ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ (Аляксей Гаўрылавіч) (18.2.1780, Масква — 16.12.1847),
рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.І.Бібікава, М.А.Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял. жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.Крылоў, А.Тыранаў, Я.Крандоўскі, Л.Плахаў, А.Аляксееў, А.Дзянісаў, С.Заранка, Р.Сарока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ (Тодар Міхайлавіч) (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),
бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел.нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл.Бел.нац.к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл.Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв.т-ва «Заранка», адміністратар Бел.т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв.т-ва «Прасвета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»
(«Kurier Wileński»),
палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.
Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт. жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТО́ЎКА,
індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расііназ. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
Аўтаматычныя вінтоўкі: 1 — M16A1 (ЗША); 2 — FA MAS (Францыя); 3 — FN (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТГЕНШТЭ́ЙН (Пётр Хрысціянавіч) (5.1.1769, г. Нежын, паводле інш. звестак г. Пераяслаў-Хмяльніцкі, Украіна — 11.6.1843),
рускі ваенны дзеяч. Граф, з 1834 князь. Ген.-фельдмаршал (1826). З роду Вітгенштэйнаў. На вайск. службе з 1781. Удзельнік польск. кампаніі 1794, вайны з Персіяй 1795—96, рус.-аўстра-франц. вайны 1805, рус.-тур. вайны 1806—12, кампаніі 1807 супраць Францыі, рус.-швед. вайны 1808—09. З кастр. 1810 камандзір 1-га пях. корпуса 1-й Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, прыкрываў паўн. частку зах. граніцы Расіі. У вайне 1812 удзельнічаў у вырашальных бітвах на тэр. Беларусі. Пакінуты для самаст. дзеянняў у раёне Дрысы—Полацка для прыкрыцця стратэг. напрамку на Пецярбург, корпус Вітгенштэйна стаў фактычна асобнай арміяй, вызваляў ад французаў Полацк, Лепель і інш. (гл.Полацкія бітвы 1812, Клясціцкія баі 1812, Чашніцкія баі 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). Са снеж. 1812 Вітгенштэйн галоўнакаманд. Зах. арміяй, у крас. — маі 1813 камандаваў аб’яднаным рус.-прускім войскам, рус. войскамі ў складзе Багемскай (Галоўнай) арміі. З 1818 галоўнакаманд. 2-й арміяй, чл.Дзярж. савета. У 1828—29 камандаваў рус. войскам у вайне з Турцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),
бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл.ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав.к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ.сав.парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам.заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.—жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг.буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармаваць гандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп. вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́Х (Pisum),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.
Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.
Літ.:
Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;
Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.