Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКАВІ́Т (англ. muscovite ад Muscovy Масковія — стараж. назва Расіі, адкуль М. быў завезены ў краіны Еўропы),
мінерал групы слюд, складаны гідраксідалюмасілікат калію, KAl2[AlSi3O10](OH, F)2. Крышталізуецца ў манакліннай, зрэдку трыганальнай сінганіях. Утварае кароткаслупкаватыя і пласціністыя крышталі, ліставатыя, лускаватыя і інш. агрэгаты. У тонкіх пласцінах бясколерны, у больш тоўстых набывае шэрае, ружаватае, жаўтаватае, зеленаватае адценні. Бляск шкляны, на плоскасцях спайнасці перламутравы і серабрысты. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см5. Магматычнага і метамарфічнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў буд., хім., гумаватэхн., фарфоравай, электра- і радыёпрамысловасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЮ СУЛЬФА́Т,
хімічнае злучэнне нікелю з сернай кіслатой, NiSO4. Жоўтае крышт. рэчыва, шчыльн. 3680 кг/м³, пры награванні вышэй за 700 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. З водных раствораў крышталізуецца ў выглядзе ізумрудна-зялёнага гептагідрату ці нікелевага купарвасу NiSO4∙7H2O; у прыродзе мінерал марэназіт. Атрымліваюць узаемадзеяннем нікелю, яго аксіду NiO, гідраксіду Ni(OH)2 ці гідроксакарбанату з сернай к-той. Выкарыстоўваюць нікелевы купарвас для атрымання чыстага электралітычнага нікелю, інш. злучэнняў нікелю і нікельзмяшчальных каталізатараў, як кампанент электралітаў у гальванатэхніцы (гл.Нікеліраванне), а таксама як фунгіцыд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВА́Я ПАДМА́НКА,
найбольш пашыраны пародаўтваральны мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, групы амфіболаў, гідраксідалюмасілікат кальцыю, магнію, жалеза, (NaK)0-1 (Ca, Na)2 (Mg, Fe+, Al, Fe3+, Ti)5 [(Si, Al)4 O11]2 (OH, F, Cl)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі прызматычныя, слупкаватыя, часцей зярністыя масы, украпаныя падоўжаныя зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльнасць 3,1—3,3 г/см³. Крохкі. Адзін з гал. кампанентаў многіх вывергнутых і метамарфічных горных парод. Пры выветрыванні пераходзіць у сумесь гліністых мінералаў, апалу і гідраксідаў жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́Н (позналац. rubinus ад лац. ruber чырвоны),
мінерал, празрыстая чырвоная разнавіднасць карунду; каштоўны камень. Афарбоўка абумоўлена прымессю хрому (Cr3+); адценні (пурпурныя, бураватыя і фіялетавыя) звязаны з прымесямі жалеза (Fe3+) і ванадыю (V3+). Характэрна кармінава-чырвоная флюарэсцэнцыя ў сонечным і ультрафіялетавым святле. Паходжанне метасаматычнае. Прамысл. радовішчы: элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Найбуйнейшыя радовішчы Р. ў М’янме, Афганістане, Індыі і інш. Прыродныя Р. выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні 1 парадку. Р., што сінтэзуюцца ў прамысл. маштабах, выкарыстоўваюцца ў лазернай тэхніцы, ювелірнай і гадзіннікавай справе.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́К,
дробнаабломкавая рыхлая асадкавая горная парода. Складаецца з абкатаных і вуглаватых зерняў (пясчынак) розных мінералаў, абломкаў горных парод, шкілетаў арганізмаў. Існуе шмат класіфікацый П., найчасцей карыстаюцца геалагічнай, дзе паводле пераважных памераў зерняў П. падзяляецца на тонказярністы (0,05—0,1 мм), дробназярністы (0,1—0,25 мм), сярэднезярністы (0,25—0,5 мм), буйназярністы (0,5—1 мм). У інжынерна-геал. класіфікацыі вылучаецца грубазярністы П. (1—2 мм). У горнай справе П. вызначаецца памерам часцінак да 5 мм. П. змяшанай зярністасці прыблізна ў роўнай колькасці наз. розназярністым. У саставе П. — кварц (больш за 50 %), палявы шпат, слюда, глаўканіт, вулкан. шкло; як дамешкі — ільменіт, магнетыт, рагавая падманка, цыркон, рутыл, гранат, турмалін і інш. Паводле мінер. саставу вылучаюць монамінер. П. (пераважна 1 мінерал, напр., кварцавыя), алігаміктавыя П. (1 мінерал і некалькі падпарадкаваных яму, напр., кварцавапалявашпатавыя), паліміктавыя П. (з розных мінералаў). Паверхня зерняў часам укрыта плеўкай з гідраксідаў жалеза, гліністага або карбанатнага рэчыва; сцэментаваныя такім матэрыялам П. ўтвараюць пясчанікі. Выкарыстоўваюцца П. ў шкляной, керамічнай прам-сці, буд-ве, вытв-сці дынасавай цэглы, ліцейных форм. Змяшчаюць россыпныя радовішчы карысных выкапняў, падземныя воды. На Беларусі П. рознага ўзросту (ад дакембрыю да антрапагену ўключна), звязаны з адкладамі марскога, алювіяльнага, азёрнага, водна-ледавіковага, эолавага і інш. паходжання. Складаюць 39% аб’ёму антрапагенавых адкладаў, на паверхні займаюць 45% плошчы рэспублікі, дзе ўтвараюць пясчаныя глебы. Гл. таксама Неметалічныя карысныя выкапні, Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́Т, цяжкі шпат,
мінерал класа сульфатаў (сульфат барыю, BaSO4). Мае ў сабе 65,7% вокіслу барыю (BaO). Прымесі стронцыю, кальцыю, свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе суцэльных буйнакрышт. масаў, можа быць у зярністых, пласціністых або зямлістых агрэгатах. Колер белы або з блакітным, жоўтым ці чырванаватым адценнем. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4,3—4,5 г/см³. Паводле паходжання гідратэрмальны і гіпергенны. Асн. руда барыю. Выкарыстоўваецца ў растворах пры бурэнні, як напаўняльнік у папяровай, гумавай, керамічнай, лакафарбавай, цэментнай прам-сці, для вытв-сці выбуховых рэчываў, у металургіі, оптыцы і інш.