ж.Б.Мальера. Прафес. т-ры створаны таксама ў Шкодэры, Корчы, Дурэсе. Сярод тэатр. дзеячаў: С.Міо, П.Стылу, М.Поні, Л.Кавачы, Л.Філіпі, Б.Імамі. З 1959 у Тыране працуе Вышэйшае акцёрскае вучылішча імя А.Моісі.
Кіно. Кінематаграфія ў Албаніі пачалася ў 1950-я г. з хранік. фільмаў. У 1952 пабудавана кінастудыя «Новая Албанія» (Тырана). Сумесная праца алб. і сав. кінематаграфістаў над фільмам «Вялікі воін Албаніі Скандэрбег» (1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Кане) — першая спроба ў галіне маст. кінематаграфіі. З 1958 наладжаны выпуск маст. поўнаметражных карцін («Тана», «Зямля ў полымі», «Група Супраціўлення», «Аперацыя — агонь», «Канцэрт у 1936 годзе»), здымаюцца навукова-папулярныя фільмы. Сярод рэжысёраў К.Дама, Г.Гакані, М.Фейза, Г.Эрэбара.
Герб і сцяг Албаніі.Да арт.Албанія. Кварталы Тыраны.Да арт.Албанія. Албанская Рыўера.Да арт.Албанія. Тэатр у Бутрынце. З ст. да н.э.Ануфрый з Неакастра. Давід. Дэталь фрэскі царквы св. Мікалая ў с. Шэльцан. Сярэдзіна 16 ст.Да арт.Албанія. Коннікі Скандэрбега штурмуюць Крую. З нямецкай гравюры 16 ст.