РУДА́К (Аркадзь Дзянісавіч) (25.12.1911, в. Валосавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 14.11.1997),
адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч БССР, ген.-маёр (1966). Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1939 1-ы сакратар Гомельскага абкома ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну 1-ы сакратар Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ, чл. Гомельскага абкома КП(б)Б і штаба Гомельскага Партыз. злучэння. Пасля вайны ў Гомельскім абкоме, з 1957 1-ы сакратар Мінскага абкома КПБ, кіраўнік спраў СМ БССР, у 1960—71 1-ы нам. старшыні КДБ. Чл. ЦК КПБ у 1954—61. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—71. Аўтар мемуараў «Экзамен на сталасць» (1981).
т. 13, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАКО́Ў (Мікалай Хрысанфавіч) (19.5.1811, г. Курск, Расія — 27.11.1876),
рускі акцёр. На сцэне з 1826. У 1833—41 у трупах Харкава, потым у т-рах пераважна Пд Расіі. Адзін з рэфарматараў правінцыяльнай сцэны. З 1872 у Маскве. Шмат выступаў у меладрамах, імкнуўся ўнесці ў іх праўду і дух бунтарства: Бідэрман, Ніна («Смерць і гонар», «Угаліна» М.Палявога), Кін («Кін, або Шалапуцтва і геній» А.Дзюма-бацькі) і інш. Прапагандыст рус. класічнага рэпертуару і драматургіі А.Астроўскага. Сярод роляў: Чацкі, Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Брускоў, Кураслепаў, Нешчасліўцаў («З чужога шалу галава круціцца», «Гарачае сэрца», «Лес» Астроўскага), Прастакоў, Скацінін («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля), Вырын, Млынар («Станцыйны даглядчык», «Русалка» А.Пушкіна) і інш.
Літ.:
Клинчин А. Н.Х.Рыбаков. М., 1972.
т. 13, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ О́ПЕРА, Тэатр оперы (Teatro dell Opera),
адзін з лепшых оперных т-раў Італіі. Адкрыты ў 1880 у Рыме пад назвай т-р «Кастанцы» (ад прозвішча імпрэсарыо) у будынку, пастаўленым паводле праекта арх. А.Сфандрыні. З 1928 пасля рэканструкцыі — Каралеўскі оперны т-р, з 1946 сучасная назва. На сцэне т-ра ўпершыню былі пастаўлены некат. оперы П.Масканьі, Дж.Пучыні і інш., а таксама творы Дж.Расіні, Дж.Вердзі, Ж.Маснэ, В.А.Моцарта, Г.Даніцэці, К.Дэбюсі і інш. У рэпертуары т-ра таксама творы М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага. На сцэне Р.о. выступалі вядомыя спевакі Х.Даркле, Б.Джыльі, Р.Страчары, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Карэлі і інш. Сярод дырыжораў т-ра: П.Маг, Л.Матачыч, К.Франчы.
т. 13, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫША́Р (Richard) П’ер [сапр. Дэфей
(Defays) П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд; н. 16.8.1934, г. Валансьен, Францыя], французскі акцёр, рэжысёр. Выступаў у кабарэ, мюзік-холах. У кіно з 1968. Стварыў вобраз добрага, невязучага, дзівакаватага героя ў фільмах «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (1972),
«Вяртанне высокага бландзіна» (1974), «Забаўка» (1977), «Укол парасонам» (1980), «Бацькі» (1984), «Уцекачы» (1986), «Налева ад ліфта» (1988), «Стары шэльма» (1992) і інш. Паставіў камедыі, у якіх іграў гал. ролі: «Рассеяны» (1970), «Я нічога не ведаю, але ўсё раскажу» (1973), «Я сарамлівы, але я лячуся» (1978), «Гэта не я, гэта ён» (1979) і інш. Зняўся ў Грузіі ў фільмах «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара» (1996), «Лета, або 27 згубленых пацалункаў» (2000). У 2001 гастраліраваў на Беларусі.
т. 13, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́С у жывой прыродзе,
спрашчэнне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Паводле А.М.Северцава (1925), адрозніваюць Р. біял. і морфафізіялагічны. Біялагічны Р. — эвалюц. заняпад пэўнай групы арганізмаў, якая не здолела прыстасавацца да змен умоў знешняга асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца памяншэннем колькасці асобін у пэўнай сістэм. групе, звужэннем яе арэала і памяншэннем колькасці падначаленых сістэм. груп; можа прывесці да вымірання дадзенай групы. Морфафізіялагічны Р. — агульная дэгенерацыя, або катамарфоз — спрашчэнне арганізацыі ў ходзе эвалюцыі пэўнай групы арганізмаў, якое суправаджаецца стратай шэрагу функцый і органаў, што выконвалі гэтыя функцыі; адзін са шляхоў дасягнення біял. прагрэсу, асабліва калі ён звязаны з развіццём прыстасаванняў да нерухомага, прымацаванага спосабу жыцця (напр., абалоннікі) або да эндапаразітызму (напр., рачок сакуліна). Гл. таксама Катагенез.
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́КА СВО́ЙСКІ (Canus fimiliarus),
млекакормячая жывёла сям. сабачых. Паходзіць ад воўка, прыручаны каля 10 тыс. гадоў да н.э. Вядома каля 400 сучасных парод, якія адрозніваюцца памерамі, экстэр’ерам, паводзінамі. Падзяляюцца на 3 асн. групы: дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, паляўнічыя сабакі, службовыя сабакі.
Тыповыя драпежнікі. Маюць 42 зубы (12 разцоў, 4 клыкі, 26 карэнных), з іх найб. развіты клыкі. Канечнасці пальцаходныя; на пярэдніх лапах па 5 пальцаў (адзін не кранаецца зямлі), на задніх па 4. Развіты слых, зрок, нюх. Добра бегаюць, скачуць, плаваюць. Мозг развіты. Дрэсіруюцца з разнастайнымі мэтамі. Палавой спеласці самкі дасягаюць у 7—8, самцы ў 10—12 мес. Цяжарнасць 58—65 сут. Нараджаюць 1—18 сляпых, глухіх, без зубоў шчанят. Жывуць 10—12 гадоў. Гл. таксама Сабакагадоўля.
т. 14, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААДУКА́ЦЫЯ,
мэтанакіраваная пазнавальная дзейнасць, якая кіруецца самой асобай; набыццё сістэм. ведаў у якой-н. галіне навукі, тэхнікі, культуры, паліт. жыцці і інш. самаст. работай паза навуч. ўстановамі; адзін са сродкаў самавыхавання. Мэта С. — атрыманне кваліфікацыі або павышэнне адукац. ўзроўню. Асн. віды С. — агульная і спецыяльная. Асн. форма — вывучэнне навук., навукова-папулярнай, вучэбнай, маст. і інш. л-ры. Крыніцамі С. служаць таксама праслухоўванне лекцый, дакладаў, фоназапісаў, кансультацыі спецыялістаў, прагляд кінафільмаў, наведванне музеяў, выставак; розныя віды практычнай дзейнасці — эксперыменты, доследы і інш. С. — абавязковы кампанент сучаснага навучання. Яна можа развівацца адначасова з вучобай у навуч. установе (пашыраць, дапаўняць, паглыбляць вучэбны матэрыял), а можа быць і самаст. у адносінах да навучання (вывучэнне новых курсаў, якіх няма ў навуч. установе).
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУ́ЦІН (Васіль Емяльянавіч) (28.6.1906, с. Ваўчкоў Перавоз Любомльскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 13.8.1981),
адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Беластоцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў курсы Вышэйшай парт. школы пры ЦК КПСС (1952). З 1927 на камсам., з 1930 і ў 1939 на журналісцкай рабоце. З 1934 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1942 рэдактар падп. газ. «Віцебскі рабочы», з 1943 1-ы сакратар Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б, кіраўнік Беластоцкага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і журналісцкай рабоце, у 1950—53 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.
т. 14, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІ́Н (Станіслаў) (каля 1818—15.2.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Служыў чыноўнікам на Гродзеншчыне, пасля выхаду ў адстаўку кіраваў маёнткам у Бельскім пав. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Выступаў у віленскім друку з артыкуламі па сельскай гаспадарцы і эканоміцы. Паплечнік К.Каліноўскага і В.Урублеўскага па Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ. «Мужыцкая праўда». У пач. 1863 як нам. гродзенскага ваяводы фарміраваў паўстанцкія атрады на сумежжы Беларусі і Польшчы, удзельнічаў у баях пад Сямяцічамі (6—7.2.1863), у партыз. рэйдзе Р.Рагінскага ў глыб Беларусі. Пасля захопу паўстанцамі г. Пружаны 13.2.1863 з групай байцоў аддзяліўся ад Рагінскага, каб вярнуцца пад Сямяцічы. Загінуў у баі каля в. Рэчыца Пружанскага пав.
Г.В.Кісялёў.
т. 14, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РЦІ ((Sarti) Джузепе) (1.12.1729, г. Фаэнца, Італія — 28.7.1802),
італьянскі кампазітар, педагог. У 1784—1801 працаваў у Расіі прыдворным капельмайстрам, узначальваў хатнюю капэлу Р.Пацёмкіна. Сярод твораў больш за 50 опер, у т. л. оперы-серыя «Пакінутая Дыдона» (1762), «Юлій Сабін» (1781), опера-буф «Двое сварацца — трэці радуецца» (1782), а таксама напісаныя і пастаўленыя ў Пецярбургу «Арміда і Рынальда» (1786), «Андрамеда» (1798) і інш.; творы для хору і арк., у т. л. «Цябе, Бога, услаўляем» (1789, з нагоды ўзяцця Ачакава), «Юпітэр, слава і смерць» (1790) і інш. Адзін з аўтараў музыкі да п’есы Кацярыны 11 «Пачатковае кіраванне Алега» (1790). Вынаходнік апарата для вымярэння вышыні гуку, т.зв. пецярб. камертона. Сярод вучняў: А.Ведаль, Л.Гурылёў, С.Давыдаў, Д.Кашын.
т. 14, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)