МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНА-БЫТАВЫ́Я КА́ЗКІ,

казкі, якія ў крытычна-завостранай форме адлюстроўваюць побыт і жыццё працоўных, узаемаадносіны ў грамадстве і сям’і, высмейваюць адмоўныя сац. тыпы і людскія недахопы, сцвярджаючы нар. ідэалы. У адрозненне ад чарадзейных казак у іх адсутнічаюць элементы фантастыкі. Героі С.-б.к. — бедны селянін, работнік, салдат, якія перамагаюць сваіх ворагаў-прыгнятальнікаў не звышнатуральнай сілай, а мудрасцю, кемлівасцю і знаходлівасцю. Найб. папулярнасцю карысталіся казкі на тэмы «мужык і пан», «мужык і поп(ксёндз)», дзе паны, папы і ксяндзы трапляюць у камічнае становішча, праз якое выразна выяўляюцца іх прагнасць, хцівасць, жорсткасць, дурасць («Пану навука», «Завідлівы поп»). У С.-б.к. 2-й пал. 19 ст. ярка адлюстравалася класавае расслаенне ў вёсцы ў паслярэформенны час. Канфлікт паміж беднымі і багатымі выразна раскрывае асн. рысы і якасці створаных народам вобразаў — бязлітаснага жорсткага багатыра і прыгнечанага абяздоленага бедняка. У некат. з гэтых казак вял. месца адведзена псіхал. характарыстыцы персанажаў. Адна з найважнейшых іх асаблівасцей адлюстравання рэчаіснасці — спалучэнне верагоднага паказу жыцця з карыкатурна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў. Для іх характэрна іронія, сарказм, гіпербала, дасціпны нар. гумар. Найб. развіццё С.-б.к. набылі ў эпоху феадалізму, актыўна бытавалі ў перыяд капіталізму, лепшыя ўзоры дайшлі да нашага часу.

Публ.: Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.

Літ.:

Фядосік А.С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995.

А.​С.​Фядосік.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАШЭ́ВІЧ (Уладзімір Максімавіч) (17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей — жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абуджэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У.​Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950—60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. — людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І.​Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е.​Путраманта «Верасень» (з Я.​Міско), апавяданні К.​Федзіна, Ю.​Нагібіна, У.​Салаухіна і інш.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1977;

Выбр. творы. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С. У пошуках гераічнага і незвычайнага // Полымя. 1960. № 8;

Ярош М. Творчы неспакой пісьменніка // Там жа. 1963. № 12;

Няхай М. Пара творчай сталасці // Бел. літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983.

І.​У.​Саламевіч.

У.М.Дамашэвіч.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),

бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.​Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.​Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.​Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і Я.​Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

М.​А.​Тычына.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯЖО́Н (Язэп) (сапр. Семяжонаў Іосіф Ігнатавіч; 16.11.1914, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.8.1990),

бел. перакладчык, крытык, празаік, паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). Працаваў акцёрам у БДТ-3 (1932—34). Выкладаў у Мінскім сувораўскім вучылішчы (1953—60), БДУ (1961—75), адначасова працаваў у час. «Беларусь» (1962—67). Друкаваўся з 1931. Пераклаў з англ. мовы творы У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, Р.​Бёрнса, Р.​Браўнінга, Дж.​Кітса, з венг. — Ш.​Пецёфі, сучасных паэтаў, з італьян. — Дантэ, Дж.​Радары, з ням. — Г.​Гейнэ, Б.​Брэхта, сучасных паэтаў, з польскай — паэму А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985), Я.​Івашкевіча, Ю.​Славацкага, Ю.​Тувіма, з рум. — Дж.​Кэлінеску, З.​Станку, з чэшскай і славацкай — В.​Завады, В.​Мігаліка, з франц. — П.​Беранжэ, Э.​Пацье, А.​Рэмбо. На бел. і рус. мовы з лац. мовы пераклаў «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1982). Асобнымі кнігамі ў яго перакладзе выйшлі зб-кі вершаў Радары «Неапаль без сонца» (1955), Бёрнса «Шатландская слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень!» (1983), раман М.​Твэна «Жанна д’Арк» (1961, з Н.​Цімафеевай), зб. класічнай і сучаснай паэзіі В’етнама «Апалены лотас» (1968), раман ням. пісьменніка Г.​Ота «Пара ў дарогу, буслы!» (1982, з У.​Чапегам), зб. «Сем цудаў свету» (1977), творы паэтаў свету. Для перакладаў С. характэрна дакладнае ўзнаўленне сэнсава-вобразнай структуры арыгінала, умелае карыстанне скарбамі роднай мовы.

Літ.:

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.

В.​П.​Рагойша.

Я.Семяжон.

т. 14, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАДЗЕ́ЙНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,

аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл. Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г. нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял. значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар. танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.​Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.​Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз. танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.​Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.​Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.​Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.​Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.​Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.​Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.​Бяльзацкая, А.​Нікалаева, А.​Рыбальчанка, А.​Вараб’ёў, Я.​Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.​Грабеншчыкоў, М.​Кіракозаў, Л.​Ляшэнка, І.​Серыкаў, М.​Чысцякоў, В.​Партной, Н.​Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.​Барадулька, М.​Лапша, І.​Смірноў, Р.​Чарахоўская, Ч.​Клячко, а таксама Л.​Тушынскі, З.​Чарняўскі, А.​Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл. Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.​Чорны); нар. вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.​Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.​Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.​Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.​Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.

У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л. па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.​Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.​Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.​Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.​Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.​Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.​Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.​Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.​Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.​Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца агляды самадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.

С.​В.​Гуткоўская, Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.
Да арт. Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.
Да арт. Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».

т. 14, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДЗЁНКА,

аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш. Асн. прычына выхаду аднадзёнак ў Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.

Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр. Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.

Літ.:

Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;

Тое ж // Спадчына. 1994. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГНІ́БЕДА (Мікола) (Мікалай Львовіч; 20.9.1911, с. Смірнова Запарожскай вобл., Украіна — 16.9.1985),

украінскі паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Друкаваўся з 1930. Зб-кі вершаў, паэм і балад «Дняпроўская вясна» (1932), «Днепраград» (1937), «Дарога на поўдзень» (1940), «Незабыўнае» (1946), «Правы бераг» (1948), «Вершы» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Зерні граніту» (1963), «Кастрычніцкая кніга» (1967), «Вам прысвячаю» (1975), «Благаславёна будзь» (1980), «Подзвіг кахання» (1984) адметныя грамадз. пафасам, прасякнуты матывамі дружбы, барацьбы за мір, паэтызацыяй прац. будняў народа, яго мужнасці ў Вял. Айч. вайну. Складальнік (з А.​Вялюгіным) анталогій «Беларуская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1971), «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1975). Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, падтрымліваў творчыя кантакты з многімі бел. пісьменнікамі. Шматлікія творы прысвяціў Беларусі, у т. л. паэмы «Васілёк» (1958), «Званы Хатыні» (1973), «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, М.​Лужаніна, Р.​Няхая, П.​Панчанкі, М.​Танка, В.​Таўлая і інш. На бел. мове выдадзены зб-кі яго вершаў у перакладзе М.​Аўрамчыка, Барадуліна, Броўкі, М.​Базарэвіча, А.​Бялевіча, Вялюгіна, С.​Грахоўскага, Х.​Жычкі, Зарыцкага, М.​Калачынскага, І.​Калесніка, Кірэенкі, В.​Коўтун, Куляшова, В.​Лукшы, П.​Макаля, Панчанкі, У.​Паўлава, Ю.​Свіркі, Я.​Семяжона, Танка, У.​Шахаўца. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — Песня з Украіны. Мн., 1957;

Трэцяе спатканне. Мн., 1971;

Вятрылы, поўныя блакіту. Мн., 1981.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 207—222.

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (сапр. Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч

(4.12.1912, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.2000),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны ін-т (1935). Працаваў бактэрыёлагам ва Узбекістане, Краснаярскім краі, Хакасіі, у Маскве, Мінску. З 1947 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў, у час. «Беларусь», у 1967—72 нам. гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Тэматыка вершаў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй (зб-кі «У заўтрашні свет», 1951; «Святло акон тваіх», 1959; «Служба святла», 1967; «Зямля гаворыць зорам», 1971). Яго творы вылучаюцца філас. напружаннем думкі, увядзеннем у стылістыку вершаў тэрміналогіі розных галін навукі, што характарызуе лірычнага героя як чалавека справы. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў бел. паэзіі («Яго Вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) стварыў манумент. вобраз Чалавека, злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, як маральную каштоўнасць сённяшняга часу сцвярджае асабістую адказнасць чалавека за далейшае існаванне зямной цывілізацыі. За кн. «Крокі сэрца» (1980) літ. прэмія імя А.​Куляшова 1981. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Някрасава, А.​Міцкевіча, М.​Упеніка.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

[Вершы і паэма «Яго Вялікасць»]. Мн., 1969;

Два колеры жыцця. Мн., 1973;

Позірк. Мн., 1977;

Паэмы. Мн., 1979;

Ісці да чалавека: Літ. партрэты. Мн., 1987;

Хвала жыццю. Мн., 1987.

Літ.:

Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Ярац В. Сінтэз традыцый і наватарства // Бел. літаратура. Мн., 1985. Вып. 13.

І.​Э.​Багдановіч.

А.С.Русецкі.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),

бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.​Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.​Грыгор’еў).

Тв.:

Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;

Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;

Маці і сын. Беласток, 1992;

Белы сон. Мн., 1990;

Споведзь. Мн., 1993.

Літ.:

Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;

Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;

Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.

М.​У.​Скобла.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)