калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.
Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст.эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй на працягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).
У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., на працягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш.Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,
навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.
Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.Гегель, К.Маркс і Ф.Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.
Літ.:
Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;
Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;
галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл.Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет.законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл.Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.С.Глушак, Р.М.Казловай, Р.В.Краўчуком, В.У.Мартынавым, А.Я.Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр.М., 1954;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;
Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл.Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б.СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам.законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.
Літ.:
Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),
найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл.Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 102 да 105 пм.
Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл.Рэакцыі хімічныя), магн. (гл.Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.
Літ.:
Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;
Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.
Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.
Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВКБССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).
Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССРгл. ў арт.Ордэн, Медаль.
Г.А.Маслыка.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),
іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).
Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.Майкелсан, Ф.Селзнік, Т.Парсанс, Р.Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.
Літ.:
Weber M. The theory of social and economic organization. London;
New York, 1947;
Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСЛО́ЎЕ,
агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.Л.Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.Караткевіч). Фалькларыст М.Я.Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, У.Караткевіча, Б.Сачанкі, Я.Брыля, В.Адамчыка, Я.Сіпакова і інш).
Літ.:
Выслоўі. Мн., 1979;
Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;
Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;
Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;
Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд.Мн., 1992;
Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;
Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;
Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;
Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл.Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.
У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;
Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;
Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.