АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),
крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).
Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.
Ю.Г.Шанько.
т. 1, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАПТЫ́СТЫ (ад грэч. baptizō акунаю, хрышчу вадой),
паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму — баптызму. Першая абшчына баптыстаў узнікла ў 1609 з англ. эмігрантаў у Амстэрдаме (Галандыя). Найб. распаўсюджаны баптызм у ЗША, адкуль пашырыўся на тэр. Рас. імперыі, у т. л. на Беларусь. У аснове іх веравучэння агульныя пратэстанцкія догматы: адмаўленне ролі царквы як абавязковага пасрэдніка паміж Богам і чалавекам, прызнанне прынцыпу ўсеагульнага свяшчэнства, вера ў святую Тройцу; прытрымліваюцца догматаў аб выратавальнай місіі Ісуса Хрыста, яго другім прышэсці, спрадвечнай грахоўнасці чалавека. Для баптыстаў абавязковыя місіянерская дзейнасць і дабрачыннасць. Яны прызнаюць 2 асн. абрады — хрышчэнне ў вадзе паўналетніх і абрад хлебапераламлення. Асн. іх святы: Нараджэнне і Хрышчэнне Хрыста, Вялікдзень, Тройца, Праабражэнне, Свята Жніва, Дзень Адзінства. На Беларусі першыя абшчыны баптыстаў з’явіліся ў 1870-я г. Цяпер большасць баптыстаў уваходзіць у Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў, які ў 1996 налічваў на Беларусі 192 абшчыны.
А.У.Верашчагіна.
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ СТУДЭ́НТАЎ ГО́РАЦКАГА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА ІНСТЫТУ́ТА.
Існавала з сак. 1917 да вясны 1924 у Горках (цяпер у Магілёўскай вобл.); да аднаўлення ў 1919 Горацкага земляробчага ін-та наз. Бел. секцыя вучняў горацкіх с.-г. школ. Мела на мэце «пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатр. творамі, гісторыяй, культ. і эканам. становішчам Беларусі і дапамагаць бел. нац. руху захопліваць шырэйшыя нар. праслоі». Ініцыятары стварэння Г.Гарэцкі, С.Журык, Я.Чарняўскі. Пры секцыі заснаваны аддзелы: гіст.-эканам., літ., тэатр., муз., чыстага мастацтва. Члены тэатр. аддзела інсцэніравалі паэму «Тарас на Парнасе», ставілі п’есы У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы і інш. У 1918 распрацоўвала бел. тэрміналогію па сельскай гаспадарцы, выдала лістоўку для сялян «Як чытаць па-беларуску». У 1923 падрыхтавала план-сетку па пераводзе некаторых школ Горацкага пав. Смаленскай губ. на бел. мову навучання. Спыніла існаванне пасля далучэння Горацкага пав. да БССР.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),
ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.
Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́, Ахвенанма (швед. Àland, фін. Ahvenanmaa),
архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс. чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.
Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕАТО́РЫКА (ад лац. alea ігральныя косці; выпадковасць),
метад муз. кампазіцыі, які прадугледжвае мабільнасць (незамацаванасць) муз. тканіны ці формы. Узнікла ў 1950-я г., найб. характэрная для прадстаўнікоў авангардызму (Дж.Кейджу, К.Штокгаўзену і інш.). Заснавана на прынцыпе выпадковасці і імправізацыйнасці ў будове муз. твора. Адрозніваюць абсалютную алеаторыку (ахоплівае муз. твор у цэлым) і адносную (увядзенне фрагмента алеаторыкі ў інш. акружэнне; больш пашырана). Як сродак драматургічнага кантрасту, муз. вобразнасці і экспрэсіі алеаторыка сустракаецца ў творах А.Шнітке, Р.Шчадрына, Э.Дзянісава, Ф.Сланімскага, у бел. кампазітараў С.Картэса, Дз.Смольскага, В.Войціка, А.Мдывані, В.Капыцько і інш. Графічны запіс алеаторных твораў (побач з агульнапрынятай натацыяй ужываюцца спец. знакі) пакідае шмат момантаў на меркаванне музыканта, у выніку выканальніцкія версіі істотна адрозніваюцца паміж сабой.
Літ.:
Денисов Э. Современная музыка и проблемы эволюции композиторской техники. М., 1986. С. 112—136.
Т.Г.Мдывані.
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнае арган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв. макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Я.В.Малашэвіч.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫНО́МІЯ (ад грэч. antinomia супярэчнасць у законе),
супярэчнасць паміж двума суджэннямі, кожнае з якіх аднолькава лагічна даказальнае. Паняцце «антыномія» ўзнікла ў антычнасці (Платон, Арыстоцель). Стараж.-грэч. філосафы ў сэнсе антыноміі часцей выкарыстоўвалі тэрмін «апарыя». Шмат увагі фармулёўцы і аналізу антыноміі аддавалі схаластычныя логікі. Кант выкарыстоўваў паняцце «антыномія», спрабуючы апраўдаць асн. тэзіс сваёй філасофіі, паводле якога розум не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту і пазнаць «рэч у сабе». Вучэнне Канта пра антыномію развіта ням. класічным ідэалізмам як фундаментальная перадумова дыялект. логікі. Гегель крытычна прааналізаваў кантаўскае вырашэнне пытання антыноміі і паказаў, што супярэчнасць — неад’емная аб’ектыўная характарыстыка духу, які знаходзіцца ў развіцці, гіст. быцця і мыслення. У дыялект. матэрыялізме антыномія разглядаецца ў рамках вучэння пра дыялект. супярэчнасці (адрознівае супярэчнасці ад парадоксаў). Пастаноўка навук. праблем у форме антыноміі і іх вырашэнне — важнае звяно ў тэарэт. адлюстраванні дыялект. супярэчнасці аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Манеев А.К. Философский анализ антиномии науки. Мн., 1974.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́НКА ЧЫРВО́НАЯ,
хвароба з групы калагенозаў (гл. Калагенавыя хваробы). Праяўляецца ў формах: дыскоіднай і дысемінаванай — хранічнае захворванне скуры, сістэмнай — хвароба з расстройствамі і пашкоджаннямі ўнутр. органаў. Формы ваўчанкі чырвонай звязаны паміж сабой: дыскоідная можа пераходзіць у сістэмную. Прычыны захворвання канчаткова не высветлены; значная роля належыць вірусам і аўтаімунным працэсам. Правакуюць развіццё хваробы празмерная інсаляцыя, ахаладжэнне, траўмы, ачагі хранічнай гнойнай інфекцыі, дысфункцыя эндакрыннага апарату.
Ваўчанка чырвоная дыскоідная праяўляецца пашкоджаннем скуры ў выглядзе ацёчнай плямы ці інфільтраванай бляшкі, якія павялічваюцца і пакрываюцца густымі лусачкамі, скура станчаецца і ўтвараецца рубцовая атрафія. Лакалізацыя: скура носа, твару, валасістай часткі галавы, верхняй часткі грудзей, спіны. Пры ваўчанцы чырвонай дысемінавай колькасць ачагоў значна большая, яны не здольныя да перыферычнага росту, найменш інфільтраваныя і не заўсёды ўтвараецца рубцовая атрафія. Ваўчанка чырвоная сістэмная характарызуецца пашкоджаннем суставаў, серозных абалонак, скуры, унутр. органаў, ц. н. с. Лячэнне: антымалярыйныя прэпараты, вітаміны, глюкакартыкоідныя гармоны, фотаахоўныя мазі і крэмы.
т. 4, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)