ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр.ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка
(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).
Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,
рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл.бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел.правасл.царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел.нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
назва перыядычных выданняў, афіц. органаў епархій, якія выдаваліся з 2-й пал. 19 ст. да 1917 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Мелі 2 часткі: афіцыйную і неафіцыйную. У першай друкаваліся ўрадавыя пастановы, указы і распараджэнні Сінода, царк. хроніка. у другой — матэрыялы па багаслоўі. л-ры, фальклоры, этнаграфіі, археалогіі, краязнаўстве, гісторыі царквы. Выдаваліся «Литовские епархиальные ведомости» (1863—1916, Вільня, Масква), «Минские епархиальные ведомости» (1869—1917, Мінск, Разань; адноўлена ў 1989 у Мінску), «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1917, Віцебск), «Могилевские епархиальные ведомости» (1883—1917, Магілёў), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—15, Гродна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ГРАФ (сапр.Дзімітраў) Захарый
(1810, г. Самакаў, Балгарыя — 14.6.1853),
жывапісец эпохі Балг. адраджэння. Адзін з заснавальнікаў свецкага рэаліст. мастацтва Балгарыі. Вучыўся ў свайго брата — Дзімітра З. Ствараў абразы і царк. насценныя размалёўкі (у Бачкаўскім, 1840—41, Рыльскім, 1844, Траянскім, 1847—48, і інш. манастырах) з плоскаснымі выявамі, прасякнутымі маляўнічым, паэтычным фалькл. пачаткам; часта ўводзіў у іх пейзажныя і жанравыя элементы, партрэты сучаснікаў. Стварыў першыя ў Балгарыі станковыя партрэты (Н.Рыльскага, аўтапартрэт, каля 1838).
Літ.:
Львова Е.П. Изобразительное искусство Болгарии эпохи национального Возрождения. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБКО́ (Антоній) (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),
рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІЛО́ВІЧ (Сяргей) (4.11.1929, в. Таргуны Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 29 10.1993),
бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі. У 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З канца 1940-х г. у ЗША (штат Агайо). Чл. Згуртавання бел. моладзі, Кліўлендскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1951 прыхода Жыровіцкай Божай Маці Бел. аўтакефальнай правасл.царквы (БАПЦ) у Кліўлендзе. Ініцыятар стварэння бел. грамадска-культ. цэнтра «Полацак», к-та па аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі пры прыходзе БАПЦ у Кліўлендзе. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (Мінск, ліп. 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЕТЫ́ЗМ (франц. quiétisme ад лац. quietus спакойны, ціхамірны),
рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе містычна-пасіўныя адносіны да свету, абыякавасць да ўласнага выратавання, безумоўнае падпарадкаванне божай волі. Узнік у канцы 17 ст. як апазіцыйнае вучэнне ўнутры каталіцызму. Уяўляе сабой асаблівую разнавіднасць фаталізму і маральнага нігілізму. Афіц. кіраўніцтва каталіцкай царквы асуджала К., а яго 68 палажэнняў былі аб’яўлены ерассю. Асн. яго прадстаўнікі М.Малінас (Іспанія) і Ж.-М.Гюён (Францыя) правялі частку свайго жыцця ў зняволенні. Ідэі бяздзейнасці і абыякавасці да пакут развіў у сваім вучэнні А.Шапенгаўэр. У пераносным сэнсе К. — пасіўнасць, непраціўленне, бяздзейнасць, сузіральніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст.н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтва св. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус.правасл.царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.