1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял.геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЫ,
племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і ПнКурляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвыЛіфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар.назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮД ПО́ЛЬСКІ»
(Lud polski),
польская эмігранцкая рэв.-дэмакр.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1835—46 у Вялікабрытаніі. Уключала пераважна б. удзельнікаў паўстання 1830—31, якія паходзілі з дробнай шляхты, сялян і гар. плебсу. Створана на аснове 2 секцый Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ), якія ў 1835 выйшлі з ПДТ і прынялі назвы грамада «Грудзёндз» і грамада «Умань». Праграма арг-цыі, заснаваная на ідэях утапічнага камунізму, змяшчала патрабаванні ліквідацыі прыватнай уласнасці, ураўнавання саслоўяў, надзялення сялян зямлёй, перадачы ўлады народу. Прычыну паражэння паўстання 1830—31 чл. арг-цыі бачылі ў згодніцкіх паводзінах шляхты і адсутнасці праграмы радыкальных агр. рэформ. Ідэолагі «Л.п.»: С.Ворцаль, Т.Крэмпавецкі, З.Свентаслаўскі. Пасля 1840 дзейнасць арг-цыі паступова згасла ў выніку ўнутр. спрэчак і ізаляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАМІ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, атрыманыя фармаваннем з расплаваў ці раствораў поліамідаў. Каля 98% ад агульнай вытв-сці П.в. складаюць валокны з аліфатычных поліамідаў, пераважна полікапрааміду (гандл.назвы капрон, найлан-6, перлон, дэдэрон, амілан, рэлон і інш.) і полігексаметыленадыпінаміду (анід, найлан-6,6, глацэм і інш.).
Характарызуюцца высокімі трываласцю, эластычнасцю, устойлівасцю да сцірання, шматразовага выгінання і многіх хім. рэагентаў. Маюць нізкую гіграскапічнасць (прычына павышанай электрызавальнасці), святло- і тэрмаўстойлівасць (макс. рабочая т-ра 80—150 °C). П.в. з араматычных поліамідаў (напр., полі-м-феніленізафталаміду) тэрмаўстойлівыя: прыдатныя для эксплуатацыі пры 250—500 °C. Выкарыстоўваюць для вытв-сці трыкатажу, тканін, дываноў, шыннага корду, гумава-тэхн. вырабаў, рыбалоўнай сеткі, канатаў. вяровак. фільтравальных матэрыялаў для харч. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.Арно і К.Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл.Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл.Універсаліі лінгвістычныя). А.Я.Міхневіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАПУ́ТРА, Брамапутра,
рака ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. Даўж. 2900 км, пл. басейна 935 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах Гімалаяў, цячэ на У па паўд.ч. Тыбецкага нагор’я (назвы Мацанг, Цангпо), прабіваецца па цясніне Дыханг праз Усх. Гімалаі (наз. Дыханг), потым цячэ на З і ПдЗ па Бенгальскай раўніне, паварочвае на Пд і ўпадае ў Бенгальскі заліў, дзе ўтварае з Гангам і Мегхнай агульную дэльту (больш за 80 тыс.км²). Найб. Значныя прытокі: злева — Нау, Чорта-Цангпо, Рага-Цангпо, Джычу, Джамда, Лухіт, Капілі, справа — Ньянгчу, Субансіры, Каменг, Манас, Ціста. Пад’ёмы ўзроўню дасягаюць 10—12 м. Сярэдні расход вады 12 тыс.м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ад цясніны Дыханг (1290 км), на Тыбецкім нагор’і — на асобных участках. На Брахмапутры гарады Шыгадзе (Кітай), Дыбругарх, Тэзпур, Дхубуры, Гувахаты (Індыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвыв. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.),
ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе, міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс.г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́ЗІЯ (ад а... + грэч. phasis выказванне),
парушэнне мовы з поўнай або частковай стратай здольнасці карыстацца словамі ці фразамі для выказвання думак або разумець чужую мову пры пашкоджванні пэўных участкаў кары галаўнога мозга, але захаванні функцыі артыкуляцыйнага апарата і слыху. Часта камбінуецца з парушэннем чытання (алексія), пісьма (аграфія), ліку (акалькулія). Узнікае пры інсультах, пухлінах і абсцэсах мозга, чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Адрозніваюць афазію маторную (цяжка або немагчыма вымавіць слова, выказаць думку пры захаванні здольнасці вымаўляць асобныя гукі і разумець мову), сенсорную (неразуменне мовы пры нармальным слыху), семантычную (парушэнне разумення сэнсу фраз пры захаванні разумення асобных слоў), амнестычную (хворыя забываюць назвы прадметаў, але даюць ім характарыстыку), татальную (страта хворымі здольнасці гаварыць, разумець, чытаць і пісаць). Пры ўсіх формах афазіі лечаць асн. захворванне, праводзяць заняткі з лагапедам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЬ (Leuciscus cephalus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар.назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.