КІНАМАСТА́ЦТВА кіно,

від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш. тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл. Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл. Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт. Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.

Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл. Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав. рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав. рэж. Дз.Вертава, амер. рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав. рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ. дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ. рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв. дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав. дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).

З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав. дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.

Літ.:

Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Актуальные проблемы киноискусства. М., 1977;

Жанры кино. М., 1979;

Смаль В.И. Сквозь призму десятилетий. Мн., 1980.

Л.М.Зайцава, Г.У.Шур (неігравое кіно).

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс. км². Нас. 950 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г. Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.

Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс. н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняў б.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Разіна (1670—71) і Е.Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс. чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.

У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт. вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.

Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн. шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).

Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сць сінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс. т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч. прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс. га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс. га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс. т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс. т, мяса — 59,8 тыс. т, яец — 244,9 млн. шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс. км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.

Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.Дарафееў, Ф.Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.Безбародава, Ф.Бяздольнага, А.Дарагойчанкі, Дз.Марскога, Ф.Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял. Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.Ларыёнава, М.Кяшкіна, М.Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.Вячканава, І.Дзевіна і інш. Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.Ацяніна, А.Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.Малькіна, П.Таропкіна, А.Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.Косава (перакладчыкі М.Калачынскі, У.Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.Калінкін).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.А.Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.І.Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.А.Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.В.Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.А.Панкоў, А.А.Радыёнаў, І.І.Сядзельнікаў, В.Дз.Хрымаў, партрэта — У.Дз.Ілюхін, Я.А.Наздрын, пейзажа — В.А.Бядноў, А.А.Мухін, В.А.Петрашоў, скульптуры — М.М.Абухаў, графікі — А.І.Каровін, М.С.Макушкін, Л.С.Трамбачэўская-Шаніна. Традыц. нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб. стараж. нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.Сярова, Б.Трошын, М.Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.Воінаў, Г.Сураеў-Каралёў, Г.Удовін, Н.Кошалева, М.Міцін; дырыжор М.Фралоўскі; спевакі Р.Бяспалава, М.Антонава, А.Кулікова, В.Кіушкін, Дз.Ерамееў, І.Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-р муз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі нар. тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.Аржадзеева, В.Далгоў, Н.Іваноў, С.Калганаў, І.Кудзелькіна, Г.Мялехін і інш.

Літ.:

История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;

Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;

Бояркин Н.И. Мордовское народное музыкальное искусство. Саранск, 1983;

Яго ж. Становление мордовской профессиональной музыки. Саранск, 1986;

Памятники мордовского народного музыкального искусства. Т. 1. Саранск, 1981.

Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Мардовія. Мардоўскі запаведнік.
Да арт. Мардовія. Рака Сура.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАЗНА́ЎСТВА,

галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.

К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССР дарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш. Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедаеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.

У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».

Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял. Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АН БССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.

Е.Л.Бондарава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс. км². Нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г. Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.

Прырода. Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш. Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн. м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.

Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл. Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс. н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.

У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40 зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял. Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс. м² піламатэрыялаў, 242 тыс. т цэлюлозы, 552 тыс. т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн. т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд. кВт·гадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш. трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс. га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс. т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс. км, аўтадарог 13,4 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс. км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж. ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс. км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).

Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.Хело (Т.Гутары), М.Рутанен, І.Кутасаў], драмы [Р.Руска (Нюстрэм)], рамана (О.Іагансан), аповесці (В.Чэхаў), нарыса і апавядання (С.Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш. Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.Сіманенкава, В.Сергіна, Ю.Лінніка, проза П.Перту, Сцяпанава, драматургія П.Барыскова, А.Лванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.Ніканава, У.Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.

Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.Коласа, В.Быкава (перакладчык У.Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.Хійры і інш. у перакладах Я.Лапаткі, У.Правасуда, Я.Сіпакова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.С.Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус. муз.-драм. т-р К. ў Петразаводску, арх. С.Бродскі і інш., скульпт. С.Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес. выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г. найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.Аўдышава, Б.Паморцаў, С.Юнтунен), партрэт (Г.Стронк, Ф.Ніемінен), нацюрморт (Л.Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.Ланкінены, Э.Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.

Музыка. Адзін з найб. стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес. муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.Вавілаў, Л.Вішкароў, А.Голанд, Р.Зялінскі, П.Казінскі, В.Канчакоў, В.Кошалеў, Б.Напрэеў, Э.Патлаенка, Р.Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.Гудкоў. У К. працуюць: Муз. т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус. т-р (Нац. т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз. рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-р рус. драмы, у 1932 — фін. драм. т-р (заснавальнік Р.Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л. фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм. т-р Карэліі, Рус. драм. т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.Томберг, Д.Карпава, Т.Ланкінен, Т.Ромпайнен, В.Суні, В.Тамашэўская, С.Туарыла, В.Фінагеева, Ю.Хумпі, П.Чаплыгін, А.Шыбуева.

Літ.:

Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;

Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;

Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;

Орфинский В.П. Деревянное зодчество Карелии. Л., 1972;

Православные храмы Карелии. М., 1998;

Музыкальное искусство Карелии: Сб. науч. тр. Л., 1983.

С.І.Сідор (прырода, гаспадарка).

Да арт. Карэлія. Востраў у Белым моры.
Да арт. Карэлія. Рака Поньгама.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАО́С (Lao),

Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс. км². Нас. 5,1 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г. В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.

Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на Упаўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп. т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.

Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс. ж., 1995). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.

Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл. Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).

Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл. Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац. паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л.чл. ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.

Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.

Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн. га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн. т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн. гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс. т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс. т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс. кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн. кВтгадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сць буд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн. прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс. км. Аўтадарог 27,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс. км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн. дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал. гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс. чал., у т. л. 100 тыс. чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс. чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс. чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.

Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд. л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц. фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач. н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс. н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».

Літ.:

Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;

Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;

Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лаоса.
Да арт. Лаос. Даліна р. Меконг.
Да арт. Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.
Да арт. Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.
Да арт. Лаос Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.

т. 9, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія аш-Шаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км². Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на УЛівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л.рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар.араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л.чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВтгадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ (Mali),

Рэспубліка Малі (République du Mali), дзяржава ва ўнутр. частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на З з Сенегалам, на Пн з Маўрытаніяй і Алжырам, на У з Нігерам, на ПдУ з Буркіна-Фасо, на Пд з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй. Пл. 1,22 млн. км². Нас. 11,8 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бамако. Падзяляецца на 8 абласцей і адм. раён (дыстрыкт) Бамако.

Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная рэферэндумам у 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нар. сходу са 129 дэпутатаў, 116 з якіх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах (13 мандатаў рэзервуюцца для малійцаў, што знаходзяцца за межамі краіны). Парламент выбіраецца на 3 гады. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная (выш. 200—500 м). На Пн — частка пустыні Сахара (больш за 30 % тэр. М.), па верхнім цячэнні р. Нігер — алювіяльная раўніна. На 3, Пд і У раўнінная тэр. краіны акаймавана невысокімі горнымі масівамі. Найвыш. пункт — г. Хамбары-Тандо (1155 м). На ПнУ стараж. плато Адрар-Іфарас выш. да 853 м. Карысныя выкапні: фасфарыты, жал., уранавыя, алюмініевыя, літыевыя, медныя і поліметал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, ападкаў 50—200 мм за год, дажджлівы перыяд менш за 3 месяцы, сярэдняя т-ра студз. 20—22 °C, ліп. 32—35 °C; на Пд клімат экватарыяльных мусонаў, ападкаў 500—1000 мм (на крайнім Пд — 1500 мм), дажджлівы перыяд 3—5 месяцаў, сярэдняя т-ра студз. 22—23 °C, ліп. 26—27 °C. Пастаянныя рэкі толькі на Пд, галоўныя — Нігер, Сенегал і іх прытокі; на асобных участках суднаходныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Расліннасць мае шыротную занальнасць. У пустыні і паўпустыні расліннае покрыва вельмі рэдкае: злакі, эфемеры, салянкі, тамарыксы і акацыі. У саванне суцэльнае травяное покрыва, дрэвы — баабаб, сейба, пальмы. На крайнім Пд высакатраўная саванна з галерэйнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 6 % тэрыторыі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопы, газелі, гепарды, шакалы, леапарды, гіены, жырафы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Букль-дзю-Баўле, 5 запаведнікаў. Прыродны запаведнік скала Бандыягары («Зямля дагонаў») уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Палавіну насельніцтва, складаюць народы моўнай сям’і мандэ (бамбара, малінке, санінке), жывуць на З і ў цэнтр. ч. краіны. Есць народы бантоідных моўных груп (фульбе, валоф, мосі, сенуфа), на Пн і ПнУ — туарэгі і маўры. Невял. колькасць еўрапейцаў, пераважна французаў. 90% насельніцтва вызнае іслам, 9% — традыц. вераванні (на Пд), 1 % — хрысціянства (у гарадах). Сярэднегадавы прырост 3,18% (1997). Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км², на Пд да 30—50 чал. на 1 км². На Пн амаль усё насельніцтва качавое і паўкачавое, шчыльн. каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найб. гарады (1995, тыс. ж.): Бамако—919, Сегу—99, Мопты—78. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 1%, У абслуговых галінах — 19%.

Гісторыя. Стараж. гісторыя М. вывучана слаба. З 3-га тыс. да н.э. развівалася земляробства. У сярэднія вякі на тэр. сучаснага М. існавалі дзярж. ўтварэнні Гана (3—13 ст.), Малі (8—17 ст.), Сангаі (15—16 ст.); пануючай рэлігіяй стаў іслам. Дзяржава Сангаі пасля разгрому яе ў 1591 мараканскімі войскамі распалася на шэраг дробных княстваў, якія ў 3-й чвэрці 19 ст. ўвайшлі ў склад дзяржавы тукулераў Хадж Амара, а ў канцы 19 ст. заваяваны Францыяй. У 1890 б. ч. тэр. М. аб’яднана ў калонію Франц. Судан (у 1899 скасавана, у 1920 адноўлена), з 1895 — у складзе Франц. Зах. Афрыкі. З 1945 М. — «заморская тэр.» Францыі. У 1946 у М. заснавана паліт. партыя Суданскі саюз на чале з М.Кейтам (з 1959 адзіная партыя ў краіне), якая ўзначаліла нац.-вызв. рух. З 28.9.1958 М. пад назвай Суданская Рэспубліка — аўт. дзяржава ў складзе Франц. супольнасці. У крас. 1959 М. аб’ядналася з Сенегалам у Федэрацыю М., якая 20.6.1960 абвясціла сваю незалежнасць. У жн. 1960 федэрацыя распалася.

22.9.1960 абвешчана Рэспубліка М. Выбраны прэзідэнтам Кейта пачаў ажыццяўляць курс на некапіталіст. развіццё краіны. У 1967 ва ўмовах эканам. крызісу Кейта стварыў Нац. к-т абароны рэвалюцыі, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу (парламент быў распушчаны). У выніку ваен. перавароту (ліст. 1968) да ўлады прыйшоў Ваен. к-т нац. вызвалення на чале з М.Траарэ. У 1974 прынята новая канстытуцыя, якая ўстанавіла аднапарт. рэжым. У 1979 створана кіруючая і адзіная ў краіне партыя Дэмакр. саюз малійскага народа, адбыліся прэзідэнцкія (выбраны Траарэ) і парламенцкія выбары. У 1990 у М. пачаўся шырокі дэмакр. рух супраць аўтарытарнага рэжыму Траарэ. Пасля масавых дэманстрацый прыхільнікаў дэмакратыі 26.3.1991 Траарэ скінуты і ўлада перайшла да Савета нац. згоды на чале з А.Т.Турэ; распушчаны парламент і Дэмакр. саюз малійскага народа, уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя М., якая абвясціла прынцып падзелу ўлад. На выбарах у парламент у студз.лют. 1992 перамог Альянс за дэмакратыю ў М. (АДЭМА), яго лідэр А.У.Канарэ ў крас. 1992 выбраны прэзідэнтам краіны. Акрамя АДЭМА у М. дзейнічаюць Нац. к-т дэмакр. ініцыятывы, Суданскі саюз — Афр. дэмакр. аб’яднанне, Малійская партыя за развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і прагрэс і інш. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны чл. Еўрап. эканам. супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 3.11.1993.

Гаспадарка. М. — адна з найбяднейшых краін свету. Штогадовы даход на 1 чал. каля 280 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы ствараецца 49% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 17%. Эканоміка адрозніваецца шматукладнасцю: натуральныя і паўнатуральныя дробнатаварныя сял. гаспадаркі, прыватны і замежны капітал, дзярж. сектар. Сялянскае землеўладанне дробнае (каля 0,5 га на душу). Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,5 млн. га, пад пашу выкарыстоўваюць каля 110 млн. га зямель у саваннах, паўпустынях і пустынях. У земляробстве пераважае аблогавая сістэма. Арашаецца 78 тыс. га (1993). Пад збожжавымі (проса, сорга, рыс, кукуруза) 85% пасяўных плошчаў, пад бавоўнай 7%, пад арахісам 5%. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, кенаф, з харчовых — ямс, батат, маніёк. Асн. раён земляробства ў цэнтры і на ПдЗ — у далінах Нігера і прытокаў Сенегала, асабліва ва ўнутр. дэльце Нігера ў раёне г. Мопты. Садоўніцтва (ананасы, манга, папайя, гуаява, цытрусавыя) і агародніцтва (памідоры, перац, капуста, морква) на арашальных землях. Збор збожжа ад 0,9 млн. т у засушлівыя гады да 1,5 млн. т ва ўраджайныя. Жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пераважае качавая, паўкачавая і адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — больш за 5, авечак і коз — больш за 11, аслоў — больш за 0,4, вярблюдаў — каля 0,2, коней — каля 0,2. Рыбалоўства ў Нігеры і інш. рэках, каля 100 тыс. т штогод. Збіральніцтва дзікарослых пладоў (найб. арэхаў карытэ). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы харчовай і звязанай з ёй вытв-сці: рысаачышчальная, па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення, цукр., чайная, кандытарская, мукамольная, мясная, малочная, кансервавая, піваварная. Ёсць прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, тэкст. камбінат у Бамако, з-д мешкатары ў Сане, гарбарна-абутковая ф-ка ў Бамако, цыгарэтная і запалкавая ф-кі (Бамако), цэм. з-д (Дыяму), керамічны з-д (Джыкарані); наладжана вытв-сць кіслароду, ацэтылену, фармацэўтычных і парфумерных вырабаў (Бамако). Ёсць невял. прадпрыемствы электрамех. і металаапр. прам-сці, па зборцы веласіпедаў, вырабе с.-г. інвентару, ф-ка транзістарных прыёмнікаў і магнітафонаў (Бамако). Вытв-сць электраэнергіі 290 млн. кВт гадз (1995). Электрастанцыі працуюць пераважна на імпартным паліве, найб. ЦЭС у Бамако, ёсць невял. ГЭС. Горназдабыўная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, фасфарытаў, каменнай солі, вапняку, мармуру. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны. У М. 14,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 1,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Адзіная чыгунка (641 км) звязвае Бамако з портам Дакар (Сенегал). Суднаходства па р. Нігер. У краіне 24 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Бамако. У 1994 экспарт склаў 320 млн. дол., імпарт — 422 млн. долараў. У экспарце пераважаюць бавоўна, жывёла, золата, арахіс, рыба, у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва, тэкст. вырабы. Гал. гандл. партнёры: Францыя і інш. краіны ЕЭС, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк КФА (Афрыканскай фін. садружнасці).

Літаратура. Вусная нар. творчасць народаў М. (бамбара, малінке, фульбе, сенуфа) прадстаўлена міфамі, гераічным эпасам, казкамі і песнямі. Пасля пашырэння ісламу (з 11 ст.) узнікла л-ра на араб. мове, якая існавала да 19 ст. (гіст. хронікі Махмуда Каці, 16 ст.; ас-Садзі, 17 ст.), была пашырана рэліг. л-ра. Да канца 1960-х г. мовы народаў М. не мелі пісьменства (акрамя фульбе). Першы твор на мове бамбара — паэт. зб. «Песні грыёта» Ж.Б.Сісако (1977). Сучасная л-ра М. развіваецца пераважна на франц. мове. У 1930—40-я г. з’явіліся першыя апрацоўкі нар. легенд. У 1950-я г. л-ра развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху (гіст. раманы І.М.Уана, грамадз. творы С.Бадыяна, С.Дэмбеле). Пасля атрымання незалежнасці (1960) творчасць Ф.Д.Сісако, І.Б.Траарэ, С.Дыяра прасякнута пафасам антыкалан. барацьбы. У прозе 1970-х г. побач з асв. тэндэнцыямі (М.Галаго, Я.Сангарэ) характэрна выкарыстанне фалькл. матываў (А.А.Ба). З канца 1970-х г. асн. літ.

жанрам стаў сац. раман (М.М.Дыябатэ, М.Канатэ, І.Лі і інш.). Для Драматургіі характэрны паліт. накіраванасць і публіцыстычнасць (п’есы А.Кабы, Г.Дыявары). Паэзія вызначаецца грамадзянскасцю і лірызмам (Галаго, Дыявара, А.Кунта). Вядомасць атрымалі літ. апрацоўкі вуснай нар. творчасці М.Сідыбэ, І.Траарэ.

Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі культуры М. адносяцца да эпохі неаліту (наскальныя размалёўкі ў Бандыягары; малюнкі са сцэнамі палявання, вайны, танцаў у гротах у раёне Бамако, менгіры ў Тандыдару каля Ніяфунке, гліняныя і каменныя фігуркі ў раёне Мопці). У вёсках здаўна будуюць хаціны з сумесі гліны і саломы (банка), пераважна круглыя ў плане, на каркасе з жэрдак, без акон, з нізка навіслым саламяным дахам. У гарадах жытлы часцей прамавугольныя, з перакрыццем з бамбуку, цыновак і лісця. У горных раёнах у народа дагон вёскі ўмацаваныя, жытлы прамавугольныя, з плоскімі дахамі, свяцілішчы з вежачкамі па вуглах. На Пн качэўнікі жывуць у палатках і круглых хацінах з цыновак ці скур. У дзяржавах, што існавалі на тэр. М. ў 11—16 ст., развівалася горадабудаўніцтва; гарады Ніяні, Гао, Тамбукту, Джэне і інш. з няправільнай сеткай вуліц, умацаваныя сценамі, забудоўваліся грамадскімі будынкамі (палац у Тамбукту, 14 ст., арх. Эс-Сахелі), мячэцямі з верт. цягамі на сценах і характэрнымі канічнымі мінарэтамі (у Джэне). Жылыя дамы з гліны ці банка, пераважна прамавугольныя ў плане, плоскія земляныя пакрыцці насцілаюцца на бэльках, сцены ўмацаваны Магутнымі верт. цягамі ці падзелены на кесоны, што ўтвараюць знешні каркас будынка, фасады завершаны закругленымі зубцамі ці мініяцюрнымі вежачкамі. З прыходам каланізатараў у гарадах пачалі будаваць на еўрап. ўзор (саборы, адм. будынкі, асабнякі), а таксама глінабітныя жытлы-баракі з драўлянымі жалюзі. З 1950-х г. у будаўніцтве выкарыстоўваюць жалезабетон, пластыкі і інш. З маст. рамёстваў у М. здаўна развіта разьба, якой аздабляюць рэчы з дрэва (табурэткі, дзверы, талеркі, грабяні), вырэзваюць рытуальныя маскі, фігуркі людзей, жывёл. Пашырана ліццё з медзі, выраб рэчаў са скуры змей і кракадзілаў (сумкі, рамяні), шкур пантэр і леапардаў, керамічнага посуду; тканін з геам. арнаментам. З 1960-х г. фарміруецца прафес. мастацтва (жывапісец Б.Кейта). Старыя ч. гарадоў Джэне і Тамбукту ўнесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).

Герб і сцяг Малі.
Да арт. Малі. Тыповае вясковае жыллё.
Да арт. Малі. Рака Нігер каля г. Сегу.
Да арт. Малі. Папайя — адна з пашыраных трапічных культур.
Да арт. Малі. Горад Тамбукту.
Да арт. Малі. Мячэць у г. Джэне.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн. ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс. км². Нас. 1438,8 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.

Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас. Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс. га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Па адм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.

Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны па тэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс. га с.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.

Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс. км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.

Л.В.Казлоўская.

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАІ́ЦІ (Haïti),

Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,9 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс. ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс. ж., Ганаіў — 63 тыс. ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.

Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр. з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш. с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.

Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах. ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх. ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыя Амер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіці — чл. ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер. эканам. супольнасці. Найб. паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.

І.В.Загарэц (гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),

Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн. ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс. км². Нас. 272,55 тыс. чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г. Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.

Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.

Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс. ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс. чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл. Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв. царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст. эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.

1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш. еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс. дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн. т. Ловяць пераважна мойву (​1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд. кВт гадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс. кВт гадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сць буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс. т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс. км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал. трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер. ваен. база. Экспарт (1,6 млрд. дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд. дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс. дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.

Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадлырымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн. літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Хансс П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.

Літ.:

Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;

Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;

Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;

Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;

Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.

Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Ісландыі.
Да арт. Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.
Да арт. Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.

т. 7, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)