БРО́ВІКАЎ Уладзімір Ігнатавіч (12.5.1931, г. Ветка Гомельскай вобл. — 2.10.1992),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, журналіст, дыпламат. Скончыў БДУ (1955), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1969). Канд. філас. н. (1969). З 1965 на журналісцкай і парт. рабоце ў Віцебскай вобл. З 1969 рэдактар газ. «Віцебскі рабочы», сакратар Віцебскага абкома КПБ. У 1972—78 у апараце ЦК КПСС. З 1978 2-і сакратар ЦК КПБ, з 1983 Старшыня СМ БССР.

У 1986—90 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Польшчы. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1979—86, Вярх. Савета СССР у 1979—89. Чл. ЦК і Бюро ЦК КПБ у 1978—86, чл. ЦК КПСС у 1981—90.

У.І.Бровікаў.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІН Сяргей Аляксеевіч (н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.​П.​Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1981—82.

Літ.:

Емельянов Л. Сергей Воронин. Л., 1983.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.​М.​Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.​С.​Пушкін і А.​С.​Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л. бел.) народаў, друкаваліся працы З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, К.​Ф.​Калайдовіча, М.​П.​Пагодзіна, І.​М.​Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).

С.​А.​Кузняева.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.​М.​Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.​М.​Астроўскага, І.​А.​Ганчарова, А.​К.​Талстога, І.​С.​Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДКО́Ў Яўген Пятровіч (н. 10.10.1941, в. Іванькава Пермскай вобл., Расія),

бел. цымбаліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас І.Жыновіча), з 1966 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 заг. кафедры, праф. з 1987). Выступае з сольнымі канцэртамі. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай айч. і зарубежнай музыкі (яму належаць многія пералажэнні і выканальніцкія рэдакцыі). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў (Г.​Вагнера, В.​Войціка, У.​Дарохіна, С.​Картэса, Э.​Тырманд, К.​Цесакова і інш.). Манера ігры адметная тэхн. свабодай, тэмпераментам, выяўляе тонкае адчуванне бел. нар. меласу. Аўтар «Школы ігры на цымбалах» (1983), метадычных дапаможнікаў, складальнік і рэдактар зборнікаў цымбальных твораў бел. кампазітараў. Чл. прэзідыума Сусв. асацыяцыі цымбалістаў (1995).

І.​І.​Зубрыч.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́БАЎ (Глебаў) Леанід Іванавіч

(5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),

украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.​Валасевіч, К.​Камейша.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1974.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЯРО́ЗКА»,

штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.

А.​М.​Бадак.

Вокладкі часопіса «Бярозка».

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КАР (Wakar) Уладзімір (26.8.1885, г. Тамбоў, Расія — 9.5.1933),

польскі эканаміст, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1917—24 выкладаў у Вышэйшай гандл. школе ў Варшаве. У 1915—19 працаваў у Бюро грамадскай працы (з 1918 дырэктар), дзе рэдагаваў важнейшыя дзярж. дакументы напярэдадні і ў час абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Ініцыятар стварэння і кіраўнік ін-та грамадскай гаспадаркі (1920—21). Рэдактар варшаўскіх час. «Polska» («Польшча»), «Przegląd Wschodni» («Усходні агляд»), «Przymierze» («Саюз») і інш. У апошнім часопісе шмат увагі аддаваў нац. пытанням у Польшчы, у т. л. беларускаму; там надрукаваны арт. Б.​Тарашкевіча «Беларускія палітычныя патрабаванні». Аўтар прац «Сто гадоў барацьбы за польскую асвету» (1916), «Праблема самакіравання ў Здабытай Рэчы Паспалітай» (1924) і інш.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ Іван Іванаў (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАКО́ЎСКІ Валяр’ян Дзмітрыевіч (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),

бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.​Коласа і «Два» А.​Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.​Коласа, «У віры жыцця» М.​Зарэцкага, зборы твораў Я.​Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.​Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.​Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.​Тынянава (1941), «Байкі» І.​Крылова (1944), «Лірыка» А.​Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.

Л.​Дз.​Налівайка.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)