сям’я рускіх мастакоў. Фёдар Яўціхіевіч (?—1689), жывапісец. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Сярод твораў, што захаваліся: насценная размалёўка Наваспаскага манастыра ў Маскве, мініяцюры «Тлумачальнага евангелля» (1678), абразы. Іван Фёдаравіч (1667 — пасля 1744), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся іканапісу ў Аружэйнай палаце (1695—96) і гравюры ў А.Шхонебека (1703—05), з 1708 памочнік П.Пікара ў Маск. друкарні. У тэхніках разцовай гравюры і афорта пераважна па ўласных малюнках ствараў віды Пецярбурга, планы, партрэты і інш.: «Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне» (1727—30), партрэт Пятра I (1721, з гравюры Я.Хаўбракена). Аляксей Фёдаравіч (1682 — пасля 1750), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся ў Аружэйнай палаце (1695—1700) і ў Шхонебека. Жыў у Пецярбургу, з 1732 у Маскве. Выканаў каля 100 аркушаў, сярод якіх партрэт Пятра 1 (1712), «Панарама Пецярбурга» (1716), «Баталія пры Грэнгаме» (1721). Яго творчасць паўплывала на развіццё жанру вядуты ў рус. мастацтве.
Да арт.Зубавы. І.Зубаў. Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне 1727—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС (Jordaens) Якаб (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн. тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.
Літ.:
Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦІС (Lācis) Віліс (12.5.1904, с. Рынужы, цяпер у межах г. Рыга — 6.2.1966),
латышскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Вучыўся ў Барнаульскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). У 1940—46 старшыня Саўнаркома, у 1946—59 — Савета Міністраў Латвіі. Друкаваўся з 1921. Увёў у лат. л-ру самабытнага, валявога героя — шукальніка праўды, носьбіта лепшых якасцей прац. народа: трылогія «Бяскрылыя птушкі» (1931—33), раманы «Сын рыбака» (т. 1—2, 1933—34), «Старое марацкае гняздо» (1935—37, перапрацаваны варыянт «Сям’я Зітараў», 1955) і інш. Аўтар раманаў «Да новага берага» (1950—51, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Страчаная бацькаўшчына» (1953), аповесці і п’ес пра Вял.Айч. вайну «Кавалі будучыні» (1942), «Нявестка» (1943), «Перамога» (1945), рамана-эпапеі «Бура» (1945—48, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Многія творы Л. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя творы пераклалі Я.Скрыган, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНАВЫЯ МЕТА́ЛЫ,
сям’я з 6 хім. элементаў VIII групы перыяд. сістэмы: рутэній (Ru), родый (Rh), паладый (Pd), осмій (Os), ірыдый (Ir), плаціна (Pt). Адносяцца да рэдкіх элементаў. Разам з золатам і серабром складаюць групу высакародных металаў.
Серабрыста-белыя металы з рознымі адценнямі. Маюць блізкія фіз. і хім. ўласцівасці; найб. падобныя ўласцівасцямі пары элементаў: Ru — Os; Rh — Ir, Pd — Pt. Тугаплаўкія: мінім. tпл 1554 °C у Pd, макс. — 3027 °C у Os. Паводле шчыльнасці падзяляюць на лёгкія (Ru — Pd) і цяжкія (Os — Pt). Добра паддаюцца мех. апрацоўцы Pt, а таксама Pd і Rh; Ru, Os i Ir больш цвёрдыя і крохкія. Вызначаюцца хім. інертнасцю і выключна высокай каталітычнай актыўнасцю (найб. пашыраныя каталізатары — Pt і Pd). Выкарыстоўваюць П.м. і іх сплавы паміж сабой, а таксама з інш. металамі як каталізатары гідрыравання, дэгідрыравання, акіслення, дапальвання выхлапных газаў аўтамабіляў, у паліўных элементах, як матэрыялы для высокатэмпературных тэрмапар, тэрмометраў супраціўлення, эл. кантактаў, хімічна ўстойлівага посуду, мед. інструментаў і інш.
Літ.:
Ливингстон С. Химия рутения, родия, палладия, осмия, иридия, платины: Пер. с англ.М., 1978;
Металлургия благородных металлов. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАША́ЛЬ Рыгор Львовіч (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед.т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.Строевай), аповесці М.Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.
сям’я італьянскіх майстроў смыкавых інструментаў 17—18 ст. Працавалі ў г. Крэмона. Антоніо С. (1644? — 18.12.1737), адзін з найб. выдатных прадстаўнікоў сям’і. Вучань Н.Амаці. З 1660 працаваў у стылі Амаці, на той час меў кляймо «Antonius Stradivarius Cremonensis Alumnus Nicolaij Amati» («Антоніо Страдывары Крэмонскі вучань Нікола Амаці»), у 1667 адкрыў сваю майстэрню. 1700—16 — т.зв. «залаты перыяд» у творчасці, у 1703 стварыў класічную мадэль скрыпкі «Гранд Страдывары». Ствараў найлепшыя па канцэртных якасцях інструменты (скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары), наблізіў іх да тэмбру прыроднага чал. голасу (з амаль 2500 інструментаў захавалася каля 1000, якія сталі класічнымі ўзорамі для майстроў пазнейшага часу). Для іх уласцівы дасканалая форма, ювелірная апрацоўка дэталей, моцны, багаты тэмбравымі фарбамі гук. Сярод вучняў яго сыны Франчэска С. (1.11.1671—15.1 або 11.5.1743) і Амабона С. (14.11.1679—9.6.1742), якія часта працавалі разам, а таксама К.Бергонцы. Сумесна створаныя імі скрыпкі мелі кляймо «Sotto la Disciplina d’Antonio Stradivari F. in Cremona» («Майстэрня сям’і Антоніо С. з Крэмона»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЬЁНІ (Taglioni),
сям’я італьянскіх артыстаў балета, балетмайстраў. Філіпа Т. (5.11.1777, г. Мілан — 11.2.1871), педагог і харэограф-рэфарматар, стваральнік рамант. балета. З 1794 працаваў у т-рах Італіі, Германіі, Аўстрыі, а таксама ў Стакгольме і Парыжы. Сярод паст.: «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера (1832), «Дзева Дуная» (1836) і «Марскі рабаўнік» (1840) А.Адана і інш. Шмат балетаў ставіў для дачкі. Марыя Т. (23.4.1804, Стакгольм — 22.4.1884), дачка Філіпа Т., адна са знакамітых танцоўшчыц эпохі рамантызму. У 1822—47 выступала на сцэне, у 1828—35 вядучая салістка Парыжскай оперы. У 1837—42 выступала ў С.-Пецярбургу. Увяла танец на пуантах, лёгкі сцэн. касцюм. Яе танец вылучаўся адухоўленасцю і грацыёзнасцю. Сярод партый: Сільфіда («Сільфіда»), Наталі («Наталі, ці Швейцарская малочніца» А.Гіраўца), Зюльма («Паўстанне ў сералі» Т.Лабара), Флёр дэ Шан («Дзева Дуная»), графіня Анджэла («Цень» Л.Маўрэра) і інш. Яе творчасць паўплывала на развіццё балетнага мастацтва. Поль Т. (Паала, 1808—1884), сын Філіпа Т., часта выступаў з Марыяй Т. ў гарадах Еўропы; ставіў балеты ў Лондане, Мілане. У 1856—83 балетмайстар Берлінскай оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́ВЫ,
расійскія і бел. жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў с. Чугунаўка Бранскай вобл., Расія. Нар. мастакі СССР (1983). Правадз. члены АМСССР (1978). Аляксей Пятровіч (н. 11.9.1925). Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1951). З 1951 жыў у Мінску. Сяргей Пятровіч (н. 10.11.1922). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941), Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава. З 1952 жыў у Мінску. З 1955 абодва ў Маскве. Творы вызначаюцца ачувальнасцю святлопаветранага асяроддзя, экспрэсіўнай мадэліроўкай аб’ёму колеравымі плямамі, глыбокім псіхалагізмам у перадачы рэчаіснасці: «Каля калодзежа» (1954), «У цяжкія гады» (1955—57), «Паміж баямі» (1959—60), «Маткі» (1961), «За зямлю, за волю» (1970), «Вяселле» (1970—72), «Пара сенакосная» (1975), «Чэрвеньская пара» (1976—77), «Май 1945 года» (1979—81), «Вышывальшчыцы сцягоў» (1984—87), «Сыны» (1985—87), «Ліхалецце. Рускае поле» (1986—91), «Адзін крыж» (1992), «Лёс ветэрана» (1994—95), «Успаміны пра маці» (1996), «Дарога да храма» (2000). Аўтары трыпціхаў «Сям’я Пакетавых» (1964), «Астраханскія рыбакі» (1968). Дзярж. прэмія Расіі імя І.Рэпіна 1968. Дзярж. прэмія СССР 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У ДАПАМО́ГУ ПЕДАГО́ГУ»,
серыя навукова-метадычных часопісаў для настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Засн. ў 1995 у Мінску рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне», якая была і выдаўцом. З 2001 выходзіць у выд-ве «Адукацыя і выхаванне». У серыі 22 час., якія выдаюцца на бел. і рус. мовах, у час. «Замежныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь» друкуюцца арт. яшчэ і на англ., ням., франц., ісп. і інш. мовах. Часопісы «Біялогія: праблемы выкладання», «Геаграфія: праблемы выкладання», «Мастацкая адукацыя і культура», «Матэматыка: праблемы выкладання», «Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання», «Псіхалогія», «Тэхналагічная адукацыя», «Фізічная культура і здароўе», «Чалавек. Грамадства. Свет» і інш. выходзяць штоквартальна; «Беларуская мова і літаратура», «Гісторыя: праблемы выкладання», «Дэфекталогія», «Кіраванне ў адукацыі», «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячыя сад, школа», «Праблемы выхавання», «Сацыяльна-педагагічная работа», «Фізіка: праблемы выкладання», «Хімія: праблемы выкладання» — 1 раз у 2 месяцы; «Здаровы лад жыцця», «Русский язык и литература», «Пазашкольнае выхаванне» — штомесяц. У час. друкуюцца матэрыялы па праблемах навучання, выхавання, укаранення новых пед. тэхналогій, а таксама нарматыўна-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі.