МАРДВІ́НАЎ (Барыс Аркадзевіч) (6.12.1899, Масква — 9.12.1953),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Расіі (1935). Праф. (1939). Скончыў 2-ю студыю МХАТ (1921). Да 1936 акцёр і рэжысёр МХАТ, адначасова з 1930 гал. рэжысёр Муз. т-ра імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі, у 1936—40 — Вял. т-ра ў Маскве. У 1947—51 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Маскоўскай, Саратаўскай, Бел. кансерваторыях і Бел. тэатр. ін-це (1947—51). Спалучаў традыцыі МХАТ з глыбокім разуменнем законаў муз. драматургіі, дасягаў тонкай псіхал. распрацоўкі вобразаў, выразнасці масавых сцэн. Сярод найб. значных пастановак першае ў СССР сцэн. ўвасабленне «Івана Сусаніна» М.​Глінкі (1939, Вял. т-р), опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1934) і «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1936) у т-ры імя Неміровіча-Данчанкі. На бел. сцэне паставіў оперы «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса і «Алеся» Я.​Цікоцкага (2-я рэд.; абедзве 1947), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1934, 1948), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1948), «Князь Ігар» А.​Барадзіна і «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (абедзве 1949), «Іван Сусанін» (1950), «Марозка» М.​Красева і «Ціхі Дон» (абедзве 1951). Удзельнічаў у пастаноўцы балетаў «Князь-возера» В.​Залатарова (1949) і «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1950).

Б.​С.​Смольскі.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)