ПЭЙ, Пей (Pei) Ёх Мінг (н. 26.4.1917, г. Гуанчжоў, Кітай), амерыканскі архітэктар. З 1935 вывучаў архітэктуру ў ЗША. Раннія работы выкананы пад уплывам ням. архітэктараў В.Гропіуса і Л.Міс ван дэр Роэ (вышынны будынак «Цэнтр» у Дэнверы, 1955). З канца 1960-х г. развівае ўласны арх. стыль: Нац. цэнтр атм. даследаванняў у Булдэры (1967), Нац. галерэя мастацтваў у Вашынгтоне (1978), б-ка імя Кенэдзі ў Бостане (1979), шкляныя піраміды перад будынкам Луўра ў Парыжы (1985—93) і інш. Праектаваў таксама ў Кітаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ (ад ням Riß — назва прытока Дуная),
рыс, эпоха максімальнага сярэднеплейстацэнавага зледзянення вобласці Альпаў. На раўнінах Зах. Еўропы ёй адпавядае эпоха заальскага, на Беларусі — дняпроўскага зледзянення, у Паўн. Амерыцы — ілінойскага зледзянення. Доўжылася ад канца міндэль-рыскага (александрыйскага) да пачатку рыс-вюрмскага (муравінскага) міжледавікоўяў. Скончылася каля 130 тыс.г. назад. Складалася з дзвюх стадый — рыс I і рыс II (варта, сож). У часы першай з іх ледавік укрываў усю тэр. Беларусі, а другой — дасягаў паўн. краю Палесся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎРАМА́ТЫ (грэч. Sauromátai),
качавыя плямёны, блізкія да скіфаў і сакаў; жылі ў 7—4 ст. да н.э. ў паволжскіх і прыўральскіх стэпах. У грамадскім жыцці вял. ролю адыгрывалі жанчыны (правадыры, жрыцы). З канца 5 ст. і ў 4 ст. да н.э. асобныя плямёны С. пачалі цясніць скіфаў і пераходзілі р. Дон. У 4—3 ст. да н.э. ў С. склаліся новыя саюзы плямён, да якіх далучыліся роднасныя ім плямёны з У. З 3 ст. да н.э. вядомы пад агульнай назвай сарматы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР Раман Рыгоравіч, танцоўшчык канца 18 — пач. 19 ст. Нарадзіўся на Шклоўшчыне. Прыгонны графа С.Г.Зорыча, у 1780—90-я г. танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх артыстаў балета вывезены балетмайстрам І.Вальберхам у Пецярбургскі імператарскі т-р. Выступаў у пантамімных партыях. У 1812 уступіў у Пецярбургскае апалчэнне, вызначыўся ў баях, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, Барысавам, Смалянамі і інш., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, атрымаў чын прапаршчыка. Пасля расфарміравання апалчэння (1814) беспаспяхова хадайнічаў аб вяртанні на пецярбургскую сцэну. Жыў у Харкаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗО́ЎСКІ (Максім Сазонтавіч) (27.10.1745, г. Глухаў Сумскай вобл., Ўкраіна — 2.4.1777),
расійскі кампазітар. З канца 1750-х г. жыў у Пецярбургу. У 1769—73 вучыўся ў Балонскай філарманічнай акадэміі (у 1771 атрымаў званне акадэміка-кампазітара). Пасля вяртання з Італіі, дзе жыў у 1766—74, залічаны ў Прыдворную пеўчую капэлу. Аўтар оперы «Дэмафонт» (лібр. П.Метастазіо, 1773), духоўных канцэртаў, богаслужэбных песнапенняў. Майстар хар. пісьма а капэла, разам з Дз.Бартнянскім стварыў новы класічны тып рус.хар. канцэрта.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор М.С.Березовский: Жизнь и творчество. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ РЭФАРМАЦЫ́ЙНЫХ СІНО́ДАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,
могільнік канцамезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.
Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫНА,
1) грамадская трапеза членаў правасл.брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.
2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст.ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст.н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.