КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАЗАМЕ́ННЫЯ ВА́ДКАСЦІ, кровазаменнікі,

фармакалагічныя, лекавыя сродкі, якія прызначаны для папаўнення дэфіцыту крыві ў арганізме. Выкарыстоўваюцца для рэканструкцыі і выканання фізіял. функцый крыві, атрымання самастойнага лекавага эфекту. Падзяляюцца на прыродныя і сінт.; гемадынамічныя (процішокавыя) — на аснове жэлаціны, крухмалу, плазмы і бялкоў крыві, сярэднемалекулярнага дэкстрану; гемарэалагічныя — на аснове крухмалу, нізкамалекулярнага дэкстрану; дэзінтаксікацыйныя — на аснове полівінілпіралідону, полівінілавага спірту; рэгулятары кіслотна-шчолачнага і водна-салявога стану — салявыя растворы, прэпараты на аснове шмататамных спіртоў, прэпараты і растворы глюкозы; вадкасці, якія павышаюць кісларод-транспартную функцыю крыві — прэпараты і растворы гемаглабіну, крыві і эрытрацытаў; поліфункцыянальныя, на аснове сярэднемалекулярнага дэкстрану — неарандэкс і рондферын (распрацаваны і вырабляюцца на Беларусі). Да К.в. адносяць таксама прэпараты для парэнтэральнага харчавання на аснове амінакіслот, прадуктаў гідролізу бялкоў плазмы крыві, растворы глюкозы, тлушчавыя эмульсіі.

У.​Н.​Гапановіч.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДА́Ш (Іван Браніслававіч) (10.1.1919, в. Захарычы Мінскага р-на — 1.3.1993),

бел. вучоны ў галіне гігіены і санітарыі. Канд. мед. н. (1968), праф. (1976). Засл. ўрач Беларусі (1964). Скончыў Свярдлоўскі мед. ін-т (1942). У 1942—43 нач. сан. службы партыз. брыгады імя М.​І.​Кутузава, з 1943 старшы дзярж. сан. інспектар Віцебскай вобл. У 1949—74 нам. міністра аховы здароўя Беларусі, у 1970—91 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па барацьбе з поліяміэлітам, распрацоўцы праграмы падтрымання эпідэміял. добрага стану па поліяміэліце на Беларусі, па пытаннях сан.-эпідэміял. службы, гігіены і арганізацыі аховы здароўя.

Тв.:

Санитарно-эпидемиологические аспекты борьбы с туберкулезом в БССР (разам з В.​С.​Кароўкіным) // Материалы III республ. съезда фтизиатров. Мн., 1974.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЕЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 19.1.1931, в. Локаць Брасаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-біяфізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989), д-р біял. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). З 1959 у Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў, з 1967 заг. лабараторыі ў Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фатоніцы бялкоў, структурных перабудовах бялкоў і біямембран, кааператыўнасці арганізацыі біямембран і іх напружанага метастабільнага стану, вывучэнні ролі структурнай дынамікі спалучальных мембран у рабоце электроннатрансп. ланцуга мітахондрый, мембраннага рэгулявання фізіял. працэсаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979 (разам з І.​Дз.​Валатоўскім);

Структурная лабильность биологических мембран и регуляторные процессы. Мн., 1987;

Биохимия и микробиология. М., 1992 (разам з М.​С.​Ручаем).

С.В.Конеў.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),

спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁГА (санскр. літар. сувязь, адзінства, сканцэнтраванне, намаганне),

1) вучэнне і метад кіравання псіхікай і фізіялогіяй чалавека; састаўны элемент рэліг. і філас. сістэм Індыі, якія ставяць за мэту дасягненне стану вызвалення (нірваны). Прызнае існаванне ў асобе неўсвядомленых сіл і магчымасцей кіравання імі (праз вызначаную арганізацыю псіхікі); распрацавана сістэма фіз. практыкаванняў. Ё. дасягнула поспехаў у кіраванні дыхальнымі і інш. фізіял. функцыямі арганізма, у рэалізацыі жаданых псіхічных станаў чалавека. Асн. філас. ідэя: суадносіны чалавечай псіхафізіялогіі і космасу.

2) Адна з 6 артадаксальных сістэм інд. філасофіі, якія прызнаюць аўтарытэт ведстараж. помнікаў інд. рэліг. л-ры. Заснавальнік Патанджалі. Асэнсоўвае прыроду і функцыі метадаў Ё., этапы іх выкарыстання і інш. У агульнафілас. пытаннях прытрымліваецца вучэння санкх’і — адной з артадаксальных школ стараж.-інд. філасофіі.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.

Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл. Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.

Н.​М.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЎЛЕ́ННЕ,

пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл. Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл. Плаўка).

П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл. Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬС (ад лац. pulsus удар, штуршок),

перыядычнае, падобнае на штуршок расшырэнне сценак артэрый, сінхроннае са скарачэннямі сэрца. Частата П. залежыць ад полу, узросту чалавека (жывёлы), масы цела, эмацыянальнага стану, фіз. нагрузкі, т-ры цела і навакольнага асяроддзя. Напр., у слана (маса 3000 кг) частата П. каля 25 удараў за мінуту, у землярыйкі (маса 3 г) — болей за 600. У дарослага чалавека частата П. ў сярэднім 70—80 удараў за мінуту, пры фіз. нагрузцы — 150—200. Памяншэнне частаты П. ніжэй за норму наз. брадыкардыяй, пачашчэнне — тахікардыяй. Брадыкардыя — абавязковая фізіял. рэакцыя сэрца ў жывёл, што ныраюць (напр., у некат. цюленяў пры ныранні частата П. памяншаецца ад 140 да 10 удараў за мінуту). Акрамя сярэдняй частаты П. адзначаецца шэраг інш. характарыстык: рытмічнасць, напаўненне і інш.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)