КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,

баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял. Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.​А.​Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙСТУТ (7—1382),

князь ВКЛ, сын Гедзіміна, бацька Вітаўта. У 1345 разам з братам Альгердам выступіў супраць свайго малодшага брата Яўнута, які пасля смерці Гедзіміна (1341) займаў велікакняжацкі пасад. К. захапіў Вільню і ўзяў у палон Яўнута, аднак вял. князем прызнаў Альгерда, бо за ім як уладаром большай усх. часткі дзяржавы бачыў магутную сілу. На К., які ўладарыў у зах. частцы ВКЛ, прыпадаў гал. цяжар барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і Польшчай. У шэрагу выпадкаў дапамагаў Альгерду ў пашырэнні межаў дзяржавы на У і Пд. Маючы рэзідэнцыю ў Троках, К. пранікся інтарэсамі Жамойці і пасля смерці Альгерда (1377) імкнуўся навязаць сыну апошняга Ягайлу, які стаў вял. князем, палітыку, выгадную для яе. У 1381 выступіў супраць Ягайлы, але ў хуткім часе быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там задушаны. Трагічная смерць К. азначала крах імкненняў жамойцкай знаці заняць вядучае месца ў ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

Кейстут.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЁВАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (КПЛіБ),

польская паліт. партыя краёвага кірунку пач. 20 ст. 30.6.1907 у Вільні па ініцыятыве Р.Скірмунта і Ч.​Янкоўскага адбыўся ўстаноўчы сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі 6 бел.-літ. губерняў. Скірмунт імкнуўся стварыць агульнакраёвую партыю, якая б мела польскую, літоўскую і беларускую фракцыі. Аднак перавага кансерватыўна настроеных польскіх землеўладальнікаў не дазволіла ажыццявіць гэты намер, і была створана польская партыя. Яе старшынёй быў абраны Э.Вайніловіч, намеснікам — Я.​Талочка. Друкаваны орган — «Glos Polski» («Польскі голас»). Праграма КПЛіБ заклікала да самакіравання краю, роўнасці ўсіх яго этнасаў, увядзення адукацыі на роднай мове, правядзення агр. пераўтварэнняў без адчужэння памешчыцкага землеўладання. Яна не выходзіла за межы кансерватыўнага варыянта краёвай ідэалогіі, які найб. адпавядаў інтарэсам польскіх землеўладальнікаў. У выніку Скірмунт і прадстаўнікі Ковенскай губ. адмовіліся ўваходзіць у склад партыі. КПЛіБ не знайшла шырокай падтрымкі ў краі і ў 1908 зышла з паліт. арэны.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял. кн. ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.

А.​І.​Валахановіч.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНКА́СТЭР ((Lancaster) Джозеф) (25.11.1778, Лондан — 24.10.1838),

англійскі педагог, адзін са стваральнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Далучыўшыся да руху квакераў, адкрыў бясплатную школу (1798), дзе вучыў малодшых вучняў з дапамогай старэйшых і найб. падрыхтаваных. Свой вопыт «таннай школы» абагульніў і выклаў у кн. «Удасканаленне навучання...» (1803). Ідэю ўзаемнага навучання развіў у працы «Брытанская сістэма навучання» (1810). Сістэма Л., створаная незалежна ад Э.​Бела, вызначалася дэталёвай рэгламентацыяй заняткаў, выкарыстаннем сістэмы заахвочвання і пакарання. У школы Л. прымаліся дзеці рознага веравызнання, а рэліг. навучанне, у адрозненне ад школ Бела, не было асноўным. Для падтрымкі школ у 1808 засн. Каралеўскае ланкастэрскае т-ва, якое садзейнічала іх пашырэнню ў Вялікабрытаніі і інш. краінах, у т. л. Расіі. З 1812 Л. імкнуўся ўкараніць сваю сістэму ў сярэднюю школу, аднак пацярпеў няўдачу (школы Л. былі раскрытыкаваны за механіцызм у навучанні і недастатковасць ведаў, якія яны давалі). У 1818 Л. выехаў у ЗША.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,

першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.

Літ.:

Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.

Я.​У.​Новікаў.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРВ,

адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́Й ХРА́БРЫ (Mihai Viteazu; 1558—9.8.1601),

гаспадар (князь) Валахіі [1593—1600]. Вёў барацьбу супраць тур. панавання і за стварэнне цэнтралізаванай рум. дзяржавы. У 1595 у бітвах каля с. Кэлугэрэнь і на р. Дунай разбіў тур. войскі і прымусіў іх пакінуць Валахію. У 1599 ваен. шляхам падпарадкаваў Трансільванію, у 1600 — Малдаўскае княства і пачаў называць сябе «гаспадаром Валахіі, Трансільваніі і ўсёй Малд. зямлі». Аднак у выніку паўстання мясц. знаці ў вер. 1600 страціў Трансільванію. У той жа час Малдову акупіравалі войскі Рэчы Паспалітай, якія потым разам з малд. войскамі ўварваліся ў Валахію. У выніку здрады сваіх баяр, што падтрымалі малд. прэтэндэнта на валашскі прастол С.​Мавілу (Магілу), М.Х. пацярпеў паражэнне і ў касір. 1600 уцёк у Аўстрыю. У 1601 на чале наёмнага войска, набранага на сродкі аўстр. Габсбургаў, уварваўся ў Трансільванію і 3 жн. разбіў там войска мясц. знаці. Забіты паліт. праціўнікамі, якія апасаліся яго вяртання на валашскі прастол.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАДНІКІ́ электрычныя,

рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зарадаў), якія ў эл. полі набываюць упарадкаваны рух. Асн. П. — металы і іх сплавы, электраліты, плазма.

У металах носьбітамі эл. току з’яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх т-рах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі. Метал. П. выкарыстоўваюцца ў эл. кабелях і правадах электрычных, абмотках эл. машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў эл. акумулятарах. Адзін з найлепшых П. — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія уплаўляюць у кераміку, шкло і інш. Найб. пашыраны П. — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны П. — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,

электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.

Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)