ШРАПНЕ́ЛЬ,

артылерыйскі снарад, корпус якога запоўнены паражальнымі элементамі (сферычныя кулі, стрыжні і інш.) для знішчэння адкрытай жывой сілы. Прапанавана ў 1803 англ. афіцэрам Г.​Шрапнелем (адсюль назва). Снарад складаўся з дыяфрагмы, выбіўнога зарада з цэнтр. трубкай і дыстанцыйнага ўзрывальніка для разрыву ў зададзеным пункце траекторыі (над цэллю). Да 1-й сусв. вайны быў асн. снарадам палявой артылерыі. Страціў сваё значэнне ў пач. 1940-х г., калі на замену Ш. прыйшлі асколачныя і асколачна-фугасныя снарады. У канцы 1960-х г. з’явіліся артыл. снарады з гатовымі забойнымі элементамі — стрэлападобнымі стальнымі стрыжнямі (даўж. 25 мм і масай 0,5 г), аднак назва «Ш.» да іх не ўжываецца.

Кулявая шрапнель у палёце і ў момант раскрыцця снарада: 1 — выбіўны зарад; 2 — дыяфрагма; 3 — кулі; 4 — корпус; 5 — цэнтральная трубка; 6 — дыстанцыйны ўзрывальнік; 7 — прышрубная галоўка.

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)