ПАЛЯРЫЗАВА́НАСЦЬ.

вектар палярызацыі, вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе палярызацыю дыэлектрыкаў. Вызначаецца формулай: P→ = dp→ / dV , дзе dp→ — геам. сума эл. дыпольных момантаў усіх часціц дыэлектрыка ў малым элеменце яго аб’ёму dV. Для большасці дыэлектрыкаў у слабых эл. палях П. прапарцыянальныя напружанасці эл. поля E→: P→ = ε0 χ E→ , дзе ε0 — электрычная пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. У магутных эл. палях лінейная залежнасць паміж P→ і E→ парушаецца. У ізатропных дыэлектрыках напрамкі вектараў P→ і E→ супадаюць, у анізатропных (крышталі, тэкстуры) — у агульным выпадку не супадаюць. П. аднароднага плоскага дыэлектрыка ў аднародным полі роўная паверхневай шчыльнасці звязаных зарадаў. Адзінка П. ў СІ — кулон на квадратны метр (Кл/м²).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)