ПЛА́ВАННЕ СІНХРО́ННАЕ, плаванне мастацкае, плаванне фігурнае,
практыкаванні (комплексы рухаў) у вадзе (часткова на сушы) з элементамі харэаграфіі, акрабатыкі і гімнастычных камбінацый; від воднага спорту. Выконваецца сола, дуэтамі або групай. У спаборніцтвы ўключаюцца тэхн. і адвольная (пры муз. суправаджэнні) праграмы.
Выкананне фігур на вадзе ўзнікла ў 1920—30-я г. ў Еўропе, ЗША, Канадзе і інш. У 1952 створаны К-т сінхроннага плавання пры Міжнар. федэрацыі плавання. Міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з 1958. Першы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград), Еўропы — у 1977 (г. Несшэ, Швецыя), у праграме Алімпіі. гульняў з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША). Найб. развіта ў Расіі, Японіі, Канадзе, Францыі, ЗША і інш.
На Беларусі спарт. школа па П.с. створана ў 1982, Федэрацыя сінхроннага плавання — у 1992. Нац. каманда выступае ў міжнар. спаборніцтвах з 1992, сярэбраны прызёр Кубка Еўропы «В» (1994, Польшча), бронз. прызёр (1999, Нідэрланды). Сярод бел. спартсменак найб. вызначыліся Т.Мяшкова — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994), Н.Сахарук, К.Надзеждзіна.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
У.М.Конан.
т. 12, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Ў ЛІТВЕ́, ППС на Літве (Polska partia socjalistyczna na Litwie, PPS na Litwie),
сацыялістычная партыя ў Літве і Зах. Беларусі рэв.-народніцкай арыентацыі ў 1902—06. Узнікла ў вер. 1902 з мясц. груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Адзін з яе стваральнікаў і кіраўнікоў П.І.Шумаў. Кіруючы орган — Літ. рабочы к-т (знаходзіўся ў Гродне). У пач. 1906 мела арг-цыі ў Вільні, Беластоку, Гродне, Брэсце, Коўне, Панявежы, Сувалках і Бельску. Друкаваны орган — газ. «Walka» («Барацьба»), Ставіла за мэту аб’яднаць мясц. рэв. групы ў краёвую дэцэнтралізаваную партыю. Патрабавала самастойнасці Літвы — Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Заклікала да звяржэння царызму, заваявання рэв. шляхам рэсп.-дэмакр. ладу, устанаўлення федэратыўных адносін Літвы—Беларусі з інш. часткамі Расіі. У чэрв. 1906 парвала арганізац. сувязь з ППС, перайменавалася ў С.-д. партыю Літвы (СДПЛ) і ў кастр. 1906 аб’ядналася з Літ. с.-д. партыяй.
М.В.Біч.
т. 12, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
А.А.Цітавец.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДКІН (Марк Ісаакавіч) (13.9.1898, г. Клін Маскоўскай вобл. —25.9.1994),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў школу 2-й Студыі Маск. маст. т-ра (1920). З 1918 удзельнічаў у спектаклях гэтай Студыі і Маскоўскага Маст. т-ра. З 1924, у трупе Маск. маст. акад. т-ра (з 1989 Маск. маст. акад. т-ра імя А.Чэхава). Выконваў вострахарактарныя, сатыр. і камедыйныя ролі. Майстар пераўвасаблення. Стварыў шэраг драм. і глыбока псіхал. вобразаў. Сярод роляў: Дульчын, Круціцкі («Апошняя ахвяра», «На ўсялякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Шабельскі («Іванаў» Чэхава), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), князь Абрэзаў («Жывы труп» Л.Талстога), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1974.
т. 13, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУ Усх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс. км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.
т. 13, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМАКО́Ў (Яўген Максімавіч) (н. 29.10.1929, Кіеў),
расійскі дзярж. і паліт. дзеяч, Акад. Рас. АН (1979, чл.-кар. з 1974), д-р эканам. н. Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1953). Працаваў у Дзярж. к-це СССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні (1953—62), газ. «Правда» (1962—70), Ін-це сусв. эканомікі і міжнар. адносін АН СССР (1970—77). Дырэктар ін-таў усходазнаўства (1977—85), сусв. эканомікі і міжнар. адносін (1985—89) АН СССР. У 1989—90 канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС, старшыня Савета Саюза Вярх. Савета СССР. У вер.—ліст. 1991 першы нам. старшыні КДБ, у ліст. — снеж. 1991 дырэктар Цэнтр. службы разведкі СССР. Дырэктар Службы знешняй разведкі (1991—96), міністр замежных спраў (1996—98), старшыня ўрада (вер. 1998 — май 1999) Рас. Федэрацыі. Са снеж. 1999 кіраўнік фракцыі «Айчына — уся Расія» ў Дзярж. думе Расіі. Працы па эканам., сац.-паліт. гісторыі і міжнар. адносінах краін Б. Усходу. Дзярж. прэмія СССР 1980.
Тв.:
Анатомия ближневосточного конфликта. М., 1978;
Восток после краха колониальной системы. М., 1982.
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых суднаў у ліп. — вер. 1919 на стыку 16-й арміі Зах. фронту з 12-й арміяй Паўд.Зах. фронту. Створана на р. Прыпяць і яе прытоках на базе Прыпяцкага атрада рачных суднаў, папоўнена атрадам ваенных маракоў з Чудской, Латвійскай флатылій і Заходнядзвінскай ваеннай флатыліі і караблямі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Гал. базы — г.Мазыр і ст. Калінкавічы, тылавая — Нароўля, аператыўная — Багрымавічы. У склад флатыліі ўвайшлі 7 узбр. параходаў, 7 мотакатэраў, паравы баркас, некалькі баржаў, Нараўлянская суднарамонтная майстэрня, майстэрні на прыстані Пхоў. У ліп. маракі флатыліі разам з часцямі Чырв. Арміі вызвалілі ад польскіх войск Тураў, у жн. ўдзельнічалі ў стварэнні Мазырскага ўмацаванага раёна. У вер. 1919 вызвалілі Петрыкаў і прадухілілі захоп праціўнікам Мазыра. Пастановай РВС Сав. Расіі ад 27.8.1919 Прыпяцкая флатылія ўключана ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (да 26.9.1919 выконвала самастойныя задачы). Камандуючыя: М.А.Іокіш, П.І.Пашкін (з 10.8.1919), камісар А.М.Кульберг.
І.Я.Краўцоў.
т. 13, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Васіль Львовіч) (8.5.1766, Масква — 1.9.1830),
рускі паэт. Дзядзька А.С.Пушкіна. Друкаваўся з 1793. Паслядоўнік М.Карамзіна і І.Дзмітрыева. Стараста літ. гуртка «Арзамас». Сцвярджаў новы паэт. стыль. Выступаў супраць архаічных форм літ. мовы. Пісаў элегіі, рамансы, песні, альбомныя вершы, вершаваныя казкі, байкі, эпіграмы. Аўтар іроікамічнай эратычнай паэмы «Небяспечны сусед» (1811, пашыралася ў спісах, апубл. за мяжой 1815, у Расіі 1913), парадыйнай аповесці ў вершах «Капітан Храброў» (1829—30) і інш. Перакладаў на рус. мову творы Лафантэна, Асіяна, Катула і інш., на франц. мову некалькі нар. песень, верш А.Пушкіна «Чорная шаль». Апошні верш П. — пасланне «А.С.Пушкіну». Адным з першых заўважыў талент А.Пушкіна. П. прысвечаны вершы А.Пушкіна «Хрыстос уваскрэс, выхаванец Феба», «Дзядзьку, які назваў пісьменніка братам», «Што больш чароўна, больш жыва».
Тв.:
Стихи. Проза. Письма. М., 1989.
Літ.:
Михайлова Н.И. «Парнасский мой отец». М., 1983;
Кунин В.В. В.Л.Пушкин // Друзья Пушкина. М., 1984. Т. 1.
т. 13, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБУШЫ́НСКІЯ,
дынастыя рас. прамыслоўцаў, банкіраў і паліт. дзеячаў. Заснавальнік М.Я.Рабушынскі быў вядомы з 1840-х г. як уладальнік тэкст. фабрык у Маскве і Калужскай губ. У канцы 19 — пач. 20 ст. валодалі шматлікімі баваўнянымі, шклянымі, ільноапрацоўчымі, папяровымі і паліграф. прадпрыемствамі ў розных губ.; у гады 1-й сусв. вайны набылі шэраг прадпрыемстваў лясной і металаапрацоўчай прам-сці, пачалі будаваць аўтамаб. завод. У 1900 падпарадкавалі сабе Харкаўскі пазямельны банк, у 1902 засн. Банкірскі дом братоў Р. (з 1912 Маскоўскі банк). Адыгрывалі вядучую ролю ў прадпрымальніцкіх арг-цыях Расіі. З Р. найб. вядомы ўнук М.Я.Рабушынскага Павел Паўлавіч (30.6.1871, Масква — 19.7.1924), саўладальнік і кіраўнік (з 1900) «Т-ва мануфактур П.М.Рабушынскага з сынам», Маскоўскага банка, «Т-ва друкарань П.П.Рабушынскага», акцыянер многіх кампаній. У 1905—06 чл. ЦК партыі акцябрыстаў. З 1906 уваходзіў у кіраўніцтва партыі мірнага абнаўлення, з 1912 — прагрэсістаў. У 1915 ініцыятар стварэння і старшыня маскоўскага Ваен.-прамысл. к-та. Падтрымаў Карнілава мяцеж 1917. З 1919 у Францыі.
т. 13, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)