«КОНТРРЭФО́РМЫ»,

заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.

М.А.Сакалова.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)