ЛЯЎДА́НСКІ Уладзімір Аляксандравіч (7.2.1911, в. Гудавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1973),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). З 1930 працаваў у выд-вах. У 1949—63 і з 1969 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у 1963—69 дырэктар выд-ва «Народная асвета». Друкаваўся з 1938. Аўтар кн. апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). На бел. мову пераклаў раман Э.​Сінклера «No pasaran!: (Яны не пройдуць)», аповесць А.​Талстога «Хлеб», раманы «Пастка» Э.​Заля, «Коннік без галавы» М.​Рыда, зб-кі апавяданняў Л.​Талстога, І.​Тургенева, М.​Салтыкова-Шчадрына, аповесць С.​Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» і інш.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕВА Вольга Мікалаеўна (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Крыўляка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКА-ШЧАКАТАЎСКА́Я АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. атрадаў імя Кірава (камандзір У.​П.​Яромаў), Мазырскага (А.​Л.​Жыльскі), укр. партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, асобнага атрада імя В.​Бажэнкі (М.​А.​Рудзіч) па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Нароўля, вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага р-на ў ноч на 30.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Нараўлянскі гарнізон (каля 130 гітлераўцаў) быў умацаваны бліндажамі і дзотамі, узброены 10 кулямётамі і 3 мінамётамі і інш. Партызаны атрадаў імя Кірава і імя Бажэнкі перакрылі дарогу на Нароўлю, захапілі мост цераз р. Нараўлянка, акружылі і да раніцы знішчылі гарнізон. Партызаны Мазырскага атрада і злучэння Сабурава атакавалі гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада і за гадзіну бою знішчылі гэтыя гарнізоны.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,

бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял. Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк. арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.​З.​Ізоха і нач. штаба М.​А.​Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАСМАНАШВІ́ЛІ, Пірасмані,

Ніко (Мікалай Асланавіч; 1862?, с. Мірзаані, Грузія — 5.5?.1918), грузінскі мастак-самавук, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Працаваў у Тбілісі. Маляваў самаробнымі фарбамі на кляёнцы і блясе шыльды для сталовых-духанаў і забаўляльных устаноў і карціны на тэмы нар. жыцця, пейзажы, нацюрморты, выявы жывёл. Творы вызначаюцца насычаным глыбокім каларытам, кантрастнымі спалучэннямі халодных сіне-чорных і цёплых светлых колеравых плям, пластычнай завершанасцю форм, спалучэннем унутр. драматызму са знешнім спакоем персанажаў: «Дворнік» (1904), «Мядзведзь у месячную ноч» (1905), «Нацюрморт» (1910—12), «Лань» (1916), «Прадавец дроў», «Гулянка трох князёў», «Кампанія Бего», «Рыбак сярод скал» і інш. На радзіме П. адкрыты яго Дом-музей.

Літ.:

Зданевич К.М. Нико Пиросманашвили. М., 1964;

Нико Пиросманашвили: [Альбом] М., 1967;

Кузнецов Э. Пиросмани. Л., 1984.

Я.​Ф.​Шунейка.

Н.Пірасманашвілі. Гулянка трох князёў.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБУ́ШКА Людміла Іванаўна (н. 15.6.1951, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1969), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, з 1970 у Бел. дзярж. муз. т-ры (з 1970 салістка балета, з 1990 заг. літ. часткі). У рэпертуары класічныя і характарныя партыі: Аўрора і танец Фіялкі ў класічных дывертысментах («Халопка» М.​Стрэльнікава, «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), вальс і полька («Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі), румба («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Паненка («Паненка і хуліган» Дз.​Шастаковіча), Ева, вальс («Ноч у Венецыі», «Лятучая мыш» І.​Штрауса), усх. танец («Фраскіта» Ф.​Легара), Марго («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Балерына («Стойкі алавяны салдацік» С.​Баневіча) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУНГУ́СКІ МЕТЭАРЫ́Т,

касмічнае цела, выбух якога адбыўся 30.6.1908 у басейне р. Падкаменная Тунгуска. Паводле тэарэт. ацэнак меў масу 1 млн. т і рухаўся са скорасцю 60 км/с. Палёт вогненнага шара (баліда) назіраўся з адлегласці 1500 км, выбух быў чуцен на 1200 км ад месца катастрофы. Паветраная і сейсмічная хвалі, а таксама ўзбурэнні магн. поля Зямлі зарэгістраваны ў розных месцах зямнога шара. У ноч пасля падзення Т.м. на вял. тэр. Еўропы і Азіі небасхіл быў такі светлы, што на ім не было відаць зорак. На плошчы каля 2000 км², спустошанай ударнай хваляй, не было знойдзена метэарытных асколкаў. Найб. абгрунтавана меркаванне: тунгуская катастрофа — вынік сутыкнення з Зямлёй невял. каметы, ядро якой зведала надземны цеплавы выбух, а рэчыва хваста абумовіла свячэнне неба на вял. тэрыторыі.

т. 16, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́БІНСКІ (Švabinský) Макс (17.9.1873, г. Кромержыж, Чэхія — 10.2.1962),

чэшскі мастак. Нар. маст. Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Пражскай АМ (1891—98). Працаваў пераважна ў графіцы, а таксама ў станковым жывапісе і манум.-дэкар. мастацтве. Зазнаў уплыў сімвалізму, але ў цэлым захоўваў рамант. пафас. У творах выяўляў пышную квітнеючую прыроду, населеную рэальнымі або казачнымі, алегарычнымі персанажамі. Аўтар вітражоў «Сашэсце Св. Духа» і «Страшны суд» у саборы св. Віта ў Празе, графічных партрэтаў Я.​Неруды (1901), М.​Алеша (1908), І.​Манеса (1917), Ю.​Фучыка (1950), цыкла «Райская саната» (1916—20), станковых кампазіцый «Летняя ноч» (1911), «Жніво» (1927), «Паэт і муза» (1932), жывапісных палотнаў «Зліццё душ» (1896), «Жоўты парасон» (1908—09), іл. да кніг. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1952. Іл. гл. да арт. Чэхія.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́Р’ЕВАЙ НО́ЧЫ ПАЎСТА́ННЕ,

сялянскае паўстанне ў Эстоніі ў 1343—45 супраць ням. і дацкіх феадалаў. Выклікана ўзмацненнем феад. і нац. ўціску. Пачалося ў ноч на 23.4.1343 (Юр’еў дзень, вясновы) на зямлі Хар’юмаа. Паўстанцы (каля 10 тыс. чал.) на чале з 4 выбранымі правадырамі аблажылі г. Рэвель (Талін), а сяляне зямлі Ляэнемаа акружылі рэзідэнцыю біскупа ў г. Хаапсала. Біскупскія і дацкія войскі былі разбіты. Феадалы папрасілі дапамогі ў Лівонскага ордэна. 5.5.1343 магістр ордэна запрасіў на перагаворы правадыроў паўстання ў г. Пайдэ, дзе іх забілі. Войскі ордэна разбілі атрады сялян 14 мая пад Рэвелем. 24 ліп. пачалося паўстанне і на в-ве Саарэмаа. У канцы 1343 аб’яднаныя сілы Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў задушылі паўстанне на мацерыку, а вясной 1345 — на востраве.

т. 18, кн. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАЙДУ́ЛІНА Соф’я Асгатаўна (н. 24.10.1931, г. Чыстапаль, Татарстан),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыла Казанскую (1954) і Маскоўскую (1959) кансерваторыі. Вучаніца М.​Пяйко і В.​Шабаліна (кампазіцыя). У творчасці, якая сінтэзуе муз. традыцыі Захаду і Усходу, выкарыстоўвае сучасныя сродкі муз. выразнасці, у т. л. тэмбравай (нетрадыцыйныя інстр. склады).

Сярод твораў: балет «Бягучая па хвалях» паводле А.​Грына (1963), кантаты «Ноч у Мемфісе» (1968), «Рубаят» (1969), «Perception» (1983), «Прысвячэнне Марыне Цвятаевай» (1984), «Алілуя» (1990); 1-часткавыя творы для вял. сімф. аркестра «Час душы» (з мецца-сапрана, 1976), «Offertorium» (1980); сімфонія «Чую... Змоўкла...» (1986); канцэрты для саліруючых інструментаў з камерна-інстр. складамі; камерна-інстр. творы для нетрадыцыйных складаў; сольныя інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. З пач. 1990-х г. жыве ў Германіі.

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)