АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),
украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр.фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш.бел. пісьменнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАЖЫНІ́ЗМ,
плынь у рускай паэзіі 1920-х г., якую прадстаўляла аб’яднанне «Імажыністы» (тэарэтыкі В.Шаршаневіч і А.Марыенгоф, паэты С.Ясенін, І.Грузінаў, Р.Іўнеў, А.Кусікаў, мастакі Б.Эрдман, Г.Якулаў). Імажыністы апублікавалі дэкларацыю (1919), мелі сваё выд-ва «Імажыністы» (выпусціла больш за 20 кніг) і час. «Гостиница для путешествующих в прекрасном» (1922—24, № 1—4).
Яны развівалі эстэт. прынцыпы англ. паэтаў-імажыністаў (адмаўленне акадэмізму і рытарычнасці, арыентацыя на творчую інтуіцыю і парадаксальную вобразнасць), спалучалі іх з традыцыямі айч.маст. культуры (рытмічная і вобразная разнастайнасць фальклору, вольны верш, элементы сімвалізму, пераўтварэнне адных і адмаўленне другіх рыс паэтыкі футурызму), сцвярджалі аўтаномнасць паэт. мовы, самакаштоўнасць вобразнасці, метафарыстыкі і рытмікі, схіляючыся часам да «чыстага мастацтва».
І. паўплываў на маладую бел. паэзію і часткова крытыку 1920-х г. (мадэрнісцкія тэндэнцыі ў «Маладняку», «кантрастная вобразнасць» у дэкларацыі «Узвышша», «жывапісанне словам» у паэзіі і прозе, акцэнт на «асацыятыўную рытміку вобразаў»), Асобныя рысы паэтыкі І. прыкметныя ў ранняй творчасці Я.Пушчы, Т.Кляшторнага, прозе А.Бабарэкі і інш. маладнякоўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЕЎ (Кара Абульфаз аглы) (5.2.1918, Баку — 13.5.1982),
азербайджанскі кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1959). Акад.АН Азербайджана (1959). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946, клас Дз.Шастаковіча). З 1946 выкладаў у Азерб. кансерваторыі (у 1950—53 рэктар, з 1959 праф.). Глыбокае веданне азерб.фальклору, майстэрства кампазіцыі абумовілі самабытны і ярка сучасны муз. стыль К. Сусв. вядомасць набылі яго балеты «Сем прыгажунь» (паст. 1952), «Сцежкаю грому» (паст. 1958; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — 1960), сімф. паэма «Лейлі і Меджнун» (1947), сімф. гравюры «Дон Кіхот» (1960), 3 сімфоніі (1943—65), канцэрт для скрыпкі з аркестрам (1967). Адна з творчых вяршынь К. — мюзікл «Нястрымны гасконец» (паст. 1978). Сярод інш. твораў: оперы «Радзіма» (з Дж.Гаджыевым, паст. 1945), «Пяшчотнасць» (1972); камерна-інстр. ансамблі; 24 прэлюдыі для фп. (1951—63), 12 фуг (1981); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, Дзярж. прэмія Азербайджана 1965, Ленінская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЗЬНІН ((Kniaźnin) Францішак Дыянізы) (4.10.1749 або 1750, г. Віцебск — 25.8.1807),
польскі паэт, драматург, перакладчык; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіум (1764). У 1764—70 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы, Слуцку. З 1770 у Варшаве. З 1775 сакратар кн. А.К.Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чартарыйскіх у Пулавах (Люблінскае ваяв.). У зб. «Carmina» (1781) пераклады Гарацыя, «Трэнаў» Я.Каханоўскага, оды і элегіі на лац. мове. Аўтар зб. «Байкі» (1776) на ўзор Ж.Лафантэна, «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі, «Вершы» (1783) з элементамі стылю ракако. У зб. «Паэзія» (т. 1—3, 1787—89) любоўна-ідылічная, паліт. (у т. л. вершы «Да Тадэвуша Касцюшкі»), рэліг. лірыка. Сярод драм. твораў — пастаралі з рысамі бел.фальклору, гераічна-патрыят. п’есы («Гектар»). Опера «Цыганы» на лібрэта К. ставілася ў Слонімскім т-ры Агінскага (1786). У некаторых вершах услаўляў край маленства — Віцебшчыну. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Жлутка, Н.Мерашчак, Л.Семянюк.
Tв.: Wiersze wybrane. Warszawa, 1981; Бел.пер. — у кн. Віцебскі сшытак. 1995. № 1.
Літ.:
Kostkiewiczowa T. Kniaźnin jako poeta liryczny. Wrocław, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруАН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел.навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА (Леаніла Апанасаўна) (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруАН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з ГА.Каханоўскім і К.А.Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.С.Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».
Тв.:
Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.К.Бандарчыкам);
Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.С.Аксамітавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫІнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел.маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс.дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш.археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар.муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.
Літ.:
Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;
Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.
В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.
Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.